Лукашэнка выхаласціў змены ў выбарчае заканадаўства. Перамога на выбарах застаецца загадзя гарантаванай таму, хто іх арганізуе.

Па выніках нарады з прыгожай назвай — «па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства» — стала ясна: палітычныя практыкі ў краіне застануцца нязменнымі. Прынамсі, на выбарчых кампаніях 2010–2011 гадоў. Спробы еўрапейцаў схіліць Лукашэнку да дэмакратызацыі зверху не прывялі да поспеху.

«Лібералізацыя выбарчага заканадаўства не павінна прывесці да палітычных беспарадкаў і анархіі падчас маючых адбыцца выбарчых кампаній»,
— так гэта сфармуляваў Лукашэнка.

У прыватнасці, перадвыбарныя сустрэчы будуць праводзіцца выключна ў вызначаных для таго месцах. Звычайна гэта пляцоўкі ненавідавоку, у парках ці на ўскрайку гарадоў.

«Трэба раз і назаўсёды астаўбіць, будзь тое ў Гомелі, Мінску ці Брэсце, Бярозе ці ў нейкім сельскім савеце, вызначанае месца. І іншага месца быць не павінна»,
— сказаў А.Лукашэнка. Гэта значыць, палітычную агітацыю на вуліцы, да людзей не пусцяць.

У пытанні фармаванні выбаркамаў таксама змены ў практыцы не гарантаваныя. Вось як Лукашэнка выхаласціў прапановы фармаваць выбаркамы так, каб не менш за траціну іх складалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый: «Я наагул не бачу праблемы ў гэтым пытанні. Калі ласка, на месцах ёсць партыі, аб’яднанні.

Ідзіце ў райвыканкамы, дзе прымуць рашэнне і ўключаць вас у выбаркамы. Але сілай прымушаць уключаць траціну ці палову не трэба».
Між тым пры дэмакратыі заўжды апазіцыя мае ўдзел у камісіі і правярае падлік галасоў.

Што да магчымасці назіраць за падлікам галасоў — а гэта ключавая ўмова даверу да вынікаў, дык

«старшыня камісіі ў нас на месцы вырашае, як назіраць, у якім куце стаяць. Калі мы тут будзем прымаць нейкае рашэнне, то гэта ўжо будзе ціск і нівеляванне таго падыходу, які сёння існуе».
Напярэдадні выбараў у палату прадстаўнікоў Лукашэнка гаварыў літаральна тое самае, дадаючы: старшыня камісіі будзе «адказны за вынікі». Так што і тут у рэальнасці нічога не зменіцца.

У астатнім Лукашэнка не бачыць перашкодаў для рэалізацыі прапановаў Еўрасаюзу: «Нядаўна, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ЕС я сказаў, што ў нас няма абсалютна ніякай алергіі і адпрэчвання што да тых прапаноў, якія ўносіць ЕС», — сказаў А.Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, «нам трэба няшмат часу,

і гэтыя 12 ці 15 прапаноў ЕС можна спакойна прыняць, без шкоды для нашай краіны, нашай унутранай палітыкі»,
толькі з улікам усяго вышэй адзначанага гаворка ідзе аб прыняцці адно на словах.

Астатняе было чыстай вады прапагандай: «Мы не супраць, дзякуй, што падказваеце», але ўсё робіцца, робіцца «дзеля сябе, дзеля народа, для ўнутранай палітыкі, каб не дэстабілізаваць становішча».

* * *

12 патрабаванняў Еўрасаюза да ўладаў Беларусі

Паважаць права народа Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам — іх права чуць усе меркаванні і бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазіцыйных кандыдатаў і груп падтрымкі праводзіць кампаніі без прыгнёту, судовага пераследу або турэмнага зняволення; незалежнае назіранне за выбарамі, беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ўключна; права волевыяўлення і права на справядлівы падлік галасоў;

паважаць права народа Беларусі на незалежную інфармацыю, і выказвацца вольна, напрыклад, дазваляючы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага пераследу, не зачыняючы газеты і не перашкаджаючы іх распаўсюджванню;

паважаць правы недзяржаўных арганізацый, як жыццёва важнай часткі здаровай дэмакратыі - больш не ўскладняць іх легальнае існаванне, не прыгнятаючы і не пераследваючы сябраў грамадскіх арганізацый, і дазваляючы ім атрымоўваць міжнародную дапамогу;

вызваліць усіх палітычных зняволеных - сябраў палітычных апазіцыйных партый, сябраў НДА і простых грамадзян, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і мітынгаў;

належным чынам і незалежна расследаваць або перагледзець выпадкі са знікненнем людзей[2];

забяспечыць права беларусаў на незалежную і непрадузятую судовую сістэму - з суддзямі, незалежнымі ад палітычнага ціску, без самаўпраўнасці і галаслоўнага крымінальнага судовага пераследвання або палітычна-матываванага судовага прысуду, як зняволенне ў турму грамадзян, якія мірна выказваюць свой пункт погляду;

спыніць адвольныя арышты і затрыманні, дрэннае абыходжанне з людзьмі;

паважаць правы і свабоды тых беларускіх грамадзян, якія адносяцца да нацыянальных меншасцяў;

паважаць правы беларусаў як працаўнікоў - іх права ўступаць у прафсаюзы і права прафсаюзаў працаваць на абарону праў людзей;

паважаць правы беларусаў як прадпрымальнікаў ажыццяўляць дзейнасць без празмернага ўмяшання ўлад;

далучыцца да адмены смяротнай кары ўслед за іншымі народамі Еўропы;

выкарыстаць падтрымку, якую АБСЕ, ЕС і іншыя арганізацыі прапаноўваюць Беларусі для дапамогі ў выконванні правоў сваіх грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?