Новы склад бундэстага прагаласаваў 28 кастрычніка за таго ж самага канцлера. Ніякай інтрыгі не было. Усе ведалі, што ў Ангелы Меркель другі тэрмін ужо ў кішэні яе гарнітура. Таму і нядаўнія парламенцкія выбары ў Германіі, за якімі давялося назіраць і аўтару гэтых радкоў, аглядальнікі назвалі нуднымі.

Тое ж кажуць і пра беларускія выбары, на якіх вось ужо паўтара дзесяцігоддзя нязменна перамагаюць Аляксандр Лукашэнка і яго нефармальная партыя ўлады. Але гэтыя дзве нуды — неба і зямля, скажу я вам.

Нязменны прэзідэнт Беларусі артыстычна скардзіцца перад тэлекамерамі: маўляў, народная любоў проста зашкальвае, даводзіцца нават злёгку адкручваць вынікі волевыяўлення.

Вось як, паводле яго версіі, было ў 2006 годзе: «Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80, я не памятаю колькі. Таму што за 90 — гэта ўжо псіхалагічна не ўспрымаецца».

І раней на гэтую тэму: «Апошнія выбары мы сфальсіфікавалі, я ўжо заходнікам пра гэта гаварыў… За прэзідэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5%. Кажуць — гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86».

Шчыра кажучы, і гэта — не еўрапейскі паказчык. У дэмакратыях Старога Свету такіх «элегантных перамог» практычна не бывае. Бо там — развітая партыйная сістэма, рэальная палітычная канкурэнцыя, змаганне ідэй. Да таго ж не ўжываецца тэрмаядзерны адміністрацыйны рэсурс. Так што сімпатыі шматслойнага, нюансаванага грамадства натуральным чынам раскладваюцца па паліцах.

Паглядзім на прыкладзе Германіі. Кансерватыўны блок Ангелы Меркель —

ХДС/ХСС — набраў на выбарах 27 верасня 33,8%. Зусім не трыумф, заўважце.

Зрэшты, піва на вечарынцы ў кансерватараў лілося ракой, пацвярджаю як сведка. Але потым наступілі суровыя будні. І каб стварыць урад, давялося амаль цэлы месяц на цвярозую галаву дамаўляцца з лібераламі са Свабоднай дэмакратычнай партыі на чале з Гіда Вестэрвеле. Прычым тыя наогул набралі толькі 14,6%. Але кансерватары аддалі перавагу кааліцыі з гэтымі ўчарашнімі апазіцыянерамі, а не з сацыял‑дэмакратамі, у якіх фармальна вынік быў лепшы — 23%.

Для беларускага абывацеля ўся гэтая арыфметыка — цёмны лес. Немцы ж адсочвалі перад выбарамі дынаміку сацыялагічных апытанняў, звяртаючы ўвагу на долі працэнта.

Дарэчы, пра незалежную сацыялогію. У нас яе трымаюць у абцугах. Экзіт‑полаў баяцца як чумы. НІСЭПД, як і ЕГУ, выціснулі ў Вільню: няма чаго кідаць цень на элегантныя перамогі!

У Германіі афіцыйныя вынікі выбараў у бундэстаг практычна супалі як з прагнозамі, так і са звесткамі экзіт‑полаў,

што былі абвешчаны на ўсю краіну па гарачых слядах. Дакладнасць незалежнага маніторынгу на ўсіх стадыях кампаніі — аптэкарская. Гэта значыць, што «між іншым» перакінуць сюды‑туды дзесятак працэнтаў у іх там у прынцыпе немагчыма.

Ну а сацыял‑дэмакраты, саюз з якімі (во ўжо сапраўды саюз вужа і вожыка!) фрау Меркель разарвала, цяпер самі апынуліся ў апазіцыі. Але гэта зусім не азначае, што шаноўнага гера Штайнмаера і яго доблесных партайгеносе зараз будуць рэгулярна дубасіць паліцэйскія. Апазіцыя ў іх, бач ты, сістэмная.

Сацыял‑дэмакратычныя лідэры (у катэгорыях айчыннай прапаганды — «адмарозкі, якія рвуцца да ўлады») будуць сядзець у тых жа сініх крэслах пад празрыстым купалам рэйхстага. Гэткая нудная еўрапейская палітычная руціна. Ніякага адрэналіну.

Дарэчы, ацаніце прапорцыю: у новым бундэстагу ў кіроўнай кааліцыі — 332 месцы, у апазіцыі — 290.

Тамтэйшы апазіцыйны барацьбіт не апынаецца з пабітымі рэбрамі ў пастарунку пасля несанкцыянаванай акцыі. Збэсціўшы з трыбуны ўрад, «гер адмарозак» спакойна ідзе дамоў, п’е гарбату ў халаце ды тапках — і хваліцца жонцы, які ён круты.

Звыш таго, СДПГ будзе і надалей спраўна атрымліваць казённыя грошы. Такая падкормка прызначана паводле закону, які абвяшчае: «Партыі выконваюць грамадскую задачу і таму атрымліваюць сродкі ад дзяржавы». Праграма‑мінімум, каб адчыніліся засекі, не такая ўжо і складаная: набраць паўпрацэнта галасоў на выбарах у бундэстаг ці Еўрапарламент, адзін працэнт — на зямельных выбарах.

Карацей, паводле іх гнілых дэмакратычных замарочак дзяржава абавязана песціць палітычны плюралізм. Дарэчы, гэта дзіўная для беларусаў практыка — дзяржфінансаванне партый — дзейнічае больш як у паўсотні краін.

Зараз вось і айчыннае начальства хоча крыху спадабацца Еўропе. Днямі анансаваны навацыі, якія мяркуецца ўвесці ў выбарчае заканадаўства. І вуснамі кіраўніцы ЦВК абяцана нават «стымуляваць» партыі.

Усталяваўшы для партый і грамадскіх арганізацый квоты ў выбаркамах, Беларусь фармальна пераплюне Германію, дзе такіх заканадаўчых гарантый няма. Але, ведаеце, і сталінская канстытуцыя, складзеная будучым «ворагам народа» Бухарыным, выглядала на паперы вельмі нават прагрэсіўна. А «ворагаў» тым часам адстрэльвалі пачкамі.

Карацей, на практыцы ў нас могуць на гэтую квоту насадзіць у камісіі людзей з лаяльных структур (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь») і такім чынам ізноў элегантна прадынаміць «дэструктыўныя элементы».

У Германіі ж механіка выбараў настолькі празрыстая, усе працэдуры выконваюцца з такім педантызмам (ну немцы ж!), што партыйнасць валанцёраў, з якіх фармуюцца камісіі (сапраўдных добраахвотнікаў, а не падабраных вертыкаллю манекенаў), нікога не хвалюе. Якая розніца, даказвалі мне тамтэйшыя суразмоўцы (і палітыкі, і функцыянеры МУС, і звычайныя людзі), калі імавернасць фальсіфікацый апрыёры імкнецца да нуля?

І вось што я вам скажу. У прынцыпе і паводле сённяшняга кодэксу ў нас можна правесці ўзорна сумленныя выбары. Тэарэтычна. Але

ўсё ўпіраецца ў пачварную, амаральную палітычную сістэму, дзе паводле азначэння няма месца канкурэнцыі. Кожная ўлада, як вядома, разбэшчвае, абсалютная ж улада разбэшчвае абсалютна.

А вось Ангела Меркель хоць трэсні не здолела б задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс. Тамтэйшая сістэма не дазваляе: уладныя галіны адна другую стрымліваюць і кантралююць.

Дэмакратыя, няхай гэта будзе нямецкая, амерыканская ці іншая, зусім не ідэальная рэч. Яна не робіць палітыкаў белымі ды пухнатымі, але, далібог, добрая ўжо тым, што не дае ім захапаць усё.

Ну а спадарыню канцлерку, не чакаючы ніякіх ста дзён, па поўнай праграме прабірае ўжо тамтэйшая прэса (цалкам, заўважце, «дэструктыўная»: дзяржаўнай практычна няма). Аглядальнік «Шпігеля» назваў новы ўрад паркам Юрскага перыяду. Ну што тут сказаць? Не бачыў ён паркаў Юрскага перыяду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?