Хтосьці збірае маркі, хтосьці — дыскі, а вось аўтар постмадэрнісцкага раману пра Менск сярэдзіны ХІХ стагоддзя «Імя грушы» Сяргей Балахонаў калекцыянуе пераклады поп-песняў. Да яго збору ўжо дадаліся беларускія версіі нашумелага «Чароўнага трусіка» Юрыя Дземідовіча, нарвежскай «Казка» Аляксандра Рыбака, а таксама расейска-шансоннай «Уладзімірскі цэнтрал» і савецка-класічнай «Не думай о секундах свысока» (бел. «З пагардаю секунды не ўспрымай»). Як празаік дакаціўся да перакладу поп-тэкстаў? Карэспандэнт НН заклікаў гомельскага літаратара да адказу. НН супраць СБ.

1. Настальгія мінус ідэалогія

НН: Апошнім часам ты пераклаў на беларускую словы песні «Уладзімірскі цэнтрал», «З пагардаю секунд не ўспрымай», якую спяваў Кабзон у «17 імгненнях вясны», але ж табе падалося мала: на перамогу Аляксандра Рыбака ў «Еўрабачанні» ты адгукнуўся перакладам яго песні з ангельскае. Сяргей, навошта?

СБ: Я перакладаю тое, што чапляе мяне асабіста, тое што нейкім чынам рэзануе з маім станам, настроем, перажываннямі. Часам вельмі хочацца, каб менавіта гэтая песня гучала не толькі на мове арыгіналу, але і па-беларуску. Гэта мая асаблівая калекцыя перакладаў, маё хобі.

НН: Але ж «Уладзімірскі цэнтрал»!!!

СБ: «Уладзімірскі цэнтрал» і «З пагардаю секунды не ўспрымай...» — песні з майго жыцця. Напрыклад, калі я служыў ва Ўнутраных войсках, нашы міліцыянеры чамусці вельмі актыўна слухалі «Уладзімірскі цэнтрал» (хаця яна зусім не пра іх, хутчэй наадварот), і таму сама песня і яе пераклад — як напамін мне пра войска, пра тое, што колісь здавалася цяжкім, а цяпер прыгадваеш са светлай настальгіяй. Песня з рэпертуара Кабзона? Успаміны дзяцінства. Калі ёсць неблагая песня: хай сабе савецкая, хай пафасная, але ў ёй няма недарэчнага сацраэлізма і камуністычнай ідэалогіі — чаму б не перакласці? Я нарадзіўся ў 77-ым і трохі заспеў брэжнеўскія часы, таму мае пераклады савецкай класікі — гэта настальгія мінус ідэалогія.

2. Пра малпаў у квадраце

НН: Ну, і як табе, завіталаму на тэрыторыю поп-культуры, перспектывы той жа поп-культуры па-беларуску?

СБ: Маем такую сітуацыю, калі нашыя поп-зоркі, называючы сябе беларускімі выканаўцамі, вельмі насцярожана а то і варожа ставяцца да песні па-беларуску. Да жалю, выславёныя 75 адсоткаў дапамаглі толькі расейскамоўнай папсе, якая малпуе з расійскіх зорак, якія ў сваю чаргу малпуюць з заходніх, і таму 75 працэнтаў эфіра ў нас — гэта малпы ў квадраце. Вазьмі ты сябе сабе беларускую песню — будзь арыгінальным і адпрыродным. А пакуль што прадусары і спевакі няўтомна цвердзяць, што песня па-беларуску нікому не патрэбная. І пачынаецца зачараванае кола, якое ніхто не хоча парваць. Неяк Пугач сказаў у інтэрв’ю, што яго песні па-беларуску пускаюцца ў эфір значна радзей за расейскамоўныя. І рэч тут не ў якасці — мы ж ведаем: яго белмоўныя песні — нармалёвыя, роўныя, вытрыманыя ў звыклым джэй-морсаўскім стылі.

НН: І хто вінаваты?

СБ:Клямка ў галовах беларускіх прадусараў і выканаўцаў, комплекс ніжэйшасці.

НН: І што рабіць?

СБ: Ну, акрамя ўгавораў па-добраму, трэба спраўджваць нейкія праекты — даказваць адваротнае. У гэтай галіне ўсё робіцца дзякуючы нейкім канкрэтным людзям. Трэба браць працай, а больш нічым.

НН: З месца пра канкрэтных людзей падрабязней калі ласка... Пагаворым пра праект «Тузін. Перазагрузка», пра сідзішную складанку, дзе беларускія гурты, якія зазвычай не спяваюць па-беларуску, маюць зрабіць па адной песні на мове. Ты ж там адзін з...?

СБ: ...Адзін з перакладчыкаў, так. Матор праекту, Сяргей Будкін прапанаваў мне пракласці дзве песні: для «Сярэбранай свадзьбы» і рэп-гурту «Нестандартны варыянт» (апошнія вядомыя сваім колішнім кавэрам на песню «Паветраны шар» NRM). Акрамя гэтага я ўжо дазволіў карыстацца маім ужо гатовым перакладам песні «Чароўны трусік».

НН: І як праца з арыгіналамі?

СБ: Ё пэўныя цяжкасці: «Сярэбраная свадзьба» скардзілася, што пераклад іх новай песні «Новы мост» атрымаўся вельмі мужчынскі, жорсткі, а яны хацелі большай прастаты і наіўнасці. А рэперы з «Нестандартнага варыянту», якія вылучаюцца меладычнасцю, просяць, каб я фразы прасцейшыя будаваў, каб словы можна было праспяваць не зламаўшы пры гэтым язык. Я спакойна адрэагаваў на іх просьбу і ўлічыў усе заўвагі, дапрацоўваю тэкст.

НН: Наколькі нам вядома, перакладчык мусіць сустракацца з аўтарам... Перад тым як перакласці, ты сустракаўся з аўтарам песні «Чароўны трусік», малым хардкораўцам Юрыем Дземідовічам?

СБ: На жаль, не сустракаўся. Усё было прасцей. Калі пачаўся гэты гармідар вакол «Чароўнага трусіка», я завітаў у Інтэрнэт. І так мяне гэтая песня ўразіла, што, я падумайшы: «дай-ка перакладу!», у той жа дзень знайшоў расейскі арыгінал.

НН: І як табе зараз, па часе, як чалавеку трохі даўдзельнаму да гіст(э)орыі з «Чароўным трусікам» і ўтаямнічанаму ў поп-кола, сама песенька?

СБ: Шатанізму там няма адназначна. Проста інтэрнаўтам захацелася прыкола і яны яго атрымалі. Але шок ад песні сякі-такі быў, я не магу растлумачыць, нешта там такое было, што замыкае нейроны ў галаве.

3. Балахонаў агаліцца не гатовы

НН: Сяргей, так ужо атрымалася, што гэтым летам ты прыклаў руку не толькі да «песні лета», а яшчэ да «праекту лета», перакіднога календара «Канец словаў», на кожны старонцы якога красуецца па вядомаму літаратару ў негліжэ. Ты напісаў прадмову да календара, але адмовіўся ўзяць удзел непасрэдна ў пазіраванні аголеным...

СБ: Гэта не была прадмова, гэта быў своеасаблівы эмацыйны выбух. Я напісаў яго незалежна ад самаго праекта, а потым мне прапанавалі далучыць тэкст да календара. Я пагадзіўся, бо люблю літаратурныя містыфікацыі. Я хацеў крыху можа пакпіць з самаго праекта (у псеўдагістарычнай прадмове Балахонаў спасылаецца на лісты Кірылы Тураўскага да Еўфрасінні Полацкай, дзе Кірыла наракае на гідкую традыцыю паганцаў выразаць на дошчачках каляндар з аголенымі фігуркамі - кар.). Сваімі небыліцамі хацеў падкрэсліць стваральнікам, што яны не першыя, што ў беларускай традыцыі падобныя смелыя хады ўжо былі. Я не супраць ідэі календара, я проста сам адмовіўся пазіраваць аголеным. У дадатак самі выявы выйшлі не вельмі: хлопцам трэба было не слухацца фотамастака, трэба было прапаноўваць нешта сапраўды крэатыўнае, сваё. А фоты ў календары робяць не самае лепшае ўражанне.

4. А ў Гомлі людзі ё?

НН: Ці няма ў цябе адчування, што твой родны Гомель трохі так не ахоплены беларускай культурай?

СБ: Ага, ёсць. Ды і Інфармацыі не стае — даведваемся пра культурныя імпрэз ў той самы дзень, або наадварот надта назойлівая рэклама: калі, напрыклад, прыязджаў Булгакаў і Віталь Воранаў са сваім перакладам «Віня-Пыха», дык па сто разоў абвяшчалі ўсюды і цэлы дзень навылёт. Калі нехта прыязджае на творчую сустрэчу ў Гомель, дык маем адзін пункт, дзе ўсе могуць сабрацца. Згодны, у параўнанні з Менскам у Гомелі беларускае культурнае жыццё вузкаватае.

НН: Чаму так?

СБ: Можа быць, гістарычныя прычыны. Гомель быў далучаны да БССР пазней — тут не было такой беларусізацыі. Можа быць, творцы імкнуцца з’ехаць у Менск, дзе магчымасцяў больш.

НН: Ці ёсць ён увогуле, адмысловы гомельскі кантэкст, свае гарадскія легенды і міфы, якія можна падняць на шчыт масавай культуры, давесці да масавай свядомасці?

СБ: Шмат чаго ў Гомелі завязана на нашым славутым парку Румянцавых-Паскевічаў, адсюль і выбудоўванне культурных легендаў гораду: засяроджанасць менавіта ХІХ стагоддзі, на расійскіх уладальніках Гомеля, колішніх візітах расійскіх урадоўцаў і г. д.. Такая зацыкленасць на адной эпосе — не надта карысна. Колісь, альтэрнатыўны, беларускі кантэкст, Гомелю у 90-х і на пачатку 2000-х ствараўся людзьмі, якія гуртаваліся ля газеткі «Аксамітны Жах» — там спрабавалі па-добраму містыфікаваць свой горад, шукалі і нават прыдумвалі цікавосткі з розных гістарычных эпох (у т.л. часоў ВКЛ), Але гэта выданне ад самага пачатку было вельмі не перыядычным, і ўжо колькі гадоў пра чарговыя нумары нічога не чутно. А шкада, бо больш шчырых твораў, што поўняцца любоўю да Гомеля і гомельскага краю, мне сустракаць не даводзілася.

5. Пра сябе, любага

НН: І таму твой першы раман быў пра Менск...

СБ: ...Але другі будзе прысвечаны Гомелю, дакладней гораду які вельмі падобны да Гомеля. Больш нічога вам, я пра свае творчыя планы не скажу: дзяліцца творчымі планамі, і заяўляю гэта без містыфікацыяў, — няварта. Распавядаць пра будучы раман — значыць, дзяліцца радасцю творчасці, і калі ты аддаеш пэўную частку радасці, то справа істотна замаруджваецца. А галоўнае ж — вынік.

НН: Персанальнае пытанне. Апошняе тваё інтэрв’ю для НН было змрочнае, пра асабістыя праблемы, што ты не вельмі шчаслівы ў жыцці...

СБ: Да ну, дзе там змрочнае (смяецца)... Шчасце, увогуле, рэч прывідная, ілюзорнае, тое што здавалася раней файным, сёння прымаеш будзённа, абыякава, з прысычанасцю. Але, як і падчас мінулага інтэрв’ю шчасця па-ранейшаму хочацца, шчасця чалавечага, не толькі творчага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?