Дунілавічы—Лучай—Паставы—Камаі. Піша Сяргей Харэўскі.

Пастаўшчына, што цяпер ляжыць на ўскрайку зямлі беларускай, колісь ляжала на галоўнай дарозе краіны — з Полацка ў Вільню. Па асноўным шляху, што нітуе цяперашнюю Літву, колішнюю Прусію, Беларусь і Расію.

Кавярня ў Навасёлках

Пад Навасёлкамі пры дарозе ёсцека кавярня. Рэдкасць пакуль у азёрным краі. Тамака ж славутая на ўсю краіну страўсавая ферма. Хто прыдумае лепшы спосаб прыцягнуць увагу да прыдарожнай карчмы? У гаспадарцы «Навасёлкi—Лучай» страўсы добра адаптаваліся да нашага клiмату. Ёсць там таксама плямiстыя аленi, парсючкi, бычкi, козы, трусы, конi… Да ўсяго, тут вырабляюць муку i хлеб, каўбасы i пяльменi, масла i сыр, пiтную ваду i квас. I нават маюць невялiкi асфальтавы заводзiк. Лагічна, калі гаспадарыш пры вялікай шашы.

Унікальны аўтар

Калі ж збочыць з магістралі, на крыжоўцы старых дарог убачыце Дунілавічы. Невялікае мястэчка з каларытнымі габрэйскімі камянічкамі, тузінам старасвецкіх крамак і шыкоўным Траецкім касцёлам дамініканцаў. У касцёле захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Ларэтанскай, што трапіў да нас у XVII ст. з Фларэнцыі. Таксама ў касцёле варта звярнуць увагу на ўнікальны двух’ярусны ступеньчаты алтар. Такіх болей у краіне няма. Дый сам гэты велічны храм — адзін з найцікавейшых помнікаў архітэктуры барока ў Беларусі. А адразу за старасвецкімі яўрэйскiмі могiлкамi пачынаецца дарога на Лучай… Роўная, нібы страла, у засені высокіх старых дрэваў.

Сцэны з жыцця XVII ст.

Мястэчка над маляўнічым возерам Лучайскім перахавала крыху старасвецкага каларыту ў старых мураванках, руінах панскага двара, плябаніі, дзе месціцца базавая школка.

Ужо здалёк над Лучаём відаць касцёльныя вежы. Яшчэ адзін шэдэўр архітэктуры, варты здзіўлення. Сваімі памерамі касцёл Святога Юды Тадэвуша пераўзыходзіць храмы ў сталіцах. Зайдзіце ўсярэдзіну, як будзеце мець час. Сцены і скляпенні велічнай базілікі распісаныя фрэскамі ў тэхніцы «грызайль», што імітуе архітэктуру і скульптурную лепку. Сярод святых і анёлаў тут можна гадзіну разглядаць сцэны з жыцця Лучая XVIII стагоддзя: шляхта і сяляне, ксяндзы і паненкі, дамы і кавалеры… Многія вобразы, бачна, пісаныя з канкрэтных сучаснікаў мастака…

А перад касцёлам стаіць першы ў свеце помнік Папу Бенедыкту XVI. Са званіцы над азёрнымі разлогамі далёка чуваць гукі класічнае музыкі…

Будучы Лас‑Вегас

Ад Паставаў 165 кiламетраў да Мiнска i столькi ж — да Вiльні. Машыны з лiтоўскiмi, латвiйскiмi i польскiмi нумарамi, фуры — адусюль. Тут працуе вялікі льнозавод, малаказавод, мясакабінат. Быць у Паставах і не зайсці ў іх фірмовыя крамы, не закупіцца сырамі, кілбасамі і льнянымі рэчамі — няслушна. Бо тут гэта ўсё якаснае.

На плошчы ж варта зайсці ў багата аздобленую Свята‑Мікалаеўскую царкву. Да царквы прыставілі блакітныя сталічныя елкі, а да іх — Леніна. Гэта наймаладзейшы ў Беларусі (а мо і ва ўсім свеце) помнік Леніну — ён быў узведзены ў 1992(!) годзе. Нядаўна вакол бронзавае фігуры размясцілі пальмы. Такога болей нідзе не ўбачыш. Бетонная плітка, шклопакеты, пальмы, залатыя купалы і бронзавы Ільіч. На малінава‑памаранчавым заходзе сонца, у зіхоткім ліловым святле азёр і ставоў адбіваюцца купалы і штучныя пальмы… Сталіца Заходняга Паазер’я можа прэтэндаваць у будучым на званне беларускага Лас‑Вегаса. Прынамсі, гульнёвыя аўтаматы тут ужо стаяць і казіно працуе.

Разам з тым Паставы — адзін з гарадоў Беларусі, у якім неказённы культурны асяродак стварае ўнікальныя духоўныя каштоўнасці. Тут пішуцца вершы і ствараюцца творы мастацтва. Тут выдаецца незалежны часопіс, ладзяцца краязнаўчыя чытанні. Тут працуе краязнаўчы музей, два дамы культуры, чатыры бібліятэкі, кінатэатр, ла¬дзіцца штогод фэст народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».

Некалi ўласнік Паставаў Антонi Тызенгаўз пабудаваў тут сапраўдны еўрапейскі горад. Паўтузіна тызенгаўзаўскіх мураванак XVIII ст. дастаяла да нашых дзён. Нават аптэка засталася, што не зачынялася на працягу двух стагоддзяў! Аднавілі старасвецкія каналы і спарадкавалi парк, паднавілі і палацавы комплекс Тызенгаўзаў. Парк з палацам, дзе цяпер бальніца, адкрыты для ўсіх.

Гонар Паставаў — неагатычны касцёл Святога Антонія Падуанскага. Касцёльны гадзіннік з вежы звонам нагадвае вернікам, што праз паўгадзіны пачнецца імша. Мелодыю гадзінніка можна пачуць з любога кутка Паставаў.

Пры касцёле, дарэчы, ёсць музей гісторыі рэлігіі, у калекцыі якога ёсць рэдкія прадметы. Сярод іх — дараносіца, вырабленая ў 1663 годзе, ксяндзоўскі арнат, пашыты ў 1860 годзе. А на плошчы Леніна варта зайсці і ў Пастаўскі раённы краязнаўчы музей. Чаго тут толькі няма — можна пабачыць творы тутэйшых народных майстроў ад неаліту да нашых дзён.

Адпачыць, пакупацца ў азёрах ці парыбаліць, пад’есці і пабавіць час у Паставах не праблема. Спыніцца можна ў вельмі прыстойнай гасцініцы альбо скарыстацца сэрвісам Дома паляўнічага.

Касцёл‑«абсерваторыя»

А за Паставамі ўжо недалёка і Камаі. Некалі слыннае мястэчка над уласнымі, як тут паўсюль, азёрамі — Камайскімі. У дзівосным камайскім касцёле Яна Хрысціцеля дзейнічае адзін з найстарэйшых арганаў у Беларусі.

Касцёл, што болей падобны да нейкай абсерваторыі, стаіць пасярод мястэчка на высокім узгорку. У таўшчэзных, двухметровых мурах захраслі каменныя ядры. Яны засталіся як напамін пра абстрэл касцёла шведамі ў часе Паўночнай вайны. Касцёл распісваў выдатны тутэйшы мастак з маёнтка Каралінова Альфрэд Ромер. Тут жа, у храме, знаходзіцца і яго палатно «Хрыстос і сірата».

Перад касцёлам на былой местачковай плошчы ўкапаны старажытны каменны крыж, невядома кім і калі пастаўлены… Вяртацца ў Мінск з Камаёў можна праз Нарачанскі край. А гэта ўжо іншая гісторыя…

Сяргей Харэўскі

Касцёл Яна Хрысціцеля

пабудаваны ў Камаях у 1603—1606 на сродкі Яна Рудаміны‑Дусяцкага. Помнік абаронча‑культавага дойлідства з рысамі і готыкі, і рэнесансу, і барока. З захаду храм мае дзве вялікія магутныя цыліндрычныя вежы з ярусамі паўкруглых байніц, што абаранялі ўваход у касцёл. Зберагліся арганы XVII—XVIII стст., аздобленыя разьбой і скульптурай, а таксама чатыры драўляныя алтары. У цэнтры знаходзіцца алтарны цудадзейны абраз Маці Божай. У сутарэннях ёсць шматлікія старасвецкія пахаванні.

Камаі

ў пісьмовых крыніцах згадваюцца ад пачатку ХVІ ст. У 1915 тут пачаў свой святарскі шлях Казімір Сваяк. У Камаях нарадзіўся і арганіст‑віртуоз, заснавальнік сусветных фэстаў арганнае музыкі Браніслаў Рудкоўскі.

Касцёл Святога Юды Тадэвуша

Будаваўся ў 1766—1777 на грошы Агінскіх, якім і належаў маёнтак Лучай. Мае рысы і барока, і класіцызму. Зала перакрытая цыліндрычным скляпеннем. Сцены і скляпенні пакрытыя фрэскамі ў тэхніцы «грызайль», што імітуе архітэктуру і скульптурную лепку.

Раней у праекце «Маршруты па Беларусі»:
Гэта салодкае слова Свіцязь
У сэрцы Вялікай Літвы
Глушчына, але не глуш
Мураванка. Шчучыншчына
Усходні фарпост: Орша і ваколіцы
Сінія цэрквы: Здзітава - Жабінка - Збірагі
Слонім і Жыровічы
Ваўкавыская готыка
Нараўляншчына, адкуль вяртаешся з верай
Над ракой Арэсай
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0