Алесь Чыгір адпрацаваў 13 гадоў настаўнікам гісторыі ў бабруйскіх школах. За гэты час ня меў ніводнага спагнаньня. Малыя яго любілі. Ён ведаў да іх падыход, бо сам гадуе трое дзяцей – дачку Алісу і сыноў Міраслава і Ўсевалада. Ды чакае чацьвёртае. Нягледзячы на ўсё гэта, ведамства міністра Радзькова звольніла яго адным росчыркам пяра.

Спосаб: не падоўжаны кантракт. Падстава: удзел у Дні Волі ў «працоўны час». Між тым Дзень Волі адбываўся ў суботу, калі заняткі ў Алеся скончыліся.

Дык прычына?

Алесь – адзін з самых харызматычных лідэраў нацыянальнага руху ў рэгіёнах, вядомы ня толькі ў Бабруйску (дзе ў 2003 годзе ён бліскуча перамог прадстаўніка гарадзкой вэртыкалі на выбарах у дэпутаты гарсавету) і на радзіме, у Гомельшчыне. Дарэчы, да былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра Алесь ніякага дачыненьня ня мае.

«НН»: Спадару Алесь, што Вы зьбіраецеся рабіць у гэтай сытуацыі?

АЧ: Зьбіраюся змагацца. Хоць у нашай краіне змаганьне па такіх пытаньнях носіць выключна фармальны характар. Я даў ім часу абдумацца да 31 жніўня; калі маё пытаньне ня будзе вырашана станоўча, то я маю права зьвяртацца ў суд. У мяне ж трое малых дзяцей. Ня выключана, што я нават буду выкарыстоўваць больш радыкальныя мэтады змаганьня, як, скажам, галадоўка.

«НН»: Сп.Алесь, ці цяжка ў Бабруйску знайсьці працу?

АЧ: Для мяне папросту немагчыма, пра гэта мне адкрыта сказалі, калі не падаўжалі кантракту.

Выпадак з А.Чыгіром тыповы для краіны «подлінна народнай» дэмакратыі. Паводле зьвестак Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», за апошні год за палітычныя перакананьні або асабістую прынцыповасьць былі выгнаныя з працы ці месца навучаньня 795 асобаў, але, як адзначылі ў Камітэце, гэты сьпіс далёка ня поўны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?