Прадстаўнікі Мінгарвыканкама прымушаюць аператараў вонкавай рэкламы зняць білборды «Беларускае — самае маё». Прадстаўнікі Асацыяцыі рэкламных арганізацый у неўразуменні, але выконваюць «пажаданне».

Упраўленні ідэалогіі і гандлю Мінскага гарвыканкаму стаяць на вушах. З самага верху ім далі па шапцы за білборды «Беларускае — самае маё». Паводле чутак, што ходзяць у чынавенскіх калідорах, загад разабрацца далі непасрэдна з Адміністрацыі прэзідэнта. Там за ідэалогію адказвае Наталля Пяткевіч — намесніца кіраўніка Адміністрацыі.
Рэклама на беларускай мове мела спрыяць продажу беларускіх тавараў, але яе палічылі «занадта нацыяналістычнай». Білборды былі выкананыя на беларускай мове. Уласна, фігуравалі ўсяго чатыры словы: «Беларускае — самае маё» і «Дзякуй» пад штрых-кодам. Плюс стылізаваны арнамент, у якім выкарыстоўвалася васьміканцовая зорка з традыцыйнай вышыўкі. Бела-чырвона-зялёная гама, у якой былі вытрыманыя білборды, не ўратавала. Занадта гонару пабачылі, імаверна, у фармулёўцы: «Самае маё».

Ідэолагі з гарвыканкаму ўжо зубы з’елі на выяўленні ідэалагічных дыверсій. Змест усёй гарадской рэкламы, нават на стэндах у метро, узгадняецца з ідэалагічным аддзелам. У сувязі з гэтым рэкламу незалежных СМІ папросту не дазвалялі. Не прапусцілі нават мізэрную абвестачку «Нашай Нівы» памерам 10 на 10 сантыметраў аб тым, што газета вярнулася ў продаж у шапіках «Белсаюздруку». Афіцыйным адказам у разгар крызісу заўжды было крывадушнае «Адсутнічаюць свабодныя плошчы».

Так што апошні разнос уразіў нават іх. Упраўленням гандлю, паслуг і ідэалогіі загадана пільнасць падвоіць. У сувязі з гэтым ідэолагі цяпер вывучаюць на «нацыяналістычнасць» змест іншай беларускамоўнай рэкламы.

«Зразумела, што нешта адбываецца, але што — ніхто нічога не ведае» — паведамляе marketing.by.

Фармальна чыноўнікі абвінавацілі рэкламістаў у непрафесіяналізме і беднасці ідэй.

Чыя б карова мычала...

Прадстаўнікі Асацыяцыі рэкламных арганізацый сказалі «НН», што «нам не забаранілі, нас папрасілі зняць рэкламу. У Мінску стаяла каля 60 выяваў. Учора і сёння іх ужо актыўна здымаюць. Болей ніякай інфармацыі мы даць не можам, бо самі яе не маем. Усе пытанні да Міністэрства гандлю».

Як раней паведамляў «Нашай Ніве» Ігар Самкін, дырэктар Асацыяцыі рэкламных арганізацый Беларусі, ідэя рэкламы «Беларускае самае маё» нарадзілася падчас размовы з прадстаўнікамі Міністэрства гандлю.

Распрацавалі «Беларускае — самае маё» дызайнеры сяброў Асацыяцыі рэкламных арганізацый.

У Мінску стаяла каля 60 білбордаў. Усё гэта зроблена на добраахвотных пачатках. У акцыі ўдзельнічалі чатыры кампаніі: «Коларэкспрэс», «Біг Борд», «Багема» і «Праспектпрэс».

...«О, як далёка нам яшчэ да Беларусі», — так пісаў класік.

Мікола Бугай; НШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0