Галоўныя трэнеры мінскага «Дынама» Аляксандр Андрыеўскі і ніжнекамскага «Нафтахіміка» Уладзімір Крыкуноў, якіх новы кіраўнік алімпійскай зборнай Беларусі Міхаіл Захараў запрасіў да сябе ў асістэнты, не ўвойдуць у штаб нацыянальнай каманды.
Аляксандр Андрыеўскі 19 лістапада падчас прэс‑канферэнцыі пасля матчу мінскага «Дынама» з падмаскоўным МВД (1:5) пацвердзіў, што атрымаў запрашэнне Міхаіла Захарава. «Так, у нас была такая размова, і сёння пасля абеду вярнуліся да гэтай тэмы. У выніку вырашыў адмовіцца. Чаму? Ну вы ж бачыце, які аб’ём працы ў клубе», — цытуе словы Андрыеўскага афіцыйны сайт мінскага «Дынама».
Аналагічная прычына адмовы ўвайсці ў штаб алімпійскай каманды і ва Уладзіміра Крыкунова, які прывёў беларускую дружыну да чацвёртага месца на Алімпіядзе‑2002 у Солт‑Лэйк‑Сіці. У інтэрв’ю тэлеканалу АНТ Крыкуноў спаслаўся на «пэўныя абавязкі перад клубам». «Дырэктар «Нафтахіміка»сказаў, што ён мяне нікуды не адпускае. Я пра гэта ўжо сказаў Міхаілу Захараву. Але калі яму спатрэбіцца мая парада, то я гатовы падтрымліваць сувязь па тэлефоне», — сказаў Крыкуноў.
У ліку іншых памочнікаў, якіх ён хоча бачыць у сваім штабе, Міхаіл Захараў называў вядомага паўночнаамерыканскага спецыяліста Дэйва Льюіса, які ўзначальваў клубы НХЛ «Дэтройт» і «Бостан». Праўда, найбольшых поспехаў з «Детройтам» ён дабіўся, будучы асістэнтам легендарнага Скота Боўмэна, з якім тройчы браў Кубак Стэнлі. Паводле Міхаіла Захарава, прыцягнуць Люіса параіў абаронца «Каларада» Руслан Салей. У гэтым сезоне Дэйв Льюіс быў асістэнтам звольненага 20 кастрычніка Глена Хэнлана ў мінскім «Дынама» і зборнай Беларусі.
Каментары