Праграміст Алег Азароўскі — з ліку людзей, якія застаюцца «за кадрам». Стварыўшы самастойна беларуска‑расійска‑беларускі кампутарны перакладнік «Белазар», над якім сядзеў бы крукам цэлы даследчы інстытут, ён не атрымаў вялікай вядомасці. З’яўленне сёлета новай версіі «Белазару» — добрая нагода для гутаркі.

«Наша Ніва»: Алег, вашая праграма дапамагае ўзбагаціць слоўнікавы запас. Ці атрымлівалі Вы самі карысць ад распрацоўкі ў часе свайго навучання?

Алег Азароўскі: Я пачаў распрацоўку «Белазару» ўжо пасля заканчэння навучання на факультэце прыкладной матэматыкі БДУ. А вось беларускую і расійскую мовы я вывучаў толькі ў школе. Таму давялося асвяжыць веды — праштудыяваць дапаможнікі па лінгвістыцы.

«НН»: Вялікую частку слоўнікавых баз дапоўнілі Вы самі. Можаце пахваліцца, што ведаеце ўсе занесеныя словы?

АА: Пазалетась я, мабыць, мог так сказаць. Цяпер ужо не. За апошнія два гады дададзена шмат тэрміналогіі з самых разнастайных галінаў ведаў: фізіка, медыцына… Таксама апрацавана некалькі перакладных слоўнікаў, што былі алічбаваныя аматарамі. Там сустракаюцца розныя састарэлыя ды абласныя словы, усе іх ведаць проста немагчыма.

«НН»: А асабіста Вы ў жыцці гаворыце на якой мове?

АА: У залежнасці ад атачэння. На працы і ў краме — звычайна па‑расійску, дома — і так, і так, з беларускамоўнымі знаёмымі — безумоўна, па‑беларуску. Я лічу, што ведаю абедзве мовы дастаткова добра, каб не мець праблемаў з хуткім пераходам з адной на другую.

«НН»: Як да Вашага праекту паставіліся родныя і сябры? Усё ж праграма вымагае шмат часу, але не прыносіць грошай.

АА: Мама ў мяне была настаўніцай беларускай мовы. Часам ёй даводзіцца адказваць на розныя мае хітрыя лінгвістычныя пытанні. Яна бачыла артыкулы ў прэсе пра мой перакладнік і, я ведаю, ганарыцца. Цяжэй за ўсё даводзіцца маёй каханай, бо на яе прыпадае большасць хатніх клопатаў. Я ёй вельмі ўдзячны за разуменне!

«НН»: Ці прапаноўвалі Вам дапамогу ў часе стварэння праграмы Таварыства беларускай мовы, Таварыства беларускай школы, Беларускі Народны Фронт, якія звычайна прапагандуюць мову і вітаюць яе шырокі ўжытак?

АА: Я маю кантакты з некаторымі сябрамі ТБМ. Яны дапамагалі ў працы як валанцёры, распаўсюджвалі «Белазар» на кампакт‑дысках у Мінску. Аднак цяпер праблема распаўсюду не вельмі актуальная: інтэрнэт ёсць амаль у кожнай хаце, і спампаваць праграму — справа некалькіх хвілін. «Белазар» таксама распаўсюджваецца на некаторых беларускіх зборках софту на кампакт‑дысках.

«НН»: Колькі людзей запампавала сабе праграму?

АА: Па маіх падліках за апошняе паўгоддзе «Белазар» пампуюць паўтары тысячы разоў на месяц. Апошнюю версію праграмы, якая выйшла ў пачатку траўня, загрузілі тры з паловай тысячы наведнікаў.

«НН»: Няўжо ўсё магчымае ў «Белазары» ўжо зроблена?

АА: Безумоўна, не! Спіс будучых дапрацовак для перакладніка займае восем старонак дробнага тэксту. Там ёсць, напрыклад, карэктны пераклад асабовых імёнаў, удасканаленне дапасавання прыназоўнікаў да назоўных групаў, кантэкстная памяць і шмат іншага. Аднак я хачу звярнуць вашую ўвагу на некаторыя тэндэнцыі ў інфармацыйных тэхналогіях. Па‑першае, платформы персанальных кампутараў і Windows у прыватнасці страчваюць сваё даміноўнае становішча. Паступова распаўсюджваюцца іншыя аперацыйныя сістэмы, з’яўляюцца іншыя кампутарныя прылады, якія могуць выйсці ў Сеціва. Па‑другое, усё часцей людзі замест традыцыйных кампутарных праграм пачынаюць карыстацца інтэрнэт‑сэрвісамі для штодзённай працы: набору тэкстаў, табліц, чытання пошты…

«НН»: Значыцца, і «Белазар» будзе выкарыстоўвацца перадусім у інтэрнэце?

АА: Лінгвістычныя праграмы рухаюцца гэтым шляхам — усе вядомыя ў гэтай галіне кампаніі займелі свае анлайн‑слоўнікі і сервісы перакладаў. Дзякуючы гэтаму наведнікі заўсёды карыстаюцца апошняй версіяй слоўніка, які не трэба пампаваць сабе і ўсталёўваць на кампутары. У дадатак, слоўнікам можна карыстацца з любой прылады, што мае выхад у інтэрнэт, — хоць з кішэннага кампутара, хоць са звычайнага мабільніка. Што датычыць традыцыйных перакладнікаў і слоўнікаў у выглядзе кампутарных праграм, дык яны застануцца, але, напэўна, будуць ссоўвацца ў бок прафесійнага выкарыстання, для людзей, што займаюцца перакладамі штодня і зарабляюць гэтым на жыццё. Здаецца, такі шлях сёння з’яўляецца аптымальным.

Ягор Марціновіч

***

Алег Азароўскі

35 год, матэматык‑сістэмны праграміст. Скончыў Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі (ФПМІ) БДУ ў 1995. Жыве ў Лідзе (Гродзенская вобласць).

Упершыню «Белазар» быў выкладзены ў інтэрнэце ў канцы 2002. Тады ж з’явіўся заклік да ахвотнікаў: дапамагайце! Трэба было павялічваць базу — фактычна пераводзіць слоўнікі ў фармат праграмы. Атрымаўшы заданне, валанцёры мусілі яго выканаць і даслаць вынікі сваёй працы Алегу Азароўскаму. Памер слоўніка разрастаўся імкліва. Прычым уся праца выконвалася не за грошы, а за ідэю. Цалкам бясплатнай праграма засталася і да сёння.

***

Перакладны слоўнік «Белазар» складае 110 тысяч беларускіх і 152 тысячы расійскіх слоўнікавых артыкулаў.

У назве праграмы захаваная частка прозвішча Алега Азароўскага: «БелАЗАР».

Перакладнік можна бясплатна спампаваць на сайце belazar.belinter.net

Выпусціўшы чарговую версію, Алег Азароўскі змясціў абвестку на галоўнай старонцы сайту: «Цяпер я планую прыпыніць на найбліжэйшы тэрмін распрацоўку перакладніка «Белазар».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0