Загінула знакамітая беларуская велагоншчыца Зінаіда Стагурская
У Віцебскай вобласці на трэніроўцы.
У Віцебскай вобласці на трэніроўцы загінула 38-гадовая беларуская велагоншчыца Зінаіда Стагурская.
Як паведамілі БелаПАН у ДАІ МУС, ДТЗ адбылося 25 чэрвеня ў 13.45 на 93-м кіламетры аўтадарогі мяжа Расійскай Федэрацыі — Віцебск — Гомель, дзе спартсменка праводзіла трэніроўку. Аўтамабіль "Хонда ЦР-В" з расійскімі нумарамі, якім кіравала жыхарка Санкт-Пецярбурга 1967 года нараджэння, рухаючыся ў бок Оршы, пачаў перамяшчацца на паласу сустрэчнага руху, не змяняючы хуткасці.
Па сустрэчнай паласе на аўтамабілі "ВАЗ-2104" ехаў трэнер, а за ім на адлегласці 10 метраў Зінаіда Стагурская. Аўтамабілі размінуліся, а веласіпедыстка трапіла пад колы "Хонды", якая затым з`ехала ў кювет. Ад атрыманых траўмаў спартсменка памерла на месцы,
а вадзіцель дастаўлена ў рэанімацыю Віцебскай абласной клінічнай бальніцы.
Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі "глыбока смуткуе з нагоды трагічнай гібелі заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь, чэмпіёнкі свету 2000 года, пераможцы агульнага заліку жаночай мнагаднеўкі Tour de France у 2002 годзе, чэмпіёнкі і прызёра найбуйнейшых міжнародных спаборніцтваў па веласпорце Стагурскай Зінаіды Уладзіміраўны і выказвае глыбокае спачуванне сваякам нябожчыцы".
"Гэта вялікая трагедыя, — заявіў БелаПАН міністр спорту і турызму Аляксандр Грыгараў. — Гэта трагічная выпадковасць, якая забрала жыццё адной з найбольш яркіх зорак беларускага веласпорту і лепшай прадстаўніцы краіны ў шашэйных гонках".
Каментары