культура. рознае
навіны ад чытачоў | 4 каментары Віктар Шукеловіч, Люблін | 23:31, 13 снежня 2009

Цяпер адным з самых актыўных беларускіх асяродкаў па-за межамі Бацькаўшчыны з’яўляецца Люблін (Польшча). У гэтым горадзе ва ўсходняй Польшчы знаходзяцца чатыры вялікія універсітэты, у якіх вучыцца значная колькасць выхадцаў з Беларусі. Дзякуючы дзейнасці беларускіх студэнтаў Люблін стаў адным з цэнтраў беларускага культурнага жыцця ў Польшчы.

Традыцыйная перадкалядная вечарына для беларусаў, якія воляй лёсу апынуліся за межамі айчыны, была арганізавана ў нядзелю 13 снежня. Спатканне ўжо другі год запар адбылося ў Музеі люблінскай вёскі, у будынку старой карчмы. Цяпло дрэва, з якога збудаваны будынак,

напамінала ўдзельнікам пра характэрныя для Беларусі старасвецкія драўляныя хаткі, якія можна пабачыць у кожнай нашай вёсачцы і мястэчку.

Перад спатканнем адбылася св. Імша, якую цэлебраваў кс. Павел Ствол ў старым аўтэнтычным касцёле, які цяпер з’яўляецца адным з экспанатаў Музея люблінскай вёскі. Казанне прамовіў кс. Андрэй Рылка, які, расказваючы пра звычай калядных падарункаў, прыгадаў слухачам пра найбольшы і найлепшы падарунак у гісторыі чалавецтва – падарунак, атрыманы ад Бога, якім з’яўляецца ўцелаўленне Божага Сына і адкупленне ўсяго свету, прынесенае Хрыстом. Хоць у старым касцёле было даволі холадна, але прысутныя з вялікай увагай слухалі словы святара. Цяпло іх сэрцаў, напоўненых хрысціянскай любоўю, сагравала і дадавала радасці.

Пасля св. Імшы ўсе прысутныя паламаліся аплаткам, белым хлебам, сімвалам супакою і адзінства, жадаючы адно аднаму таго, што падавалася найбольш патрэбным у тую хвіліну. Была добрая нагода, каб пазнаёміцца, бліжэй спазнаць сваіх землякоў. "Мы з’яўляемся адной непадзельнай маленькай супольнасцю, - сказаў студэнт 4-га курса эканомікі Жэня Ціхановіч. – Я прыходжу амаль на кожнае беларускае спатканне вось ўжо на працягу чатырох гадоў і кожны раз для мяне гэта нейкая асаблівая і незабывальная падзея".

Пра папулярнасць беларускіх спатканняў у Любліне сведчаць таксама беларускія студэнты, якія вучацца ў іншых гарадах Польшчы і спецыяльна прыехалі ў Люблін, каб узяць удзел у мясцовай беларускай вечарыне.

Падчас імпрэзы гучалі вершы Францішка Багушэвіча, выступіў фальклорны калектыў "Мятліца", у склад якога ўваходзяць студэнты з Беларусі, якія павялічваюць запас сваіх ведаў у Люблінскім каталіцкім універсітэце. Гурт выканаў традыцыйныя народныя калядкі, чым выклікаў водгукі захаплення сярод прысутных і доўгія апладысменты.

Студэнты падрыхтавалі таксама невялічкае інсцэнізаванае прадстаўленне, напоўненае гумарам і весялосцю, у якім групе сучаснай моладзі дасведчаны дзядуля расказаў пра тое, як раней святкаваліся Каляды. Прадстаўленне мела на мэце таксама падрыхтаваць гледачоў да адпаведнага перажывання святаў Божага Нараджэння, заахвоціць да выйсця з апатыі і нячуласці, напоўніцца радасцю будучага асабістага спаткання з нованароджаным Езусам.

Пасля вечарыны кожны адыходзіў у настроі чакання сапраўднага цуду на Каляды.

Падзяліцца навіной:         
4 каментары падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Alex напiсаў(ла) Сьнежань 14, 2009 у 1:43
malajcy
Леанід Скарабагаты напiсаў(ла) Сьнежань 14, 2009 у 13:09
Відэа гурта "Мятліца" з Любліна: http://k.mihck.info/node/516
Gibraltar напiсаў(ла) Сьнежань 14, 2009 у 18:34
dyk niczoha tam pahulali?:)
Aniuta напiсаў(ла) Сьнежань 14, 2009 у 21:45
Bylo ciopla i radasna razam z najlepszymi u swiecie siabrami.
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Лiпень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).