Газета «Звязда» надрукавала варыянт лацінкі, распрацаваны тапанімічнай камісіяй пры Нацыянальнай акадэміі навук.

Большую яго частку складае гутарка з дацэнтам кафедры беларускай мовы БДУ Ірынай Гапоненка. Таксама падаецца табліца, дзе пададзены лацінскія адпаведнікі кірылічных літар.

Распрацаваны ў НАН варыянт адрозніваецца ад таго, што быў прапанаваны колісь Вацлавам Іваноўскім. У першую чаргу адсутнасцю літары «Ł». Яе замяніла «L», а для змякчэння яе, як і для змякчэння іншых літараў, прапануецца выкарыстоўваць «і».

З іншых новаўвядзенняў – з’явіўся апостраф. Ён ставіцца ўсюды, дзе стаіць мяккі знак ці апостраф у акадэмічным кірылічным правапіск. Прычым літара «j» захавалася і функцыя апострафа не да канца зразумелая.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч лічыць, што новы варыянт беларускай лацінкі цалкам прымальны.

«Толькі што апостраф дарма дадалі, ды літары «G» не хапае для правільнай перадачы гучання замежных уласных імёнаў», – зазначыў гісторык. А.Сідарэвіч таксама лічыць, што варыянт, прапанаваны НАН, набліжае беларускую лацінку да наркамаўкі.

Мовазнаўца Зміцер Саўка адзначыў у размове з «НН», што вяртанне беларускай лацінкі ва ўжытак – справа неабходная. «Гэты працэс варта падтрымліваць. Лацінка перспектыўная. Яна ў нечым далучае нас да Еўропы. Пашыраючы сферу прымянення беларускай лацінкі мы выходзім з-пад культурнага ўплыву Расіі.

Добра, што дзяржава пайшла на прававое замацаванне статусу нашай лацінкі. Гэта вельмі разумны крок. Тым больш, што яе плануецца выкарыстоўваць не толькі для перадачы геаграфічных назваў. Той беларуска-англійскі варыянт, што зараз выкарыстоўваецца у нашых пашпартах – гэта пачварная трасянка» – мяркуе ён.

Нягледзячы на сваю непаслядоўнасць, варыянт лацінкі, распрацаваны тапанімічнай камісіяй, варты павагі. Ягоная перавага ў тым, што яго лёгка засвоіць людзям са школьнымі ведамі беларускай мовы.

«Інструкцыя па транслітэрацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту», аб якой і гаворыцца ў артыкуле «Звязды», гэта метад запісу лацінскім пісьмом (раманізацыі) беларускага кірылічнага тэксту (у геаграфічных назвах), ухвалены пастановай Дзяржаўнага камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 году). Апошнія змены ў гэты дакумент ўносіліся 11 чэрвеня 2007 году. Інструкцыя разглядаецца Працоўнай групай ААН па раманізацыях Групы экспертаў ААН па геаграфічных назвах (UNGEGN) і была прапанаваная беларускім бокам да ўжытку ў якасці нацыянальнай на IX канфэрэнцыі ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў.

У кастрычніку 2006 году ў Таліне на канфэрэнцыі экспэртаў ААН па тапаніміцы было прынятае рашэнне, што беларускія тапонімы ў лацінскім шрыфце будуць захоўваць асаблівасці беларускай арфаэпіі. Пры гэтым галоўны спецыяліст сектара картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэту маёмасці Наталля Аўраменка паведаміла, што Інструкцыя па транслітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Браніславам Тарашкевічам.

Адной з першых мапаў, якія былі выдадзеныя з выкарыстаннем правіла транслітэрацыі паводле Інструкцыі, была турыстычная мапа Беларусі, выдадзеная ў 2005 годзе Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі. Назвы геаграфічных назваў у ёй прыводзіліся ў адпаведнасці з рэдакцыяй Інструкцыі. Праз некалькі гадоў рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белгеадэзія» былі выдадзеныя новыя мапы, назвы ў якіх адпавядалі дзейнай выпраўленай рэдакцыі Інструкцыі. Прыблізна ў той самы час у цэнтры Мінска зявіліся ўказальнікі на гістарычныя раёны гораду і станцыі метро, назвы на якіх былі перададзеныя ў адпаведнасці з Інструкцыяй па транслітэрацыі.

Больш падрабязную інфармацыю аб розных варыянтах беларускай лацінкі можна знайсці тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?