Наколькі непаразуменні правакуюцца спецслужбамі, а наколькі вынікаюць са спецыфічных беларускіх глыбінь? Піша гісторык Алег Дзярновіч.

Наколькі непаразуменні правакуюцца спецслужбамі, а наколькі вынікаюць са спецыфічных беларускіх глыбінь? Цікава прасачыць гэтую тэму на прыкладзе канфліктаў у асяродках паваеннай беларускай эміграцыі. Відавочна, што савецкая агентура не была зацікаўленая ў кансалідацыі беларускай эміграцыі. Быццам бы нейкія пацвярджэнні таму маем.

Пасля перыяду тактычнай паўзы (афіцыйна ў лагерах перамешчаных асобаў палітычная дзейнасць была забароненая) розныя групоўкі беларускіх дзеячаў рэанімавалі дзве кіроўныя структуры.

Радаслаў Астроўскі зноў публічна стаў на чале Беларускай Цэнтральнай Рады, утворанай у снежні 1943 г. у Мінску як дарадчы орган пры нямецкай адміністрацыі.

Мікола Абрамчык рэанімаваў праект Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Так на арэну выйшлі два цэнтры палітычнай рэпрэзентацыі беларусаў.

Як піша гісторык Алег Гардзіенка, пачалася барацьба за ўплыў на дзясяткі тысяч уцекачоў паміж «старым» лідэрам Астроўскім і «новым» — Абрамчыкам. Гэтая барацьба на дзесяцігоддзі перадвызначыла будучыню беларускай эміграцыі па ўсім свеце. Абодва бакі абрынулiся са знішчальнай крытыкай на апанентаў.

Тыя, хто падтрымліваў Астроўскага, закідалі Абрамчыку супрацоўніцтва з Ватыканам. «Бэцээраўцы» нават падазравалі, што Апостальскі пасад дае грошы на Раду БНР. Таксама яны падкрэслівалі, што Захарка быў па сутнасці прыватнай асобаю, а Урад БНР перадаў свае паўнамоцтвы бальшавікам з БССР у 1925 г. і самаліквідаваўся.

У адказ у 1947—1948 гг. пачалася кампанія дыскрэдытацыі «астроўшчыкаў». БЦР і асабіста Астроўскага вінавацілі ў супрацоўніцтве з нацыстамі.

А.Гардзіенка заўважае, што падобныя закіды рабілі, у тым ліку, актывісты БЦР, якія самі бралі актыўны ўдзел у грамадскім і вайсковым жыцці акупаванай Беларусі: Барыс Рагуля, Аўген Калубовіч, Станіслаў Станкевіч, Франц Кушаль.

Але і паплечнікам Астроўскага было што сказаць — яны вінавацілі Абрамчыка, а таксама Калубовіча, Кушаля ды іншых у супрацоўніцтве з польскімі і савецкімі спецслужбамі ў 1920—1930-я. Фантасмагорыя сітуацыі ўзмацнялася тым, што Астроўскі ў міжваенны час сам быў савецкім агентам ды займаўся адмываннем грошай ОГПУ (тады так называлася КДБ) для беларускіх арганізацый у Заходняй Беларусі.

Новаадкрытыя дакументы сведчаць, што да актывізацыі дзейнасці Радсалава Астроўскага спрычыніўся шэф 9-га аддзелу Брытанскай сакрэтнай службы (Secret Intelligence Service) Кім Філбі. Ужо потым на Захадзе стане вядома, што Філбі ад 1933 г. быў савецкім агентам.

У другой палове 1940-х усур’ёз разглядаліся варыянты перарастання «халоднай вайны» ў гарачую. У такім разе Захаду была б патрэбная прадстаўнічая фігура для Беларусі. А Радаслаў Астроўскі быў больш вядомы тут, чым Мікола Абрамчык. У Філбі, такім чынам, з’явіліся аргументы на карысць Астроўскага. Менавіта калі Філбі пачаў супрацоўнічаць з Астроўскім, той стаў праводзіць свае палітычныя акцыі адкрыта.

Эмігрант Кастусь Мярляк адзначаў з гэтай нагоды: «…калі злачынная дзейнасць шэфа англійскай сакрэтнай службы Кіма Філбі была раскрытая ў 1955 годзе, абодва прэзідэнты — Астроўскі і Абрамчык, — не стараліся для дабра беларускага народу ліквідаваць падзел беларусаў, а наадварот падзел пашыралі і распальвалі варожасць між людзьмі, абвінавачваючы адзін аднаго ў недарэчных справах. Варожасць, выкліканая падзелам, працягвалася ў дзеянні і контрдзеянні ва ўсіх галінах грамадскага жыцця на працягу трох дзесяткаў гадоў і нанесла аграмадную шкоду беларускай нацыянальнай справе»...

Цалкам чытайце артыкул у свежым нумары «Нашай Нівы». «НН» з’яўляецца ў кіёсках «Белсаюздруку» ў Мінску ў сераду ад абеду, у рэгіёнах — ад чацвярга ранку.

А найлепш — падпісвайцеся!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0