На кіроўцу вайсковага цягача, які наехаў на цывільнае аўто, завялі крымінальную справу.

Следства высветліць, ці быў вінаваты вайсковец тэрміновай службы ў ДТЗ, у выніку якога загінуў 17-гадовы кіроўца джыпа.

Баранавіцкая міжгарнізонная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да вайскоўца тэрміновай службы адной з Навагрудскіх вайсковых часцей паводле ч. 2 арт. 464 КК РБ (парушэнне правілаў кіравання або эксплуатацыі машын, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

ДТЗ здарылася 28 мая на лясной дарозе каля в. Палонка. Калона вайсковай тэхнікі без суправаджэння рухалася з Абуз-Лясноўскага палігону ў бок месца дыслакацыі — у Навагрудак. Паводле папярэдніх дадзеных, цягач МТЛБу, які ехаў другім і якім кіраваў 20-гадовы шараговец тэрміновай службы адной з Навагрудскіх вайсковых часцей, сутыкнуўся з джыпам «Хундай». У выніку 17-гадовы кіроўца аўто ад атрыманых пашкоджанняў загінуў у Баранавіцкай гарадской бальніцы. Сведкі інцыдэнту далі розныя паказанні, таму следству трэба высветліць — рухаўся джып насустрач калоне вайсковай тэхнікі, ці стаяў на ўзбочыне, прапускаючы калону. У джыпе знаходзіліся таксама дзве выпускніцы Палонкаўскай сярэдняй школы, якія трапілі ў бальніцу з траўмамі. Адна з іх ужо знаходзіцца дома, другая — у аддзяленні траўматалогіі.

Паводле «Intex-press»

.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0