Грамадства
+ архіўныя матэрыялы, + фотарэпартаж + дадаліся дадатковыя фоты | 50 каментароў | 01:05, 2 лiстапада 2009

10 гадоў таму, увосень 1999 года, Беларусь перажыла пераломны момант гісторыі. Піша Барыс Тумар.

У Маскве цяжка хворы Ельцын ледзьве трымаў уладу ў руках. Ягоная папулярнасць у Расіі апусцілася да нуля. Клан Ельцыных нервова шукаў варыянты захавання «прыватызаванай» уласнасці. Усёмагутны алігарх Барыс Беразоўскі на нейкі час загарэўся ідэяй захаваць статус‑кво праз аднаўленне СССР. Хоць бы ў міні‑выглядзе саюзу Беларусі і Расіі. Гэта стварала смяротную пагрозу незалежнасці Беларусі.

Варта было зачапіцца за такі саюз адным кіпцюрком, і краіна завязла б у ім на дзесяткі гадоў.

Ці Беразоўскі і Ельцын сапраўды гатовыя былі пасадзіць у Маскве на царства Аляксандра Лукашэнку? Ці пасля падпісання саюзнай дамовы яго ліквідавалі б, як у свой час — генерала Лебедзя? Адказ ніколі не стане вядомы.

Дык вось, прапановы былі. Як распавядаў мне адзін з удзельнікаў тых падзей, у Мінску спакуслівыя аферты з Масквы ўсур’ёз абмяркоўваліся на нефармальным лукашэнкаўскім палітбюро. І яно схілялася да паходу на Маскву. Было гатовае спрабаваць удачу. Тагачасны кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Міхаіл Мясніковіч акурат паслаў сына вучыцца ў Акадэмію ФСБ Расіі.

Незалежная прэса біла трывогу. Незалежнае грамадства разумела пагрозу, якая навісла над краінай, і дзейнічала з усёй энэргіяй, якую толькі можна было мабілізаваць ва ўмовах дыктатуры. Найперш яно паспяхова скіравала свае дыпламатычныя рэсурсы на дыскрэдытацыю рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне, каб, у выпадку падпісання фатальных угодаў, свет не прызнаў ліквідацыі суверэнтэтэту дэ-юрэ як найдаўжэй. Тады б з часам краіна мела б шанец на аднаўленне незалежнасці па ўзоры Балтыі.

Увесну 1999 года апазіцыя спрабавала легітымізаваць дваяўладдзе ў краіне шляхам правядзення падпольных прэзідэнцкіх выбараў. У адказ былі ліквідаваныя Ганчар і Захаранка. Сотні людзей былі гатовыя на самыя рашучыя дзеянні і з незалежніцкага боку.

У паветры запахла навальніцай.

Лідэры апазіцыі запланавалі атаку на рэжым у форме вулічных дэманстрацый. Першая з іх — Марш Свабоды — адбылася 17 кастрычніка. Ініцыятыва яе правядзення належала так званай «новай хвалі» лідэраў апазіцыі. Лябедзька, Статкевіч, Вячорка, Данэйка, Бандарэнка ды іншыя яе лідэры застануцца ў першых шэрагах палітыкі наступны дзесятак гадоў.

Да дэманстрацыі падрыхтавалася і палітычная паліцыя Лукашэнкі.

…У наступным годзе супрацоўнік Міністэрства ўнутраных справаў лейтэнант Батурын папросіць палітычнага прытулку ў ЗША. Ён раскажа, што ўлада спецыяльна рыхтавала правакатараў у штацкім да Маршу Свабоды, каб дыскрэдытаваць апазіцыю. Маўляў, ён і сам быў сярод тых, хто падбухторваў беспарадкі. Менавіта гэтыя шпегі падпалілі пошту на вуліцы Змітрака Бядулі па шляху шэсця. У меркаванае месца сутыкненняў маршоўцаў з сіламі спецыяльнага прызначэння загадзя даставілі паддоны з тратуарнай пліткай, а іншыя шляхі для руху калоны былі перакрытыя...

Дэманстрантам не ўдалося прарвацца да Адміністрацыі прэзідэнта. Іначай быў бы штурм.

Так супала, што ў той гістарычны момант і апазіцыя, і ўлады адначасова пайшлі на абвастрэнне, кожны плануючы яго па‑свойму, але аднолькава разлічваючы скарыстаць яго на сваю карысць.

Разгон Маршу астудзіў гарачыя галовы. Такіх смелых дэманстрацый больш не будзе аж да Плошчы 2006 года.

Але ўлады вымушаны былі лічыцца з настроямі мінскай вуліцы і студэнцкіх інтэрнатаў. Час зацягнуўся, і нарэшце ў Маскве на паверхню вынырнуў Пуцін. Пагроза незалежнасці Беларусі мінула.

Хто выйграў палітычна ў выніку той сутычкі? Улады падштурхнулі апазіцыю да радыкалізацыі і разгарнулі кампанію яе ачарнення. З іншага боку, у шэрагі апазіцыі ўліліся дзесяткі юнакоў і дзяўчат, прагных змагання. Варта адзначыць, што пасля Маршу скачком выраслі продажы незалежных газетаў, у тым ліку «Нашай Нівы». Адбылася палітызацыя розумаў. Таму канчатковы вынік, у сухой рэшце, быў хутчэй на карысць незалежнага грамадства.

Што пісала НН 10 гадоў таму? Перадрукоўваем у скарачэнні рэпартаж з маніфестацыі «Марш да Незалежнасці», а таксама апытанне ўдзельнікаў дэманстрацыі — зробленае тады і паўторанае цяпер. Побач — эсэ студэнта, удзельніка шэсця. Для маладзейшых чытачоў «НН» гэтыя дакументы могуць стаць сапраўдным адкрыццём. Атмасферу тых дзён перадае таксама верш Славаміра Адамовіча, напісаны напярэдадні акцыі і апублікаваны пасля яе.

Барыс Тумар

У Маршы Свабоды ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. © photo.bymedia.net

Гэтая дзяўчынка з часам стане папулярнай тэлевядучай. © photo.bymedia.net

Гарыць расейскі сцяг. © photo.bymedia.net

Дэманстрант у масцы нейтралізуе правакатара. Вуліца Багдановіча. © photo.bymedia.net

Папулярны лозунг тых часоў: «Беларусь - у Еўропу, Лукашэнка - у ...» © photo.bymedia.net

Пад уплывам падзей у Сербіі студэнты зладзілі міні-карнавал. © photo.bymedia.net

Дзеянні апазіцыі па абароне незалженасці масава падтрымала інтэлігенцыя. На фота: пажылы маніфестант. © photo.bymedia.net

Сілы былі няроўныя. Дэманстранты змятуць перадавы шэраг амона. © photo.bymedia.net

Алесь Бяляцкі (злева) і Вінцук Вячорка паляць дамову. © photo.bymedia.net

Хлопцы з «Белага легіёна» ішлі на пярэднім краі. © photo.bymedia.net

Вуліца Першамайская перад бітвай. © photo.bymedia.net

Дэманстранты спрабуюць прарваць кардон лукашэнкаўцаў на мосце цераз Свіслач. © photo.bymedia.net

У адной руцэ выпадковы дубец, у другой - пакет.
Магчыма, гэты хлопец прабраўся ў Мінск на шэсце з іншага гораду
Вакол сталіцы былі выстаўленыя кардоны амону, што затрымлівалі падазроных. © photo.bymedia.net

Удзельнікі «Маршу» пра акцыю: 10 гадоў таму і цяпер

«Марш Свабоды» сваёй масавасцю нагадваў акцыі вясны 1996 году. У розныя моманты шэсця колькасць удзельнікаў вагалася ад 20 да 40 тысяч чалавек…» Гэтак у 1999 годзе пачынаўся матэрыял «НН» пасля кастрычніцкага «Маршу». У выказваннях дзесяцігадовай даўніны ўдзельнікі тых неверагодных для сённяшняга маладога пакалення акцый пратэсту акрэслівалі свае надзеі і чаканні.

Што змянілася? «НН» звярнулася да асоб, якіх апытвала з нагоды Маршу дзесяць год таму.

Аляксей Шэін, у 1999 г. кіраўнік прэс-службы цэнтру «Супольнасьць», сёння сустаршыня БХД:

1999: У 1995—1996 упершыню паўстала пытанне пра страту незалежнасці. За наступныя гады ўсе паспелі звыкнуцца з гэтай думкай. А цяпер рэальная пагроза з’явілася зноў, і людзі прыйшлі з новым запалам паказаць самім сабе і ўсяму свету — і Расіі таксама — што не так і лёгка будзе акупаваць Беларусь.

2009: Перыяд канца 90-х паслужыў найбольш для незалежнасці Беларусі. Часы былі страшныя. Мы з сябрамі ўсур’ёз абмяркоўвалі магчымасць далучэння Беларусі да Расіі. Цяпер няма той палітыкі Лукашэнкі, няма той замежнапалітычнай сітуацыі, калі ён мог ахвяраваць Беларуссю за пасаду ў Крамлі. Зараз людзі мусяць праяўляць менш радыкалізму. Хаця і ён патрэбны. Трэба працаваць на развіццё, на будучыню. Тады ніякі Лукашэнка не зможа нас прадаць.

Слава Корань, саліст рок‑гурту «Уліс»:

1999: За гэтыя гады людзі лепш зразумелі, хто ў нас каля ўлады, зразумелі, што так проста свабоду мы не атрымаем.

2009:Рэспандэнт быў недаступны для каментара.

Сяржук Сахараў, у 1999-ым рок-мэнэджэр, сёння мэнэджэр сярэдняга звяна. :

1999: У нашай няшчаснай, прыгнечанай, акупаванай Беларусі знайшлося столькі людзей, здольных абараніць яе незалежнасць. Мы чакаем ад гэтага толькі аднаго — рэвалюцыі. Ура!

2009: Смех.

Уладзімір Арлоў, пісьменнік:

1999: Мне заўсёды былі блізкія словы выдатнага гісторыка і пісьменніка сучаснасці Арнольда Тойнбі пра тое, што развіццё цывілізацыі адбываецца праз няспынны дыялог чалавецтва ці асобных нацыяў з Логасам, альбо Богам, вышэйшай сілай, якая быццам пасылае нацыі выклік і чакае адказу — раз, другі, трэці… Але аднойчы надыходзіць той момант, калі выклік, застаўшыся без адказу, можа пазначаць гістарычны скон нацыі. Беларусь падышла да гэтае мяжы. Я прыйшоў сюды сёння, як хаджу на ўсе акцыі апазіцыі, не таму, што веру ў іх імгненны поспех, а каб адчуць прысутнасць тае пасіянарнае творчае энергіі, якая, паводле таго ж Тойнбі, здольная змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

2009: Творчая энэргія, якой былі насычаныя акцыі канца 90-х, не знікла. Сёння яна выяўляецца ў праектах грамадска-культурнага кшталту. Кампанія «Будзьма», якая ахоплівае дзесяткі тысяч беларусаў, здолела прыцягнуць крэатыўныя сілы самага шырокага спектру — літаратараў, музыкаў, навукоўцаў. Яны ездзяць па Беларусі, шмат выступаюць. Не робячы розніцы паміж дзіцячымі летнікамі і вялікімі канцэртнымі пляцоўкамі. Вайцюшкевіч, Булгакаў, рэдакцыя часопіса «Дзеяслоў». Па ўсёй краіне адбыліся дзесяткі прэзентацый кнігі Алега Латышонка «Нацыянальнасць — Беларус».

Не пагаджуся, што масавыя акцыі засталіся ў мінулым. Зусім нядаўна была Плошча, Дзень Волі-2006. Выбары 2010 года павінны выклікаць новыя выхады людзей на вуліцу.

Марш да незалежнасці. З «НН», 1999, №27

Акцыя пачалася з таго, што на плошчы Якуба Коласа амонаўцы адабралi ў людзей… чорнага казла. На iм было напiсана «лукашэнка», i яго вялi наперадзе калоны.

У пятнаццаць хвiлiнаў на другую па праспекце Скарыны ў бок Акадэмii навук рушыла не менш за 15 тысячаў чалавек, а пад Акадэмію навук іх стала больш за 20 тысячаў. У кароткiм мiтынгу ўзяло ўдзел ужо больш за 30 тысячаў людзей.

Сюрпрызам для ўдзельнiкаў мiтынгу сталi разгорнутыя велiзарныя 25‑метровыя сцягi. Адзiн бел‑чырвона‑белы, а другi — сiнi з залатымi зоркамi, Еўрапейскага саюза. Людзi пранеслi iх на руках праз увесь горад. З парку Бангалор людзi вулiцамi Багдановiча і Варвашэнi скiравалiся ў цэнтр.

Людзi звярнулi да плошчы Перамогi, але праспект апынуўся перагароджаны мiлiцэйскiмi машынамi. Тады арганiзатары павялi натоўп вулiцамi Казлова i Змiтрака Бядулi.

На Змітрака Бядулi і адбылася самая буйная правакацыя дня: нехта кiнуў у пад’езд, дзе месцiцца 34‑е паштовае аддзяленне, петарду, i пошта загарэлася. Мужчыны з калоны кiнулiся ў агонь i загасiлi яго, хаця самi атрымалi апёкi.

Цікава, што літаральна за пару секундаў да загарання нашы карэспандэнты звярнулі ўвагу на міліцыянтаў, што стаялі на вахце ля гэтых дзвярэй, хаця болей у калоне міліцыянтаў на гэты момант ужо не заставалася.

Наступны кардон амонаўцаў прычакаў шэсце на рагу Фрунзэ i Першамайскай. Амонаўцаў было толькi пара дзесяткаў. Iх змялi i збiлi. Шлёмы ж павыкiдалi за плот холадакамбiната. Адзiн з амонаўцаў, якому ў кароткай сутычцы разбiлi галаву, страцiў прытомнасць, i яму дэманстранты аказалi першую дапамогу, пасля чаго яго на руках знеслi калегi.

Вулiца Першамайская на схiле была перакрытая пустымi УАЗiкамi, але людзi не перакульвалi iх: усё ж паводзiны iх былi асэнсаванымi і не жорсткiмi.

Людзей спынiў толькі трайны кардон АМОНа пры мосце цераз Свiслач на Першамайскай. Арганiзатары хацелi павярнуць маршоўцаў назад, каб не дапусцiць пралiцця крывi, ды дзе там! Старыя і жанчыны засталiся назiраць за развязкаю «Маршу…» на схіле. Пасля 15‑хвiлiнных перамоваў з амонаўцамi Мiкола Статкевiч заклiкаў дэманстрантаў вярнуцца на плошчу Якуба Коласа. Дэманстранты сталі паўзці назад. Але тут мiлiцыянты заатакавалi дэманстрантаў ззаду, схапiўшы пару чалавек i збiваючы iх дубiнкамi. У адказ манiфестанты кінуліся вызваляць схопленых: побач з мостам вядзецца будоўля, цаглiны з якое паляцелi ў амонаўцаў, гулка грукаючы аб металёвыя шчыты. АМОН захiнаўся шчытамi і раз‑пораз рабiў вылазкi. Асаблiва не пашанцавала тым з мiлiцыянтаў, што ў вернападданскім запале адарвалiся ад сваiх i, пераследуючы маніфестантаў, трапiлi да iх… у палон: пара — каля ўваходу ў парк Горкага, пяць — на Пулiхава. Дэманстранты, адбiўшы атакi, спрабавалi разагнаць у бок шыхтоў АМОНа трамвай, ды той не паддаўся. У адказ мiлiцыянты кiнулi ў бок дэманстрантаў слезацечныя шашкi, але паўночны вецер панёс дым назад на іх.

Пасля 15‑хвіліннага супрацьстаяння ўлады кiнулi на змучаных днём паходу дэманстрантаў спецназ.

Пачалося паляванне на людзей. Людзi траплялi ў засады ў парку Горкага альбо ў дварах. Сотні людзей шукалі схову ў гастраноме, што на пачатку вулiцы Пулiхава, але і туды ўварвалiся спецназаўцы…

Каля дзесятка мiлiцыянтаў i некалькі дзясяткаў дэманстрантаў пацярпелi, прычым прынамсі 7 чалавек трапілі ў «хуткую дапамогу» ў цяжкім стане. Затрымана не менш за 80 чалавек. Спецслужбы высадзілі дзверы кватэры Статкевіча і арыштавалі яго. Затрыманая і дэпутатка расійскай Дзярждумы ад сацыял‑дэмакратаў Беклямішава. Лідэры Фронту хаваюцца. Збіты і затрыманы дырэктар Беларускага калегіума Алесь Анціпенка.

За некаторымі людзьмі сачылі: гэтак, супрацоўніка газеты «Навінкі» Міколу Салаўя схапілі ўжо каля ўнівермага «Беларусь» і моцна збілі (ён усё шэсце ішоў у белым халаце санітара, прадаючы сваё выданне).

Лiдэры апазіцыi ўсклалi ўсю правiну за сутычкi на Мінгарвыканкам, якi нематывавана адмовiў у дазволе на дэманстрацыю.

Аляксей Шыдлоўскі. «НН», 1999, №27. Скарочана.

Анатоль Прасаловіч. Я — правакатар. З «НН», 1999, №27.

Апазіцыя зноў падзялілася. На «новую хвалю» і на «найноўшую». Гэта вам не сваркі пазнякоўцаў і вячоркаўцаў, не сацыял‑дэмакрацкія нутраныя разборкі. Гэта проста найглыбейшая розніца пакаленняў, неадольнае дыстанцыяванне. Адна генерацыя кліча дэгенерацыяй маладзейшых (перад вачыма стаіць стары дзядзюк, крычыць на маіх аднагодкаў: «Сукі, не кідайте камні, ідём на Якуба Коласа, ані нас не будут трогать!»). На пытанне, чаму арганізатары акцыі прасілі дазволу на правядзенне Маршу ў нелегітымных уладаў, сп.Бандарэнка адказаў каротка: «Каб пазбегнуць ахвяраў». Праз тры гадзіны той самы Бандарэнка адштурхоўваў людзей у бок Казлова («Я арганізатар, бляха! Ідзём праз Першамайскую!»), а яшчэ трохі пазней ягоны калега па справе Статкевіч ганьбіў «правакатараў» і гнаў натоўп назад на Коласа.

(Нейкія хлапцы прапанавалі стварыць гульню‑стратэгію «Абыду я Мінск увесь са Сцягам і Пагоняй!»)

Калі роспачная моладзь, гатовая на смерць дзеля вызвалення краіны, што яна і даказала на мосце цераз Свіслач, — гэта сукі, ціхары ды правакатары, дык і я, што не кінуў ніводнага каменя, таксама сука, ціхар ды правакатар. Калі на чале руху застанецца «новая хваля», дык можна спакойна залегчы на канапу і не хвалявацца: сапраўдных хваляванняў ад «новых беларускіх» не дачакаешся. Але ж ёсць «найноўшыя». «Правакатары».

Найноўшую гісторыю Беларусі прашу лічыць адкрытай.

«НН», 1999, №27. Скарочана.

Славамір Адамовіч Сямнаццаты дзень кастрычніка 1999 года. З «НН», 1999, №27.

    Сямнаццатага кастрычніка
    ніякае нам не свята,
    проста мы супраць апрычнікаў,
    тым болей, мы супраць ката.

    Хай дзень гэты будзе халодны —
    мы выйдзем з гарачымі сэрцамі,
    мы рушым за Край наш родны
    на штурм рэжымных фартэцый.

    Як россып чырвоных яблыкаў
    па белай крывіцкай гліне,
    мы рынем з прадмесцяў і фабрык
    на звязы трамвайных ліній.

    Пад барабанныя пошчакі,
    пад воклічы цэнтурыёнаў
    мы зоймем турмы і плошчы
    з патронамі ці без патронаў!

12 кастрычніка 1999 года

Падзяліцца навіной:         
50 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
гутовэць напiсаў(ла) Кастрычнiк 31, 2009 у 0:16
сведкі тых падзей адгукніцеся!!!
QWERTY напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 1:14
Наконт дзяўчыны, што стала тэлевядучай - прозвішча можна?

Рэд. Сакрэт.
Міхалыч напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 1:50
"Загадзя даставілі паддоны з тратуарнай пліткай" - хлусня. Гэта была плітка з прыступак ля фантана, дзе яна ляжала і дагэтуль.
Па-другое, ніхто не прымушаў моладзь кідаць гэтую плітку - трэба было галавой думаць.
Міхалыч напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 1:55
"Яго ліквідавалі б, як у свой час — генерала Лебедзя" - што Вы маеце на ўвазе? Што яго забілі?
Вася напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 1:59
А хто ведае, што зараз з Андрэем Козелам на першым здымку?
Удзельнік напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 2:05
Ну, атрымаў тады крыху па карку, здараецца... Запомнілася, як пэўнага хлопца (Ж.?) спэцназ загнаў каля маста ў Свіслач і ён уцякаў праз раку на другі бераг...
Алесь напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 2:06
Я быў актыўным удзельнікам тых падзеяў, у тым ліку кідаў камяні. Памятаю, што Статкевіч быў адзіным чалавекам з арганізатараў, хто застаўся да канца, астатнія разбегліся і схаваліся пад канапу (асабліва ўразіла тады баязлівасць Вячоркі). Дык вось, калі мы падышлі да штытоў АМАПу, Статкевіч пабачыў, што далей без крыві не прайсці і заклікаў усіх ісці да Якуба Коласа. Калі людзі завярнулі то шчыты расступіліся і на спіны адыходзячых накінуліся амапаўцы і пачалі ўсіх біць і валіць на зямлю, уразіла, што шмат з іх былі ў нецвярозым стане. Людзі пабеглі. Тады хтосьці крыкнуў: Што так і будзем усё жыццё бегаць? Хлопцы спыніліся і пабачылі камяні. Адзін амапавец памятаю быў да такой ступені п\'яны, што сам забег у натоўп каля крамы, дык яго моцна пабілі адабралі шчыт і дубінку. Памятаю, як хацелі зрынуць трамвай, але не ўдалося... Карацей, шмат успамінаў. Калі нешта падобнае паўторыцца? Не дачакаюся напэўна....
Дарэчы, калі б не Статкевіч - нічога б не было. Вячорка хацеў завяршыць МАРШ каля Бангалору, але Статкевіч нечакана заклікаў усіх рухацца да адміністрацыі лукі
Vital напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 3:30
Zdajecca niadauna bylo, a uzho 10 god minula! Buy tam na samym peradze, tak, kidau kamiani u AMAP... I zaraz ni ab chym ne shkaduju. Kab nie bylo padzej 95-99, 2006 Luakshenka nikoli b nia byu jaki jon josc zaraz!
Slauka напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 4:08
Быў я тады... абурайся як і усе... камяні ня кідаў... хапала каму кінуць...
Адно было пасьля ... бездапаможны страх что нічога зрабіць нельга супраць Мудзішчага...
Але на сёньняшні дзень згодны, што гэта было НЕ дарэмна і быў крок да незалежнасьці.
Жыве Беларусь.
Юрась Зянковіч напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 7:18
Я сьведка -- прайшоў ад пачатку да канчатку. Пашчасьціла ня быць арыштаваным -- апошнім заскочыў у дзірку ў плоце ў парк Горкага. Тых, што былі за мной, арыштавалі і зьбілі.

Наконт дзяўчыны: дык хаця б дзе яна вядучая? Я яе ведаю, але на Белсаце, здаецца, яе няма. БТ не гляжу, ОНТ таксама.
zenia напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 9:40
Што ў 99м што ў 06(паход на Акресціна) было відаць :не вывучал арганізатары ні стратэгіі ні тактыкі.Тым больш дзіўна ўспомніць што Статкевіч вайсковец быў сярод арганізатараў.Пры жаданні ўлада магла зрабіць з удзельнікамі што заўгодна.Народ аказваўся ў пастках.Перакрывай адыход і мясі.
Каменьне ,дарэчы,сьвісьцела ў 99м над галавою ў два бакі і ў дэманстрантаў шчытоў не было.Я дурань падшоў тады да самага амапаўскага кардону.Алеж цікава было.
Можа хто ведае чым усёж апойваюць амап перад разгонамі,бо рабіць тое што яны рабілі падчас зачысткі ў 99м у розуме,не ўяўляю.Ці адбор такі якасны?!і
zenia напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 9:43
Спадзяюся дзяўчына не на Бт працуе!
Спадзяюся дзяўчына не на Бт працуе! (c) напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 11:13
хутчэй за ўсё там. Бо на белсаце няма ПАПУЛЯРНЫХ вядучых :)

НН, навотша сакрэт гарадзіць? Навошта казаць А, калі хаваеш Б? Лепш увогуле маўчалі. Бо дзеўчына, напэўна, хвалюецца, а іншыя - цікавяцца.
Міхась напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 11:14
"Калі на чале руху застанецца «новая хваля», дык можна спакойна залегчы на канапу і не хвалявацца: сапраўдных хваляванняў ад «новых беларускіх» не дачакаешся."

Дальнабачны прагноз аказаўся...
Ягор напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 11:18
Варта было быць там. Я быў там. І калі трэ будзе, буду зноў на вуліцах свайго гораду. =) Дзякую за напамін пра тую жорсткую і важную падзею. Нагадайце каліласка пра другі марш, які адбыўся пасля і быў таксама вельмі массавым. )
ГЕНА напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 12:16
Блін, во часы былі... Мяне там не было, але я зразумеў атмасферу па тым вершыку Адамовіча ў маякоўскім рэвалюцыйным стылі.
Няўжо насамрэч "з патронамі ці без патронаў"?
Арагорн напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 12:17
Дзе ж я быў у 99-м? Мо дзе пад плотам п'яны спаў, мо на канапе яшчык глядзеў - не памятаю. Добра памятаю, дзе ў 96-м быў, а далей ўжо другое жыцце пайшло, німа чаго ўспомніць...
ГЕНА напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 12:40
Можа фотак болей падкіньце, ці спасылку дайце.
Димыч1 напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 12:50
гутовэць напiсаў(ла)

Кастрычнiк 30, 2009 у 23:16

сведкі тых падзей адгукніцеся!!!



Чаго табе? Я сьведка.:))
Burbalka напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 13:08
Паводле ўласных адчуванняў, Марш Свабоды даў больш энэргіі за Плошчу, таму што народу было непараўнальна больш, быў рух, было імкненне, дынамізм, было класнае надвор'е, дый міліцыя была іншая. Больш менш падобным быў Дзень волі 2006 (калі каля праспекту збіраліся). Прынамсі, фоткі і відэа, дзе ёсць рух, неяк даюць натхненне - калі памятаеце, потым былі яшчэ музычныя кліпы з гэтымі фоткамі. І тады не было праграмы "каліноўцаў", хто з'яжджаў, хаваючыся ад пераследу, як, напрыклад, Паша-палітолаг, які вучыўся ў адной групе з Колем Астрэйкам, ехаў у нікуды - у Чэхію, дзе яго ніхто не чакаў. Таму, калі будзем паўтарацца, давайце паўторым Марш Свабоды - ці дэманстрацыі 1996, 1997, а не стаянне Плошчы.
zenia напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 13:09
ТЫ- свидетель!Ад цябе нічога.
нацыяналіст напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 13:17
Спадзяюся, больш такога не спатрэбіцца нікому.

Памятаю, у расейскай цэнтральнай прэсе загаловак: "Первый бой белорусов за незавісімость длілся 40 мінут".
sid напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 14:08
Марш Свабоды 99 выратаваў незалежнасць РБ ? Вам бы, сп. Тумар, казкі пісаць :) Тры галоўныя казачнікі Беларусі. сп. Пазьняк, сп. Лукашэнка, сп.Тумар :)

Рэд. Вы гіперінтэрпрэтуеце, спадару Сід.
Паша-палітолаг напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 14:33
Burbalka, а ты хто, калі не сакрэт? %)
Димыч1 напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 15:22
Общее впечатление тех дней: Статкевич отколол чать манифестантов, повел из собою мимо парка Горького к администрации президента и подставил их на столкновение с ОМОНом. Людей били, те пробовали метать булыжники. Помню отзывы тех дней в оппозиционной среде о поступке Статкевича: Статкевич- провокатор.
nm напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 15:24
может 34 почтовое отделение поджигали несколько раз? Я шла в начале колонны, все люди двигались по проезжей части, а на тротуаре, в 5 метрах от почты, стояло несколько молодых людей в штатском с военной выправкой.Вдруг из закрытой двери повалил дым и даже языки пламени вырывались наружу, но никто из демонстрантов не пошел тушить пожар, а молодые люди наблюдали за событиями со стороны. Через минуту дверь открылась, вышел милиционер, пламя погасло, дым начал рассеиваться. Милиционер зашел обратно в почтовое отделение, оставив дверь открытой
shydlouski напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 16:44
2Вася
На першым здымку не Андрэй Козел, а Васіль Ж., адзін з маіх найлепшых сяброў. З ім усё ў парадку. Працуе ў Менску кіроўцам грамадскага транспарту.
Кнехт напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 18:17
І я там быў.
Калі дайшлі да маста на Свіслачы, Статкевіч праз мегафон аб\'явіў ад заканчэнні шэсця і прапанаваў усім разыходзіцца. Але спрацавала інерцыя - народ не разыходзіўся.
Я, напрыклад, прайшоўся ўздоўж шэрагу салдацікаў на мосце, каб паглядзець на іх. Па выгляду было бачна, што яны на тэрміновай службе - не \"гвардзейцы-грэнадзёры\", а звычайныя спалоханыя маладзёны.
Разам са мной да шэрагу падыйшоў \"агітатар\", які спрабаваў расчыніць вочы вайскоўцам.
- Лука вас абманіў! Лука вас абманіў! - раз-пораз прагаварваў ён, ідучы ўздоўж шэрагу.
Народ мітынгаваў, выкрыкваліся розныя \"абзывалкі\" ў бок вайскоўцаў.
Але на дзеянні мітынгоўцаў справакавалі бацькі-камандзіры, якія камандавалі вайскоўцамі. Раптам, па іх камандзе, шэраг расступіўся і адтуль, як джала змяюкі выскачылі пад прыкрыццём шчытоў некалькі ваўскоўцаў і, ўхапіўшы за рукі нейкага маладзёна, пацеглі яго па асфальце да сваіх. Гэта выклікала ўсплёск абурэння і на іх галовы абрышуўся шквал бітай тратуарнай пліткі, якая ляжала ўждоўж дарогі...
Запомнілася таксама, як служывыя ўсчалі паляванне на нейкага актыўнага хлапчука і ён, ратуючыся, ўскочыў у раку.
Пьяны нэпман напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 18:26
Падаецца, ніякая яга не вядучая, а рупар спортлато
Mikola напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 18:56
Knext 2. Moza na getym moste i bacylis ?Adnak dalei ni paisou.....Praz nekalki dzen (ja tady na MAZe pracavau) u yinamantaznam cehe padyisou da mjane adzin znaiomy ,jaki palitykai amal ne tikaviasa, Na tvary bylo bacna -nesta z im zdarylas.Hlopec nedze 2 metry. Usio z za 'vasago BNF' patjarpeu -pasprabavu pazartavat ion. U toi momant kali skoncyusa 'Mars Svabody' ion byu z dzjaucynai i spyniusa pagliadzec. Zapihnuli,skrutili i 2 dnja pratrymali u pastarunku ,astrafavali.....Adnak ni geta galounaie ,'ad zatrymanna' jasce 3 dni u jago maca isla z kryvioi.....Ja hateu parait kudy zvjarnucca sa skargai....Ion tolki mahnuu rukoi...
Жынь напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 20:41
Памятаю, як дзяўчынка гадоў 10-11 шыхтавала зь дзесятак хлапчукоў. Памятаю, як казала адна старая кабета: "Вось бы Статкевіча прэзідэнтам.Як думаеце--будзе?" Помню, як сыходзілі зь сябрам з вуліцы Першамайскай, нас спынілі і адпусьцілі. Акцыя была цудоўная.
Panich напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 20:54
Я быў там у свае 16 - шмат,шмат адрэналінуу першых шэрагах))). Потым усё пераглядаў "Незвычайны канцэрт". Акцыя былая,канешне,адметная,але с патасам гэтага артыкулу не мае нічога агульнага.
Пятро Касьнерык напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 20:55
Барыс Тумар
Незалежная прэса біла трывогу. Незалежнае грамадства разумела пагрозу, якая навісла над краінай, і дзейнічала з усёй энэргіяй, якую толькі можна было мабілізаваць ва ўмовах дыктатуры. Найперш яно паспяхова скіравала свае дыпламатычныя рэсурсы на дыскрэдытацыю рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне…

Галоўны герой тых часоў гэта Валерый Шчукін. Усе астатнія масоўка…
«Народная газета» 9 января 1996 года. Алексей ОЧЕРЕТНИЙ «Депутаты вновь избранного ВС уверены в продуктивности своей будущей работы»
«…В.А. ЩУКИН, бывший офицер, последние 8 лет –тракторист, коммунист, член ЦК ПКБ основной своей задачей в парламенте считает
«… прекратить капитализм и делать социализм…».
нямчук напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 21:59
"Запомнілася, як пэўнага хлопца (Ж.?) спэцназ загнаў каля маста ў Свіслач і ён уцякаў праз раку на другі бераг..."
Гэта быў Віцька Жогунь, тагачасны старшыня Свіцлацкай рады МФ. Ён нават не захварэў пасля гэтага і ад расправы ўцёк. Добры быў хлопец, кампанейскі. Уся нармальная моладзь тады выходзіла на дэманстрацыі. Эх, няма таго, што раньш было!
Kronan напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 22:27
Ну і сапраўды нейкая падобная на Вольгу Венскую. Я разам з ёй вучыўся на журфаку. Але праўда я на з Гародні.
Кот напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 22:52
У прынцыпе, калi сабраць адразу i ў адным месцы ўсiх, хто ўдзельнiчаў ад 1988, 1996, 1999, 2001, 2006 да цяперашняга, штурм нары заняў бы не больш за паўгадзiны.. Ну дык як..? :)
Gringoire напiсаў(ла) Лiстапад 3, 2009 у 4:29
Той марш быў маім самым першым удзелам ў апазыцыйным мітынгу. 21 год было...Пайшлі разам з маці, але падчас патасовак на схіле згубіліся. Вельмі абураўся тымі, хто пачаў камяні кідаць -адразу ўзьнікла думка-правакацыя. Памятаю, як у натоўп патрапіла двое зусім маладзенькіх хударлявых хлапцоў у спецвайсковай амуніцыі...Праз хвіліну адзін ляжаў з акрываўленым тварам на зямлі без каскі і крычаў: -за што вы так?!...- А навошта лезеш супраць народу!-адказваў дзядзька сталага ўзросту. Другі вырваўся і зьбег назад уніз. Калі пачаўся сапраўдны хапун, мяне чамусьці ніхто не чапаў і не зьвяртаў увагі -я пакрочыў у краму на Пуліхава, а потым дварамі дабраўся да цэнтру...Народу тады канешне было!!!Піка колькасьць ўдзельнікаў Маршу, як мне падалося, дасягнула каля Акіяну на перакрыжаваньні з праспэктам Скарыны. Тады яшчэ падумалася- будзе штурм рэзыдэнцыі, штосьці сурёзнае, пералом сытуацыі ... дыктатар сядзе ў гелікоптар і смыецца...Але ўсё стала зразумела на пагорку Першамайскай.

Дарэчы, у сьвіслацкай вадзе тады апынуўся таксама адзін мой знаёмы, не самы апошні сёньня чалавек у спартовым жыцьці краіны.
Ганна напiсаў(ла) Лiстапад 3, 2009 у 14:52
І для мяне гэта была першая апазіцыйная акцыя. Мне было 18. Пайшла разам з аднакурсніцамі. На Першамайскай на ўзгорку мы апынуліся чамусьці ў першых шэрагах, толькі з краю. Памятаю твары міліцыянераў, зусім маладых, нашых равеснікаў, яўна спалоханых тым, што адбывалася. Памятаю, як спрабавалі разагнаць трамвай, як усчалася бойка і як некаторыя пачалі скакаць у раку, і як нехта ўзарваў скрыню петардаў, але тое ўжо невыразна, як кадры кінахронікі, месцамі пашкоджанай. А потым мы з сяброўкамі ў парку ўцякаем ад міліцыі, я абарочваюся і бачу, як адзін з іх б\'е пажылую жанчыну дубінкай па спіне... Ад той акцыі засталося адчуванне свабоды, страху зусім не было, магчыма таму, што гэта была першая мая акцыя. Страх давялося пераадольваць ужо ў пазнейшых акцыях, калі прыйшло разуменне, што нехта апрануты ў адпаведную форму лічыць, што гэта дае яму права збіваць і калечыць людзей.
mikhal charvinski напiсаў(ла) Лiстапад 3, 2009 у 21:50
Тумар праводзiць думку, што тады пагроза для незалежнасцi была вялiкая, а цяпер нiякае пагрозы няма.
нiбыта такая рэч, як незалежнасць, можа залежаць ад волi аднаго чалавека.
асаблiва калi таго, чаго ен сапрауды хоча, не ведае нiхто.
калi яго ахоўваюць непрафесiяналы, з моцнымi сувязямi ў суседняй дзяржаве.
калi нiхто не ведае, што будзе, калi з гэтым чалавекам нешта здарыцца, напрыклад, насустрач ягонаму картэжу выедзе трактар, як гэта аднойчы было, хай і ня з ім.
калi нiхто не ведае, куды кiнецца ягонае акружэнне у такiм выпадку.
нiбыта цяпер можна пайсцi легкiм шляхам падтрымкi гэтага аднаго чалавека, замест падтрымкi незалежнасцi ад гэтага чалавека.
нiбыта палiтычная воля вызначае ўсё, а адсталая ды закладзеная за даўгi эканомiка нiчога не значыць.
нiбыта залежнасць ад еўропы нечым лепшым свецiць беларушчыне, чымся залежнасць ад расеi -- вазьмiця тыя ж нямеччыну i швецыю ў пытаннi мовы радыёвяшчання.
нарэшце, нiбыта незалежнасць можа быць абароненая ў выпадку, калi на палiтычнай арэне больш не засталося немарыянеткавых сiлаў.
калi ўсе палiтычныя сiлы пазбаўленыя магчымасцi, стымулу i здольнасцi для кантакту з народам.
i можа быць такi ж шок, якi адлюстраваўся ва ўспамінах садоўскага -- будавалi-развiвалi грамадзянскую супольнасць на заходнiя грошы i паводле заходнiх праграм, а як адбыўся переварот, то на плошчы – нiкога.
i тое, што так званая "апазiцыя" поўнасцю праiгнаравала перапiс, а людзi засталiся з гэтай дзяржаўнай акцыяй з не да канца вядомымі мэтамі сам-насам, у аморфным стане, без дыскусii i выпрацоўкi пазiцый.
калi грамадства зараз фактычна пазбаўленае "нэрвовых цэнтраў", якiмi мусяць быць структуры грамадзянскай супольнасцi, i не здольнае таму адэкватна рэагаваць на унутраныя i вонкавыя выклiкi.
усё гэта гаворыць, што пагроза незалежнасцi застаецца.
а можа нават ёсць самай вялiкай за ўвесь час.
бо грамадства фактычна павярталася ў анэмiчны даперабудовачны час.
Кот напiсаў(ла) Лiстапад 3, 2009 у 22:08
mikhal charvinski
---
+1000.
Danik напiсаў(ла) Лiстапад 4, 2009 у 0:01
2Паша-палітолаг
Я табе патэлефаную бліжэйшым часам. Год не бакланілі!
ГЕНА напiсаў(ла) Лiстапад 4, 2009 у 0:44
Міхал Чарвінскі +1000
Пятро Касьнерык напiсаў(ла) Лiстапад 4, 2009 у 12:24
Цешуся надзеяй, што вэб-рэдакта(ка) чытае мае каментары. Нават калі адзін чалавек у полі НЕ ВОІН гэта ўжэ крок да цывілізаванага жыцця.
siarguk напiсаў(ла) Лiстапад 4, 2009 у 15:42
Няведаю як Бандарэнка,а сп.Статкевіч дакладна заклікаў ісьці па вул.Першамайскай, хаця мажліва было ісці па праспекту ў бок пл.Перамогі ( з таго боку быў зусім маленькі кардон міліцыі)
сяргей-пінск напiсаў(ла) Лiстапад 4, 2009 у 15:46
На жаль гэта быў апошні шанец "скруціць галаву" дыктатуры. НЕ СКАРЫСТАЛІСЯ.....
Gringoire напiсаў(ла) Лiстапад 5, 2009 у 3:41
to siarguk: Ну так. А чаму- пытаньне да Статкевіча...
Гары Куманецкі напiсаў(ла) Лiстапад 5, 2009 у 8:57
Ну і я там быў. Біўся зь міліцыянтамі на Першамайскай, гойсаў пасьля па дварах.
А з дварах хаваліся й арганізатары... Шанцаў не было. З такімі лідарамі...
Пэріс Хілтан напiсаў(ла) Лiстапад 5, 2009 у 13:17
Доўга смяялася, наконт "дзяўчынкі, што стане папулярнай вядучай".
Дзяўчынка (Ганна) стала тварам лукашэнкаўскай латэрэі..... Што не лепшым чынам кажа аб ёй..
the_Max напiсаў(ла) Лiстапад 5, 2009 у 15:04
гутовэць, а ты што, з Гутова?
Danik напiсаў(ла) Лiстапад 9, 2009 у 2:08
@сяргей-пінск
У кастрычніку 1999 шансаў ужо не было.
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Верасень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).