Трапіць на возера Свіцязь я марыў з дзяцінства. Сёлета мара нарэшце спраўдзілася. Пачатак паездкі атрымаўся паэтычны…

Сяржук Сокалаў‑Воюш, з якім мы часам перапісваемся ў сеціве, даведаўшыся, што мы з жонкай збіраемся на Свіцязь, адрэагаваў вершам‑імправізацыяй:

    Мужны хлопец Тарас Віталі —
    Ні свіцязянкі не заказыталі,
    Ні мінскія здані, званыя лохамі,
    Не напалохалі. Не напалохалі.
    А там, на Свіцязі, хвалі… пена…
    Набатам Наваградак звоніць ранак,
    І, дзякуй Богу, побач Алена,
    Каму ж патрэбна да свіцязянак?!

Варта нагадаць, што Адам Міцкевіч прысвяціў возеру балады «Свіцязь» і «Свіцязянка», якая пачынаецца радкамі:

    »Што гэта за хлопец з поглядам шчасным
    Поруч са стройнай дзяўчынай
    Крочыць павольна пад месяцам ясным
    Берагам Свіцязі сіняй?» (пераклад Аляксея Зарыцкага).

Дык вось, Міцкевіч зрабіў заўвагу да той балады: «Ёсць чуткі, што на берагах Свіцязі з’яўляюцца ўндзіны, або вадзяныя німфы, якіх народ называе свіцязянкамі».

Свіцязь — сапраўды ўнікальнае возера, нават для «сінявокай Беларусі». Яно незвычайнае ўжо з геаграфічнага гледзішча.

Паводле свайго абрысу яно амаль круглае і з космасу выглядае як сажалка. У гэтым можна пераканацца, зірнуўшы на Свіцязь праз google earth. Возера ніяк не звязанае з іншымі азёрамі. У яго не ўпадае ніводная рэчка ці ручай, а выцякае толькі рэчка Сварота, якая ў сваю чаргу з’яўляецца прытокам Моўчадзі.

Між тым, узровень вады ў Свіцязі шмат гадоў застаецца амаль нязменным. Праўда, возера паволі зарастае, як і ўсе лясныя азёры.

Сярод водных раслін тут дагэтуль сустракаюцца занесеныя ў Чырвоную кнігу лабелія Дортмана, лілея, царскія кучары і іншыя. А тамтэйшая водарасць тэтрадыніюм яванскі ёсць яшчэ, кажуць, толькі ў Інданэзіі ды ў некаторых азёрах Польшчы.

У Свіцязі водзяцца плоткі, акуні, шчупакі, джгіры. Вада ў Свіцязі па сваім хімічным складзе, дарэчы, адрозніваецца ад вады большасці іншых беларускіх вадаёмаў, яна слаба мінералізаваная, з нізкім узроўнем шчолачнай рэакцыі.

Магу засведчыць — вада ў возеры не толькі фантастычна празрыстая, яна салодкая на смак. Відаць, нездарма ў многіх мовах свету прэсная вада называецца «салодкай».

Пра возера Свіцязь можна, вядома, прачытаць у шматлікіх турыстычных даведніках, на інтэрнэт‑сайтах і ў блогах.

Але пабачыўшы яго на свае вочы, пераконваешся, што рэальнасць пераўзыходзіць чаканні. Сосны, дубы, бярозы, грабы растуць уздоўж берага, пераплятаючыся каранямі, а некаторыя дрэвы распласталіся над самай паверхняй возера, амаль паралельна ёй. Усё гэта надае мясцовасці казачна‑рамантычны выгляд. Балтыйскія сосны на беразе, а таксама пясчанае дно (часткова заілаванае, праўда), па якім трэба ісці некалькі дзесяткаў метраў, пакуль зойдзеш на глыбіню, робіць возера чымсьці падобным да Рыжскай затокі. Але паводле чысціні вады Балтыйскае мора ў параўнанні са Свіцяззю адпачывае.

На жаль, гэтага не скажаш пра берагі. Казка сканчаецца вельмі хутка — дастаткова паглядзець не на возера, а на лясныя паляны, якія выкарыстоўваюцца тут як пляжы. Паўсюль поўна людзей і слядоў іх жыццядзейнасці. На кожным кроку — рэшткі вогнішчаў, недакуркі, бутэлькі, пластыкоўкі. Прыкметы сучаснай цывілізацыі, карацей кажучы.

Мне і маім спадарожнікам пашанцавала, бо мы дабіраліся да возера не праз ажыўленую шашу Баранавічы—Навагрудак, але іншай дарогай. Не даязджаючы да Баранавічаў, збочылі з алімпійскай трасы Масква—Брэст на Мір, адтуль даехалі да Карэлічаў, а потым — па шашы на Валеўку, што за некалькі кіламетраў ад Свіцязі. Па‑першае, гэты шлях куды цікавейшы і пры гэтым карацейшы, а якасць дарогі цалкам прыстойная.

Па‑другое, як нам апавялі, аўтастаянка ля заходняга берага возера заўсёды перапоўненая, і машыны выстройваюцца ўздоўж трасы часам на некалькі кіламетраў. Мы ж пад’ехалі з усходу, з боку санаторыя «Свіцязь», які належыць Беларускай чыгунцы. (Лішне казаць, што месцы ў санаторыі яшчэ ў студзені былі раскупленыя аж да кастрычніка).

На маленькай пляцоўцы, што ўсяго за некалькі дзесяткаў метраў ад вады, стаялі чатыры легкавыя машыны ўлучна з нашай. Была раніца чацвярга. Увечары, калі мы вярталіся, стаянка была ўжо забітая аўтамабілямі. На беразе возера тым часам ставілі намёты, палілі вогнішчы, весела мацюкаліся і рагаталі ў прадчуванні добрага ўік‑энду. З надвор’ем, трэба сказаць, на Свіцязі пашанцавала. Пакуль Мінск пакутаваў ад залеваў, тут было злёгку пахмурна, але цёпла — вада + 20, паветра + 25.

Між іншым, возера ёсць часткай дзяржаўнага ландшафтнага заказніка «Свіцязь». На яго тэрыторыі няма фермаў ці прадпрыемстваў, забаронена весці гаспадарчую дзейнасць альбо забіраць ваду з возера на гаспадарчыя патрэбы, карыстацца маторкамі.

Забаронена таксама паліць вогнішчы і ставіць намёты ў лесе. Але на гэтую забарону, па ўсім відаць, публіка даўно наплявала.

Няма, думаю, сэнсу выстаўляць прэтэнзіі ўладам, той самай міліцыі, напрыклад, ці прыродаахоўным ведамствам, калі беларусы ў сваёй масе, па сутнасці, не шануюць сваёй роднай прыроды, нават унікальных яе мясцін, хоць пры выпадку імі ганарацца. Як, напрыклад, Белавежскай пушчай, якая трапіла ў спіс цудаў свету. Можа, прызвычаіліся за дзесяцігоддзі жыць на зямлі, нібы ў хлеве, ці, хутчэй, на сметніку — як бамжы? Прыемна, канечне, адпачыць на славутым возеры — пакупацца, пазагараць, выпіць гарэлкі і закусіць. А там хоць трава не расці. У наўпростым сэнсе слова. Яе даўно вытапталі.

Гэты год абвешчаны ўладамі РБ «Годам роднай зямлі». У наступныя гады, трэба думаць, пра родную зямлю можна будзе не ўспамінаць…

Свіцязянкі мне, на жаль, так і не сустрэліся. Мабыць, даўно пакінулі яны гэтыя мясціны пад націскам «цывілізацыі». Ці доўга праіснуе яшчэ само возера?

Можа, і добра, што Свіцязь пакуль не абвясцілі цудам свету.

Віталь Тарас

***

Свіцязянскія сядзібы — адпачынак на прыродзе

Адпачынак на вольным паветры, экскурсіі па гістарычных мясцінах, стравы нацыянальнай кухні ды многае іншае прапануюць аграсядзібы ў Навагрудскім і Карэліцкім раёнах.

«Свіцязянка»

Аматары адпачынку ў вёсцы могуць наведацца ў Варончу, што ў Карэліцкім раёне. Сядзіба «Свіцязянка» прапануе сваім гасцям тры пакоі ў добраўпарадкаваным доме. Кухня, сталоўка на 10 чалавек, санвузел, гарачая і халодная вада ў доме. Гаспадары гарантуюць экалагічна чыстае харчаванне. Пры сядзібе ёсць вялікі сад. Дзеці могуць пабачыць свойскую жывёлу і птушак. Аматары падарожжаў могуць замовіць экскурсіі ў Мір, Нясвіж, Жыровічы. Тэл. (029) 675‑87‑80; (0159) 62‑74‑34.

«Залатая падкова»

Сядзіба месціцца непадалёк ад возера Свіцязь у вёсцы Навасады Навагрудскага раёна. Галоўная адметнасць тут — кузня. Госці сядзібы на свае вочы могуць пабачыць, як куюцца падковы, а то і атрымаць адну на шчасце ў падарунак. Тут ёсць невялікі мастацкі музей вышыўкі, ікон, карцін. Для адпачынку прапануецца ўтульны дом, для аматараў адпачынку на вольным паветры ёсць пуня з сенам і пляцоўка для намётаў. Тэл. (015) 97‑76‑8‑08.

Сядзіба «Замкавае прадмесце».

Сядзіба «Замкавае прадмесце» знаходзіцца непадалёк ад Мірскага замка, прапануе ўтульныя пакоі, кухню, душ, лазню, більярд, мангал, паркоўку. Госці могуць пакатацца на кані, пастраляць з лука і арбалета. Ладзяцца экскурсіі ў Нясвіж, Навагрудак, Клецк, Любчу, Свіцязь, Сноў, Ішкалдзь, Паланэчку (ёсць уласны мікрааўтобус). Тэл. (029) 620‑86‑71.

Гэты пералік месцаў адпачынку далёка не поўны. Толькі ў гэтых двух раёнах колькасць падобных сядзібаў сягае за дзесятак. Падрабязную інфармацыю пра сядзібы ў іншых рэгіёнах Беларусі можна адшукаць на адным з тэматычных сайтаў, напрыклад, на партале RuralBelarus.by.

СП

Раней у праекце «Маршруты па Беларусі»:
У сэрцы Вялікай Літвы
Глушчына, але не глуш
Мураванка. Шчучыншчына
Усходні фарпост: Орша і ваколіцы
Сінія цэрквы: Здзітава - Жабінка - Збірагі
Слонім і Жыровічы
Ваўкавыская готыка
Нараўляншчына, адкуль вяртаешся з верай
Над ракой Арэсай
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0