1991–2006: Рэспубліка Беларусь увайшла ў пераходны ўзрост.

25 жніўня спаўняецца пятнаццаць гадоў з таго дня, калі Вярхоўны Савет Беларусі надаў Дэклярацыі сувэрэнітэту статус канстытуцыйнага акту. Пятнаццаць гадоў – у новым эсэ Віталя Тараса.

Учорашнія газэты

Псыхолягі кажуць, што чалавек можа ўспрымаць як нешта цэласнае, непарыўнае тэрмін гадоў 11–12. Далей жыцьцё як бы разьбіваецца на фрагмэнты. Толькі ў гістарычным маштабе 15 гадоў – тэрмін невялікі. Асэнсаваць яго ня так лёгка. Бо для жыцьця чалавека – гэта амаль неабдымны пэрыяд.

Тое, што здавалася некалі важным, сёньня можа здавацца зусім ня вартым увагі, і наадварот. Таму газэтныя падшыўкі тут – вельмі кепскі дапаможнік. Ва ўчорашнюю газэту, калі няма чагосьці больш прыдатнага пад рукой, нармальны чалавек загортвае сьмецьце, каб выкінуць.

Нават самы прафэсійны і аб’ектыўны журналіст выхоплівае з рэчаіснасьці толькі тое, што, як яму здаецца, цікавіць публіку менавіта сёньня. Ён ня думае аб тым, як той або іншы факт будзе ўспрымацца ў гістарычнай пэрспэктыве ці нават заўтра. І правільна робіць, бо самы пройгрышны жанр – жанр палітычнага і гістарычнага прагнозу. Учорашні прагноз, нават спраўджаны, абсалютна нікога не цікавіць. На гэтым спэкулююць астролягі кшталту Паўла Глобы. Ніхто ўжо ня памятае ягоных прадказаньняў аб тым, што сталіца Беларусі пераедзе ў Віцебск ці што прэзыдэнтам Украіны будзе абраны ня Юшчанка і не Януковіч, а нехта трэці (Кучма?). А сёньня Глоба ўжо гаворыць, што Лукашэнка будзе заўжды кіраваць Беларусяй. Можа, ён будзе жыць вечна?

Насамрэч, спроба зразумець, што адбылося з краінай за апошнія 15 год, заўсёды ёсьць спробай зразумець, што адбылося з табой і тваімі ўяўленьнямі.

Зоры над бульбай

«Я проснулся – здрасте, нет советской власти!» Вядома, што незалежнасьць на Беларусь звалілася як сьнег на галаву. Але ці азначае гэта, што 23 жніўня, калі выйшаў Указ аб скасаваньні КПСС, мы прачнуліся ў іншай краіне? Спачатку трэба разабрацца, у якой краіне мы жылі дагэтуль. У Беларусі, у БССР, у Савецкім Саюзе? Адказ на гэтае пытаньне вельмі просты: хто як.

Нехта і ў 1970-я гады, гады «застою», як пазьней сталі казаць, жыў у Беларусі. Ня толькі жыхары беларускіх вёсак, але й частка гарадзкой інтэлігенцыі, у тым ліку студэнцкай моладзі, пачувалася беларусамі, а ня часткай «новай гістарычнай фармацыі – савецкага народу». А нехта – такіх была пераважная большасьць – адчуваў сябе савецкім чалавекам. Зразумела, часам магла адбывацца эвалюцыя ў той або іншы бок.

Успамінаю, як падчас сваёй першай студэнцкай «бульбы» (вось дзе невыкараняльная савецкая традыцыя) ішоў верасьнёўскай ноччу полем, паглядаючы на зорнае неба. Начныя зараніцы надавалі таямнічаму краявіду рамантычны выгляд і настройвалі на адпаведныя думкі. У нейкі момант я ўявіў сябе маленькай часьцінкай вялікай краіны, якая раскінулася ад Балтыйскага мора да хрыбтоў Цяньшаню, сопак Камчаткі і Ціхага акіяну. Іншымі словамі – тым самым чалавекам, які «проходит как хозяин». І мяне перапаўняў гонар...

А потым я раптоўна пачаў рагатаць над самім сабой. І сапраўды, хіба ня сьмешна ганарыцца геаграфічным маштабам, тым, што нейкае ўтварэньне займае шостую частку сушы? Вакол такое хараство, я так утульна й самадастаткова пачуваю сябе сувымерным маштабам сваёй краіны... Імануіл Кант (той, што пісаў пра маральны закон унутры нас і пра зоры над намі) за ўсё жыцьцё, кажуць, ані разу не пакінуў родны Каралявец. А мне падавай нейкі Цяньшань, які калі й бачыў недзе, дык толькі ў «Клюбе кінавандраваньняў». (Была такая перадача на ЦТ, цалкам зьлізаная з францускага тэлебачаньня. Дарэчы, як і ўсе найбольш папулярныя савецкія тэлеперадачы: «У сьвеце жывёлаў», да прыкладу, ці «Міжнародная панарама». Так што традыцыя «зьлізваньня», толькі цяпер ужо ў Масквы, на БТ засталася з ранейшых часоў. І новы FM-радыёпраект Зімоўскага «Сцэнары-2006», форма падачы і ўсе журналісцкія прыёмы якой запазычаныя ў «Эха Москвы», таму сьведчаньнем.)

Першая ноч незалежнасьці ў сталіцы.

З кніні С.Навумчыка «Сем гадоў Адраджэньня»

Але вярнуся на пачатак 70-х. У момант верасьнёўскага «азарэньня» я адчуў усю штучнасьць і сьмешную пампэзнасьць савецкага патрыятызму ня розумам, а нейкім унутраным пачуцьцем. Назавём яго эстэтычным, хоць на эстэтычныя веды не прэтэндую. Была за савецкім часам папулярная сэрыя анэкдотаў пра эстэта («Разумееце, я эстэт...»). Дык вось, меней за ўсё хацелася б нагадваць героя тых анэкдотаў.

Фальшывы марш

Падлеткам з усяе музыкі я найбольш любіў вайсковыя маршы – савецкія і (сорамна прызнацца) нямецкія. Мне падабалася вайсковая падрыхтоўка ў школе, асабліва страявая, хоць я тады нікому б у гэтым не прызнаўся.

Але была шчэ музыка «Бітлз», «Ролінгаў», «Лэд Зэплін». Толькі гэта ўжо крышку пазьней. На той самай бульбе, у сельскім клюбе, так добра танчылася пад «Міс Уандэрбілд» «Уінгс» ці пад «Жанчыну з пэрлінавымі валасамі» нейкага вугорскага рок-гурту. І тады ж, дарэчы, зьявіліся першыя неўразумелыя пытаньні: чаму, напрыклад, у маленькай Вугоршчыне столькі цудоўных рок-гуртоў (адзін «Лякаматыў» чаго быў варты!), а ў Беларусі – толькі «Песьняры» ды «Верасы»?

Так што мой выбар, мой першы зварот да беларушчыны адбыўся не праз Купалу і Коласа, не праз фальклёр і «Песьняроў». І не праз вугорскі рок, зразумела. (Немэн і ўсе астатнія будуць потым.)

А проста праз натуральнае сталеньне, пазбаўленьне савецкіх густаў, штампаў і стэрэатыпаў як нейкага штучнага шкарлупіньня. Ці, калі скарыстацца вобразам значна пазьнейшага часу, гэтак герой «Матрыцы» адчуў усю ненатуральнасьць, гідкасьць свайго запраграмаванага становішча ўнутры нейкай капсулы.

А нехта назаўсёды застаўся, як у капсуле, у падлеткавых гадах. І для яго па-ранейшаму самая цудоўная музыка – барабаны і фанфары. Яго адрас па-ранейшаму – ня дом і ня вуліца, а Савецкі Саюз. І ён па-ранейшаму марыць шпацыраваць пад камандай старшыні. Ці Лукашэнкі, Пуціна, Януковіча – няважна.

Некалі расейскі пісьменьнік-дысыдэнт Андрэй Сіняўскі (ад палітычнага працэсу Сіняўскага і Даніеля ў пачатку 1960-х пайшоў панятак дысыдэнцтва) казаў, што ў яго разыходжаньні з савецкай уладай не палітычнага, а чыста эстэтычнага парадку. У гэтым аўтар іранічных «Прагулак з Пушкіным» быў, вядома, крыху няшчырым. Усё ж, думаю, не эстэтычнае, але, найперш, этычнае пачуцьце рухала й рухае ўсімі дысыдэнтамі ва ўсе часы. Але менавіта з этычных меркаваньняў нармальны чалавек ніколі не прызнаецца, што ім кіруе высокая мараль. Маральны чалавек натуральна пазьбягае патасу. Бо ад патасу, катурнаў – адзін крок да няшчырасьці.

Іншая плошча

Шлях да Бога ў кожнага свой, і ён неспавядальны. Шлях да панятку Бацькаўшчыны і матчынай мовы ў кожнага таксама свой, неспавядальны.

Любоў да радзімы, як і любоў да жанчыны, – рэч глыбока інтымная. І вонкі яе не выстаўляюць. А калі нехта ўголас клянецца ў любові ды патрыятызьме, дык ад яго лепей трымацца далей. Гэта пра людзей такога кшталту сказана: патрыятызм – апошняе прыбежышча нягодніка.

Ад занадта гучных песьняў пра Радзіму за савецкім часам за вярсту патыхала казённым патрыятызмам і лжывым патасам. Рана ці позна нармальнага чалавека пачынала ванітаваць ад бясконцых сьпеваў пра Леніна, партыю, камсамол і пра тое, як нехта «в весеннем лесу пил березовый сок». Гэтаксама на ваніты цягне ад сучаснай расейскай папсы – усялякага роду «чакалядных зайцоў». Гэта ўжо, вядома, справа густу.

Але як добра, усё ж такі, што за 15 мінулых гадоў беларуская папса, фактычна, так і не зрабілася самастойнай зьяваю. І наўрад цяпер ужо стане, бо беларуская мова ўсё больш ператвараецца ў вачах публікі ў мову дысыдэнцкую. Вось яны, два паняткі, і сышліся – этычнае становіцца эстэтычным. І наадварот.

Путч 19 жніўня атрымаўся сьмешным і правальным менавіта ў эстэтычным пляне. Пастаноўка атрымалася бяздарнай. Танкі на вуліцах, у якіх скончылася паліва. Віцэ-прэзыдэнт, у якога падчас прэсавай канфэрэнцыі дрыжаць рукі. Прэм’ер-міністар у запоі. Ельцын на танку. (Куды больш эфэктнае й драматычнае відовішча – расстрэл расейскага Белага дому з танкавых гарматаў.)

І толькі адзін кадар тых дзён урэзаўся ў памяць як сапраўдны пробліск надзеі – надзеі на іншае жыцьцё. Гэта помнік Дзяржынскаму, які лунае, падвешаны на кране, над Лубянскай плошчай, ля КГБ, у сінечы начнога маскоўскага неба.

Цяпер гэты помнік (няхай ягоная копія) стаіць у Менску.

Незалежнасьць нарадзілася ў свабодзе. Мітынгі 1991-га.

Фота Анатоля Клешчука

Запамінальных кадраў жніўня 1991 году ў беларускай сталіцы не засталося. У адрозьненьне ад красавіка таго году, калі плошча Незалежнасьці (тады Леніна) віравала ад тысячных натоўпаў рабочых, абураных падвышэньнем цэнаў, пасьля путчу на плошчу выйшлі некалькі соцень чалавек. Павінны былі прайсьці доўгія 15 год, каб у Менску здарыўся цуд яднаньня беларусаў. Але гэта будзе зусім іншая Плошча.

«А 15-й гадзіне абстаноўка ў гарадах Беларусі заставалася спакойная: мітынгаў, дэманстрацыяў, стыхійных хваляваньняў не было. Вайсковай тэхнікі і патрулёў на вуліцах Менску і на подступах да гораду пакуль няма».

З паведамленьня інфармацыйнае агенцыі «Postfaktum». 1991. 19 жніўня.

Ці быў шанец?

Дык усё ж ткі ці быў шанец на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў пачаць будаваць «ня толькі незалежную, але й свабодную» беларускую дзяржаву? Словы «незалежную, але свабодную» наўмысна бяру ў дзьвюхкосьсе, бо на штучным супрацьпастаўленьні гэтых паняткаў і палягае сутнасьць справы.

Некалі, на пачатку мінулага стагодзьдзя, расейскі сатырык пісаў пра сучасьніка-буржуа, якому немаведама чаго больш хацелася: «Канстытуцыі ці пястружыны з хрэнам». Гэтаксама некаторыя лідэры беларускай апазыцыі, ужо на пачатку новага тысячагодзьдзя, ніяк ня могуць вызначыцца, за што ім змагацца – за свабоду свайго народу ці за дзяржаўны сувэрэнітэт?

Гэтыя людзі заваявалі для Беларусі незалежнасьць.

Фота Анатоля Клешчука

Калі прызнаць той факт, што большасьць цяперашняй апазыцыі родам адтуль – з канца 1980-х – пачатку 1990-х, з Чарнобыльскага шляху і маршаў на Курапаты, хто складаў, абіраў ці падтрымліваў апазыцыю ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, дык тады адказ на пастаўленае пытаньне мусіць быць адназначны. Не, не было шанцу ў Беларусі стаць свабоднай дэмакратычнай дзяржавай – такой, як Літва ці іншыя краіны Балтыі. Не было, бо гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу.

Дзяржаўны сувэрэнітэт, назоў «Рэспубліка Беларусь», герб Пагоня, бел-чырвона-белы сьцяг (які ўпершыню ўнёс ў Авальную залю ВС дэпутат Лукашэнка разам з дэпутатамі Сямдзянавай і Кавалёнкам) – усё гэта было. І ўсё гэта мае безумоўную гістарычную каштоўнасьць. Прынамсі, ня меншую за абвяшчэньне БНР у 1918 годзе.

У 1991 годзе Зянон Пазьняк і Аляксандар Лукашэнка, Яўген Новікаў і Галіна Сямдзянава працавалі разам.

Назоў і сымболіка былі прынятыя пад ціскам апазыцыі на чале зь Зянонам Пазьняком. Адна яго прысутнасьць у парлямэнцкай залі выклікала ў камуністычнай большасьці стан, блізкі да паралюшу. Але на папярэднім абзацы пералік дасягненьняў нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі можна скончыць.

Першым ідэю незалежнасьці паставіў на парадак дня лідэр Народнага Фронту Зянон Пазьняк.

Фота Анатоля Кляшчука

Не ўважаць жа за перамогу абраньне Шушкевіча сьпікерам Вярхоўнага Савету зь яго (сьпікерскімі) абмежаванымі да сьмеху паўнамоцтвамі? Альбо прызначэньне міністрам замежных справаў Беларусі партнамэнклятурнага Краўчанкі?

Апазыцыя вельмі хутка сталася бітай у літаральным сэнсе слова.

Прасунутыя і раскручаныя

Беларускую мову й сьцягі ў апазыцыі аднялі меней чым праз чатыры гады пасьля абвяшчэньня Рэспублікі Беларусі. (Так, БНР праіснавала нашмат меней – гістарычны прагрэс навідавоку.) Пішу тут пра апазыцыю, бо ні мова, ні гістарычная сымболіка не былі за гэты кароткі час усьвядомленыя народам як уласны здабытак і несумненная каштоўнасьць. Але віна за гэта кладзецца ня толькі на апазыцыю ў палітычным сэнсе слова. Віна на беларускай інтэлігенцыі.

Далёка ня ўсе яе прадстаўнікі (у тым ліку і тыя, хто далучае сябе да панятку інтэлігенцыя») змагаліся за мову асабістым прыкладам. А сярод выдаўцоў, журналістаў і пісьменьнікаў «дэмакратычнай хвалі» хапала прыхільнікаў «великого и могучего» як уяўнага сродку прапаганды беларушчыны сярод электарату. Мушу пакаяцца, бо сам цягам 1990-х гадоў меркаваў, што няма вялікай розьніцы, для якога выданьня пісаць – беларуска- ці расейскамоўнага. Абы ягоны кірунак быў «правільны», то бок дэмакратычны. Да якой глыбіні падзеньня, у тым ліку й чыста прафэсійнага, можа завесьці «правільны» кірунак, можна бачыць на прыкладзе некаторых цяперашніх расейскамоўных «незалежных» выданьняў.

Беларускія нацыянал-дэмакраты, у адрозьненьне ад украінскіх, не знайшлі супольных інтарэсаў з былымі камуністамі.

Фота Уладзімера Шлапака

Зразумела, і яе «паўмоўныя», паўапазыцыйныя спаборнікі на рынку СМІ прасунуліся за апошнія гады ненашмат далей у заваёве чытацкіх сэрцаў. Калі «Наша Ніва» здолела атрымаць фантастычную перамогу ў гаспадарчым судзе – адстаяць клясычны правапіс, гэтую тэму калегі зь іншых газэт палічылі маргінальнай, каб пра яе зашмат гаварыць. Расейскамоўныя СМІ – такія, як «БДГ», апрыёры лічылі сябе вышэйшымі ці не на дзьве галавы за беларускамоўныя, квазі-маргінальныя мэдыі. Бо яны не займаліся марнай справай, не змагаліся зь ветракамі, але – інфармавалі насельніцтва. А насамрэч – выхоўвалі ў чытачах цынізм, прывучалі іх і сябе да думкі, што беларуская мова, увогуле беларушчына, нічога ня вартая, асабліва ў палітыцы. Дык што ж зьдзіўляцца, што закрыцьцё тыднёвікаў кшталту «Свабода», «БДГ» выклікала ў «прасунутых» калегаў зь іншых расейскамоўных выданьняў хіба толькі млявы інтарэс, а ў чытачоў – павальную апатыю. Цікава, што дагэтуль найбольш масавыя і актыўныя за апошнія гады пратэсты чытачоў выклікала пагроза закрыцьця «Нашай Нівы» – ня самай масавай, ня самай раскручанай і ня самай як на сёньня вядомай у Беларусі газэты. Чытач у яе, як выявілася, ня быў заражаны тым цынізмам і абыякавасьцю, якімі прасякнутае беларускае грамадзтва ў цэлым.

Ну, а дзе апынуліся найбольш «прасунутыя» і «раскручаныя» дэмакратычныя выданьні? Вядома, дзе. Тамсама, дзе ўсе астатнія. Можна сказаць, што ўладам усё адно, якія газэты закрываць – беларуска- ці расейскамоўныя. Абы не выступалі супраць улады. А можна сказаць інакш. Выдаўцам і рэдактарам расейскамоўных газэт не было справы да беларускай мовы як да зьявы, якая не прыносіць тут і цяпер прыбытку. Але ў сытуацыі, калі грамадзтва губляе культурніцкія арыенціры, калі яно становіцца аморфным плебсам, пазбаўленым нацыянальных каштоўнасьцяў, яму абсалютна да лямпачкі лёс усіх апазыцыйных газэт разам з усімі апазыцыянэрамі. Гэта – адплата за нацыянальны нігілізм і цынізм апазыцыйных палітыкаў. Ня ўсіх, вядома. Але значная частка іх па-ранейшаму складае касьцяк так званай аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі.

Аб’яднанай на чым? На якіх каштоўнасьцях? Свабоды? Сувэрэнітэту? Таго й іншага пакрысе? На ідэйных кампрамісах з уладай? На падачках (будзем называць рэчы сваімі імёнамі) Захаду?

А, праўда, наступаюць ужо новыя – мясцовыя выбары. Што ж, апазыцыйным СМІ трэба зноў набраць у рот вады. Ціха: ідзе выбарчая кампанія! З загадзя вядомым вынікам.

Хто каго заслужыў?

Вядома, падчас выбараў нельга крытыкаваць апазыцыю – тым больш калі яна выступае як аб’яднаная. Аднак пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў прайшло ўжо больш за сто дзён. І нават калі ўявіць, што на іх перамог адзіны кандыдат, дык і тады надышоў час, калі ўрад – сапраўдны, альбо ценевы, альбо меркаваны – павінен адказваць за свае дзеяньні. Ці іхную адсутнасьць.

Нездарма кажуць, што ў перамогі тысячы бацькоў, параза – заўсёды сірата. Дык, можа, хопіць ужо ківаць увесь час на Мілінкевіча й Казуліна? Можа, і шараговым сябрам апазыцыі, а таксама тым, хто яе падтрымліваў, час прыгледзецца да саміх сябе, да таго, што мы зрабілі ня толькі за апошнія месяцы, а за гэтыя пятнаццаць гадоў. Аддалі сваіх дзяцей у беларускія садкі й клясы? Навучылі іх гаварыць па-беларуску? Сталі размаўляць выключна на мове? Абаранілі свайго калегу, якога звольнілі «за палітыку»? Падпісаліся на якое-небудзь беларускае выданьне?

Я зусім не заклікаю да самабічаваньня. Хай гэтае старадаўняе расейскае захапленьне застанецца заняткам тых, хто яго прыдумаў.

Тут іншая справа, якая вяртае нас да пытаньня, ці быў у беларусаў шанец ці ня быў?

Формула «кожны народ мае той урад, якога ён заслугоўвае» выглядае трапнай. Але не заўсёды яна пасуе. Прынамсі злоўжываць ёй ці абсалютызаваць яе ня варта. Некаторыя лічаць, што нямецкі народ (а разам зь ім – і габрэйскі?) заслужылі Гітлера і ўсё тое «ня толькі кепскае», што пры ім адбылося ў Нямеччыне. Магчыма. Але чыя тады заслуга Гётэ й Шылер, Розэнкрэйцэры, Бісмарк, канцлер Адэнаўэр, урэшце?

Дапусьцім, самі палякі вінаватыя ў тым, што імі, падобна таму, як ва ўсходніх дэспатыях, цяпер кіруюць крэўныя браты-блізьняты. Абодва – зацятыя прыхільнікі сьмяротнай кары і забароны абортаў. (І тое, і другое ў адным фляконе!) Але хто, як не палякі, стварыў «Салідарнасьць», хто даў Януша Корчака, хто абіраў прэзыдэнтамі Валэнсу і Квасьнеўскага? Зразумела, калі не хадзіць на выбары (а большасьць польскіх выбарцаў апошнім часам так і робяць), лічыць сябе вышэйшымі за палітыку ці далёкімі ад яе, то тады й ня трэба скардзіцца, што нехта галасаваў за Лукашэнку ў зьменшаным і адаптаваным польскім выданьні – пана Лепэра. Але ў тым і сутнасьць. У галасаваньні. У сумленных выбарах. Толькі ў гэтым выпадку й можна казаць пра «ўрад, якога народ заслужыў».

Калі выбараў і выбару няма, няма сэнсу казаць, што нейкі народ заслужыў Гітлера ці Кім Чэн Іра. Ад такіх разваг вельмі недалёка да таго, каб пачаць паўтараць за расістамі й юдафобамі: габрэі самі сябе загналі ў канцлягеры. Інакш кажучы, калі ім было гэтак кепска – чаму яны не супраціўляліся?

Заўважу пры гэтым, што «пасіўнасьць» габрэяў падабаецца сучасным мудрацам куды больш, чым іхная ж мужнасьць і гатовасьць змагацца за свае сем’і ды бацькаўшчыну. Тады іх называюць агрэсарамі, памагатымі амэрыканскага імпэрыялізму й людажэрцамі – як у выпадку ўзброенага канфлікту з «Хізбалагам» у Лібане, напрыклад.

Гэтаксама ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну падабаецца афіцыйнай прапагандзе куды менш, чым рахманы беларус, які нават у партызанах дзейнічаў выключна на загад мужных сталінскіх чэкістаў, а ворагаў пры гэтым забіваў гуманным дыстанцыйным мэтадам – з дапамогай міны на рэйках.

У беларускага народу шанец пабудаваць свабодную й незалежную дзяржаву ня толькі быў, але застаецца.

За пятнаццаць гадоў незалежнасьці беларусы адчулі сябе супольнасьцю.

Фота Анатоля Клешчука

Нямецкі народ, які стаў прычынай і ахвярай (так, і ахвярай) самай жудаснай трагедыі ў ХХ ст., прайшоў праз ганебную капітуляцыю, акупацыю, голад і галечу, ганьбу нюрнбэрскага працэсу, падзел нацыі на дзьве. І ўсё-ткі ён адрадзіўся. І ўзровень жыцьця ў сёньняшняй Нямеччыне адзін з найвышэйшых у сьвеце. І калі цяпер на міжнародным узроўні разглядаецца магчымасьць адпраўкі войскаў Бундэсвэру на мяжу з Ізраілем, гэта ўжо само сабою гаворыць аб тым, наколькі зьмянілася Нямеччына. І наколькі зьмяніўся сьвет.

І ў такім сьвеце у Беларусі і беларускага народу яшчэ застаецца свой шанец.

Перад будучыняй. Фэст у Івенцы. 2006 год.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?