культура. рознае
8 каментароў Гутарыла Настасся Шамрэй | 17:06, 23 лiпеня 2009

Фёдар Піскуноў

Першы электронны граматыка-парадыгматычны слоўнік беларускай мовы «Парадыгма» ад 14 ліпеня адкрыты ў свабодным доступе на сайце. Слоўнік распрацавала творчая група пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі Фёдара Піскунова.

Слоўнік утварае адзіны праграмны комплекс з праграмай праверкі арфаграфіі «Літара». Гэты праграмны комплекс забяспечвае зручную працу з беларускамоўнымі тэкстамі, як у працэсе іх стварэння, так і падчас апрацоўкі (чытання, праверкі, рэдагавання). Лексічны склад слоўніка — больш за 134 тыс. Адзінак.

— Праграма праверкі арфаграфіі, гэта толькі арыенцір для карыстальніка, які прымушае яго засумнявацца, палезці ў слоўнік, адпаведную даведку для сябе зрабіць, — кажа Фёдар Піскуноў. — Таму з’явілася ідэя, каб праверка арфаграфіі і слоўнік з даведкамі былі ў комплексе — гэта ж натуральна.

«НН»: На якія аналагі вы арыентаваліся, ствараючы слоўнік?

ФП: Якраз у той час ішла праца з электронным слоўнікам Украіны. Там гэта ішло з вялікім размахам, быў прыняты указ прэзідэнта Кучмы, вялікая рэкламная кампанія. «Парадыгма» зробленая па ўкраінскім узоры, але удасканаленая.

Электронны слоўнік Украіны, гэта фактычна вялікая табліца. Але, калі ў тэксце сустракаецца слова не «пісаць», а «пішу» — праграма ў ступары. А «Парадыгма» адразу планавалася, як дапаможны сродак для атрымання граматычных даведак. Карыстальнік атрымлівае пералік усіх формаў. Напрыклад, націсне ён на слова «душу», атрымае душа, душ, душыць і г. д. Акрамя таго, атрымае ўказанне, дзе ставіць націск, і пабачыць усе формы гэтага слова.

У «Парадыгме» прадугледжаны яшчэ і рэдкія формы словаў.

Напрыклад, да слова»есці», ні ў водным слоўніку мы зараз не знойдзем такіх формаў, як «ямо», «ясцё». Я лічу, гэта незаслужана забытыя формы, якія вымываліся з ужытку. Што фактычна пазбавіла нашу мову адметнасці.

«НН»: Ці працуе «Парадыгма» у розных варыянтах правапісу?

ФП: Сама «Парадыгма» цяпер толькі афіцыйным правапісам. Гэта звязана з рухамі, якія адбыліся на прававым полі. Але я не буду супраць, калі хтосьці зробіць варыянт тарашкевіцай.

«НН»: «Парадыгма» улічвае новыя правілы афіцыйнага правапісу?

ФП: Пакуль у інтэрнэце змешчаны варыянт па дзейных правілах мовы. Вось як уступяць новыя правілы ў сілу, «Парадыгма» будзе мяняцца. Гэта пытанне некалькіх дзён, каб унесці тыя змены.

«НН»: Мова развіваецца, з’яўляюцца новыя словы. Ці ёсць у слоўніку новатворы ці кампутарныя тэрміны, напрыклад?

ФП: Я, як кажуць у шахматах, зраблю ход канём і спашлюся на вашае выданне, якое ў гэтым плане мабільнае і рухомае. У аснову слоўніка былі пакладзеныя не толькі слоўнік Бірылы, але і корпусы тэкстаў газеты «Звязда» і «Нашай Нівы». Думаю, шмат слоў, якія адлюстроўваюць новыя рэаліі, увайшло ў слоўнік.

«НН»: Раскажыце пра тэхнічныя магчымасці «Парадыгмы». З якімі праграмамі і аперацыйнымі сістэмамі яна стасуецца?

ФП: Пакуль я магу выказацца упэўнена толькі наконт сістэмы ХP і Microsoft Word 2000—2003. Думаю, што хутка хтосьці абавязкова паспрабуе прыстасаваць «Парадыгму» да Microsoft Office-2007.

Што тычыцца праграмы праверкі арфаграфіі «Літара», то яна дакладна не працуе ў Microsoft Office-2007. Гэта звязана з тым, што «Майкрасофт» памяняў сваю тэхнічную палітыку і абсек магчымасці самастойным праграмістам апераваць з іх прадуктамі. Таму,

каб пад Microsoft Office-2007 зрабіць «Літару», трэба афіцыйна атрымаць ад кампаніі дазвол. Але я не губляю надзеі, што хто-небудзь возмецца за гэтую справу

і «Літара» з «Парадыгмай» у комплексе будуць працаваць на любым кампутары з рознымі сістэмнымі патрабаваннямі.

«НН»: Якую праграму можна чакаць ад Вас наступнай?

ФП: Буду займацца ўдасканаленнем. Думаю, як дадаць тлумачальную частку. То бок не толькі даваць парадыгму слова, як яно скланяецца і гэтак далей, а і ў нейкім адмысловым вакенцы падаваць значэнне. Думаю гэта будзе карысна для больш зручнай працы з беларускамоўнымі тэкстамі.

Я спадзяюся, што мае будучыя распрацоўкі будуць такімі ж папулярнымі як і мінулыя. Праграма можа жыць толькі, калі будуць у яе карыстальнікі і калі будзе зваротная сувязь. Калі няма зваротнай сувязі, то і імпэт будзе слабець у распрацоўшчыкаў.

Падзяліцца навіной:         
8 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
grub напiсаў(ла) Лiпень 23, 2009 у 17:25
Ідэя добрая і цікавая. Але...

Зрабілі б ужо кросплятформную ці онляйнавую праграму, не прывязаную да Microsoft-прадуктаў. Калі самім цяжка -- запыталіся б дапамогі у праграмісцкай супольнасьці. Я б, напрыклад, з задавальненьнем дапамог, калі б выдалася магчымасьць.

Дваццаць першае стагодзьдзе на двары ж. OpenOffice, GoogleDocs існуюць... Макінтошы, лінуксы... вэб-праграмы паўсюдна...

А тут нейкі садамазахізм атрымліваецца.
Прадукты Micrasoft закрытыя, для напісаньня ўласных плягінаў (як сам герой артыкулу кажа) ствараюцца перашкоды...
А беларусы, замест таго, каб абысьціся без майкрасофтаўскіх кайданоў, старанна б'юцца ілбом у зачыненую браму ды спадзяюцца на літасьць дзядзькі Балмера. :(
Yahor D. напiсаў(ла) Лiпень 23, 2009 у 17:49
2 grub

+1
grub напiсаў(ла) Лiпень 23, 2009 у 19:08
Магу нават параіць, на што зьвярнуць увагу замест Word-авых плягінаў:

http://en.wikipedia.org/wiki/Hunspell

Гэтую адкрытую плятформу для праверкі правапісу выкарыстоўваюць сучасныя версіі Opera, Openoffice, Firefox, Thunderbird, Chrome, TheBat і шмат якіх іншых праграмаў...
Kus напiсаў(ла) Лiпень 23, 2009 у 19:47
Ужо рыхтуецца кросплатформенны слоўнік, дзе будзе ўсё, уключна з тлумачальным слоўнікам (пакуль затрымка за праграмерамі). Вераемна к канцу года будзе першы рэліз
Аляксей з Тулы напiсаў(ла) Лiпень 25, 2009 у 20:31
grub, +1000! Дарэчы, узяць нік у гонар загрузчыка - гэта незвычайная ідэя))

Kus, ух як цікава! Адкуль звесткі? Ці не "качка" гэта?
Tobi напiсаў(ла) Жнiвень 2, 2009 у 21:12
grub +2000! :)

Яшчэ больш беларускамоўных праграмаў, якія - як і Белазар ды іншыя - не патрымаюць Unicode... Такім чынам выключаюць усіх замежнікаў, якіх родная мова ня пішацца кірыліцамі... хочаце, што больш замежнікаў размаўлялі па беларуску? Тады просіце ў вашых праграмістаў абавязкова карыстацца Unicode!

[Патлумачэньне: Людзі, якіх родная мова ня пішацца кірыліцамі, не могуць выбраць ні рускую ні белакускую мову як "мова для праграмаў, якія не патрымліваюць Unicode"... (Control Panel > Regional and Language Settings). Таму, калі праграма не патрымае Unicode, замест кірыліцы будуць літары іншай мовы, напрыклад нямецкай - ў выніку бачны толькі сьмецьце]

Параю і апублікаваць крыніцы як Open Source, тыя праграмы ж не камерцыйня, наадварот, дзеля ідэалу... Калі былі б Open Source, праграмісты ўжо даўна паправілі бы гэткія праблемы, ды іншыя. І ўвогуле, праграмы на шмат лепей, калі іх робіць тусоука, не проста адзін чалавек. Нахай жыве беларуская мова...

P.S.
Калі тут праграмісты, якія зразумеюць праблематыку, і якія хочуць дапамагчы рабіць больш сучасных, больш якасных праграмаў для белмовы, пад ліцэнзямі Free Open Source, і для розніх сістемаў, пішыце мне, калі ласка на tobias(сабачка)weihmann.se
Tobi напiсаў(ла) Жнiвень 2, 2009 у 21:33
Kus: Добра! Калі ласка, апуплікуеце вашу праграму з крыніцамі як FOSS, напрыклад пад GNU... Чаму не зараз, напрыклад у Sourceforge ці Google Code? Магчыма, што хтосцы можа дапамагчы?
Ales напiсаў(ла) Сьнежань 27, 2009 у 16:45
Адаротнай сувязі чамусьці няма... :( Колькі я не спрабаваў напісаць ліст адказу так і атрымаў. А я спрабую дамовіцца з кампаніяй ABBYY, каб іх праграмны прадукт (FineReader 10) афіцыйна меў слоўнікавую падтрымку беларускай мовы. Я хачу атрымаць дазвол ад аўтараў, каб менавіта іх слоўнік змяшчала праграма. Хто можа дапамгчы?
Вось мае кантакты:
ICQ: 7(нуль)61(нуль)1
Email: ales.koshal[at]gmail.com
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Лiпень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).