фота - Андрэй Лянкевіч

фота - Андрэй Лянкевіч

Крэатыўнасць у чалавека ў крыві, талент або ёсць, або, на жаль, няма, але дзеля справедлівасці варта дадаць, што нават сяму-таму звышталенавітаму пачаткоўцу ёсць чаму павучыцца ў прафесіяналаў. Уладальнікі творчых прафесіяў: кінасцэнарысты, акторы, тэлевядоўцы, літаратары і рэкламнікі, пададуць на нашым сайце свае 10 залатых правілаў, якіх яны трымаюцца і якімі кіруюцца ў сваім рамястве. Першым запрашае зазірнуць па той бок рампы драматург і кінасцэнарыст Андрэй Курэйчык.

1. Па‑першае, сцэнарыст павінны адказаць сабе на галоўнае пытанне: чым драматургія адрозніваецца ад усіх астатніх відаў літаратуры. Толькі ўсвядоміўшы адметную прыроду драматургіі, можна прыступацца да напісання сцэнару або п’есы.

2. Ніколі не спыняцца ў дасканаленні свайго сцэнару. Сцэнар ніколі не бывае дастаткова добры. У кіно ёсць нязменнае правіла: «Кіно нельга зняць лепей за сам сцэнар». А вось горш — лёгка…

3. Сцэнарыст павінны быць гатовым да супольнае працы. Найперш, з рэжысёрам і прадусарам. Да таго ж, роль сцэнарыста ў камандзе — не лідэра, а інтэлектуальнага цэнтру.

4. Быць цярплівым. Цыкл кінавытворчасці надта доўгі: ад году да пяці. У гэтых умовах сцэнарысту ўвесь час даводзіцца працаваць над тым самым сцэнаром.

5. Дасканала ведаць тэхналогію стварэння кіно. Сцэнар — не толькі твор мастацтва, але тэхзаданне для ўсіх цэхаў: мастакоў, аператараў, асвятляльнікаў, касцюмераў, аддзелу маркетынгу і г.д.

6. Быць назіральным. У адрозненні ад тэатру, кіно не трывае ўмоўнасцяў. У сцэнары ўсё павінна мець повязь з рэальным жыццём.

7. Кіно — жанравае мастацтва. Адно разумеючы прыроду кінажанраў, можна дасягнуць поспеху.

8. Быць гатовым да расчараванняў: адно крыхотны працэнт сцэнароў даходзіць да рэалізацыі. Да таго ж, часцяком, даходзіць зусім не ў тым выглядзе, у які яго напісалі.

9. Вучыцца. Сусветны кінематограф дае невычэрпныя магчымасці да пазнання гэтага мастацтва. Глядзець і аналізаваць кіно — частка прафесіі сцэнарыста.

10. Кожны твой наступны сцэнар мусіць быць лепшы за папярэдні. Адна параза — і цябе больш няма ў гэтай прафесіі.

Андрэй Курэйчык — драматург, кінасцэнарыст і актор. Аўтар п’есаў «П’емонцкі звер» і «Понцій Пілат», што былі пастаўленыя ў Тэатры беларускай драматургіі і Купалаўскім тэатры. Сцэнар да камедыі «Любошчы‑мілошчы» («Любовь‑морковь») з Гошам Куцэнкам і Крысцінай Арбакайтэ, прынёс Курэйчыку лаўры аднага з самых паспяховых сцэнарыстаў расейскага кіно за 2008 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?