Арганізатары канчаткова вызначыліся з датай рок-фестывалю. Ён пройдзе 22‑23 жніўня ва ўкраінскім Чарнігаве.

Раней паведамлялася, што фэст запланаваны на 8‑9 жніўня. Але высветлілася, што месца, дзе мелася ўсё адбыцца, у тыя дні будзе занятым.

Таму арганізатарам прыйшлося разглядаць іншыя варыянты, што вымусіла перанесці фэст на пазнейшы час.

Выступы пройдуць на беразе Дзясны на пляцоўцы паміж Гарадскім паркам культуры і адпачынку і гатэльным комплексам «Брянск».

Доўжыцца праграма ў абодва дні будзе прыкладна з 16 гадзін і да 22.00.

Ужо запланаваны ўдзел дзесяці гуртоў з Беларусі і шасці з Польшчы ды Украіны. Дакладна назваць склад каманд, якія выступяць на Be‑Free, арганізатары не могуць. З некаторымі, як «Ляпіс Трубецкой» і «Воплі Відаплясава», пакуль вядуцца перамовы.

Побач з месцам правядзення фэсту будзе арганізавана намётавае мястэчка. Арганізатары плануюць правесці шэраг акцый па прыцягненні ўвагі да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Як дабрацца да Чарнігава

З Гомеля штодзённа ў 6.43 адпраўляецца дызель. Дарога зойме тры з паловай гадзіны. З Гомеля можна дабрацца таксама аўтобусамі. 22 жніўня яны адпраўляюцца ў 7.00, 8.00, 10.20, 12.45, 14.00, 15.00, 16.05, 19.00. Таксама будуць арганізаваныя прамыя аўтобусы з Мінска.

Рок‑фестываль Be‑Free узнік у 2007 годзе пад назвай «Права быць свабодным».

У папярэднія гады ён праходзіў на захадзе Украіны - у гарадах Луцк і Львоў.

Дадатковая інфармацыя:

+375 29 649 0888 (Віталь)
+48 516 5 888 63 (Марыя)

Сяргей Макарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0