Інжынерна-тэхнічны супрацоўнік ВА «Інтэграл» на ўмовах ананімнасці пагадзіўся распавесці пра асаблівасці субмікроннай вытворчасці і пракаментаваць абвінавачванні ў марнатраўстве сродкаў, якія Аляксандр Лукашэнка паказальна агучыў на ўсю краіну падчас наведвання прадпрыемства.

«Інтэграл» асвойвае вытворчасць пласцін з мінімальнымі памерамі элементаў 100 разоў меншымі за таўшчыню воласа.

«Інтэграл» асвойвае вытворчасць пласцін з мінімальнымі памерамі элемента
ў 100 разоў меншымі за таўшчыню воласа.

«Праект «Субмікрон К» — гэта вытворчая лінія, прызначаная для апрацоўкі паўправадніковых пласцін дыяметрам 200 мм з мінімальнымі праектнымі нормамі (мінімальнымі памерамі элемента) 0,35 мк. Для параўнання, таўшчыня чалавечага воласа 35 мк — то бок у 100 разоў большая. Без гэтай лініі «Інтэграл» нікому не патрэбны. Яе ўсталяванне — жыццёвая неабходнасць.

Абсталяванне для лініі вельмі дарагое. Тых сродкаў, што былі выдзеленыя, хапіла толькі на самае неабходнае. Але на тое, каб абсталяваць лінію паўнацэнна і сучасна, грошай проста не хапіла. Таму прыходзіцца дадаткова выкарыстоўваць абсталяванне са старой лініі. Але ўсе гэтыя праблемы, у прынцыпе, вырашаюцца, і лінія, хаця і не ідэальна, працуе. Прадукцыі пакуль сапраўды няма, але да лета ўсё будзе даведзена да ладу і прадукцыя пойдзе.

Праблема ў іншым. Куды яе прадаваць? Паўсюль крызіс. На лініі будзе стварацца прадукцыя як вайсковага, так і цывільнага прызначэння. І калі вайсковая прадукцыя купляецца незалежна ад цаны, то для рэалізацыі прадукцыі грамадзянскага ўжытку трэба, каб яна была рэнтабельнай. Але пакуль не дапрацаваны тэхпрацэс, няма прымальнага працэнту выхаду годных мікрасхем. А працэс дапрацоўкі доўгі.

Тыя лічбы, што называў Лукашэнка — 300 млрд рублёў за 4 гады — гэта 100 млн даляраў. Палова гэтай сумы пайшла на новы энергацэх. Гэта была інвестыцыя ў асноўныя фонды, ад якіх нельга чакаць прыбытку. Для параўнання: аналагічную лінію запускаюць масквічы. У іх інвестыцыі склалі 200 млн еўра за два гады. Або падобная фабрыка запускалася дзесяць гадоў назад у Дрэздэне фірмай AMD — яны інвеставалі 4 млрд даляраў. Так што

сума, якая была выдзеленая, насамрэч невялікая.
Магчыма, яе можна было выкарыстаць больш эфектыўна, але ў нашых умовах зрабіць гэта складана. З гэткімі ж праблемамі сутыкаюцца і іншыя прадпрыемствы. Чаму толькі чатыры дні ў тыдзень працуе МАЗ, чаму стаіць гадзіннікавы завод, велазавод? Мусіць, справа не столькі ў «Інтэграле».

Я лічу, што наехалі на «Інтэграл» дарэмна. Але што зробіш? Трэба ставіцца да гэтага, як да надвор’я. Прыродныя ўмовы ў Беларусі такія».

Запісала Наталля Бабіна

* * *

У Японіі заводы, аналагічныя «Інтэгралу»

будуюць у адкрытым моры на сваях. Так вырашаюць праблему пылу. Для вытворчасці мікрасхемаў патрэбная стэрыльнасць. У высокатэхналагічнай вытворчасці ёсць і шмат іншых тонкасцяў.

* * *

каментар рэдакцыі

Мэта разносу — МВФ

У Мінску пайшлі чуткі, што проста на прахадной «Інтэграла» турнікет выпадкова прыціснуў Колю — да сінякоў, што і сапсавала гумор тату. Надта ж неадэкватнымі выглядалі наезды на кіраўніцтва завода. Субмікронная мікрасхема — не плот. Яе без абсталявання не зварганіш. А калі і зварганіш, дык не прадасі. У чым жа справа, калі сур’ёзна?

Справа магла быць у прыватызацыі.

Ураду трэба новая крэдытная праграма МВФ. Яе адкрыюць толькі пры ўмове пачатку прыватызацыі. Але ж распродаж заводаў пярэчыць ранейшым ідэалагемам. Вось і пачалася тэрміновая апрацоўка насельніцтва ў новым духу.
Маўляў, нашто трымацца за стратныя прадпрыемствы? Давайце аддамо іх уласнікам гатовых тэхналогій. Першы квартал 2010 года пакажа, ці мы маем рацыю з такім тлумачэннем.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0