Меркаванні
1 каментар | 11:30, 18 студзеня 2010

Кніга Эвы Томпсан «Песняры імперыі» пазбаўляе класікаў расійскай літаратуры арэолу святасці, які яны набываюць у свядомасці выпускнікоў русіфікаваных школаў. Піша Сяргей Богдан.

Кніга Эвы Томпсан «Песняры імперыі» выйшла ў снежні па-беларуску ў перакладзе Таццяны Нядбай. У ёй аналізуюцца не толькі відавочныя праявы імперскай ідэалогіі, накшталт праслаўленьня Мураўёва-Вешальніка, прапаганды расізму і зверстваў расійскага войска на Каўказе. Разглядаюцца і больш прыхаваныя знакі імперскай і каланіяльнай традыцыі ў самой структуры персанажаў «Вайны і міру» Льва Талстога, «Героя нашага часу» Міхаіла Лермантава, «Падарожжа ў Арзрум» Аляксандра Пушкіна або пазнейшых «Дзецях Арбата» Анатоля Рыбакова ці «Ракавым корпусе» Аляксандра Салжаніцына.

Прачытаць старонкі, прысвечаныя расійскай літаратуры ХІХ стагоддзя варта кожнаму, хто атрымаў адукацыю ў нашых русіфікаваных навучальных установах. Гэта – самыя пераканаўчыя моманты працы. Рэшта публікацыі не дасягае іх узроўню. Кніга больш нагадвае зборнік артыкулаў, чым цэласнае даследаванне. Абаперціся на іншыя працы па тэме Томпсан не магла, дзеля іх адсутнасці, а зрабіць свае па ўсім заяўленым перыядзе — нерэальная задача для аднаго чалавека.

Розніцца і ступень аб'ектыўнасці асобных раздзелаў.

Беларусу прыкра будзе чытаць частку, прысвечаную падзеям 1939 года. За ўз’яднаннем Беларусі і Украіны Томпсан бачыць толькі працяг расійскай імперскай палітыкі ў дачыненні да Польшчы.

Чакаць менш перадузятага погляду не выпадала – аўтарка ў сваіх інтэрв’ю правым польскім выданьням аднойчы абвесьціла, што «польскі нацыяналізм – незвычайна лагодны». Прызнанне адных каланізатараў лепшымі за іншых слаба кладзецца ў пракрустаў ложак заходняга навуковага мысьлення.

Найвялікшае пытанне ў тым, ці можна ўвогуле казаць пра непарыўнасць каланіяльнай і імперскай традыцыі Расійскай імперыі і Савецкага Саюза. Доказы даследніцы не пераконваюць. Антыпольскія матывы ў вершах савецкіх паэтаў 1939--40 гадоў — малазначны аргумент, калі згадаць, як бальшавікі парабілі аўтаноміі і саюзныя рэспублікі для ўсіх больш-менш прыкметных этнічных меншасцяў краіны дый да самага канца цярпелі якую-ніякую, але адукацыю, навуку і культуру на мовах гэтых меншасцяў (хай сабе і індактрынаваную камуністычнымі ідэямі). Амерыканскі даследнік Тэры Марцін увогуле лічыць СССР «імперыяй пазітыўнай дыскрымінацыі», што непазбежна спрыяла развіцьцю нацыяналізму народаў, якія яе насялялі.

Самай слабой выйшла частка кнігі, прысвечаная Сярэдняй Азіі, дзе расійскі каланіялізм спрыяў мадэрнізацыі грамадства. Гэтая акалічнасць пярэчыць асноўнаму тэзісу даследчыцы — аб тым, што Расійская імперыя паняволіла народы, якія пераўзыходзілі імперскі народ па ўзроўні развіцця.

Томпсан карыстаецца ў разглядзе расійскай палітыкі ў Сярэдняй Азіі ўстаноўкамі зацятых панцюркістаў, нічым не лепшымі за савецкую прапаганду.

Асобна варта зазначыць патрэбу ў лепшай рэдактуры беларускага перакладу, пагатоў заяўленага як навуковае выданне. Гэта перадухіліла б недакладнасьці, накшталт перакручваньня імя Кошута (ён Лаёш, а не Лаёс), стварэння фантастычных пэрсанажаў («Курбашы» – гэта не імя, а цюркская назва атамана, накшталт нашага «бацькі») або перакладу назваў сусветна вядомых франкамоўных твораў з англійскай.

Але то драбяза.

З’яўленне гэтай кнігі прадэманстравала пільную патрэбу ў вызваленні з палону стэрэатыпаў, накінутых несумненна вялікай, але і несумненна прасякнутай імперыялістычнымі ідэямі расійскай літаратурай.

Крытычны падыход не змяншае значнасці літаратурных шэдэўраў, але дазваляе сфармаваць адэкватны светапогляд. Прайсці праз свет каланіяльных спакусаў і індактрынацыі дапаможа кніга Эвы Томпсан.

* * *

Эва Томпсан. Песняры імперыі. Расійская літаратура і каланіялізм./ Пераклад Таццяны Нядбай. — Мінск: «Медысонт», 2009. - 382 с.

* * *

Эва Томпсан

амерыканская славістка, аўтарка працаў у галіне літаратуразнаўства і паліталогіі. Нар. 1937 у Коўне (Літва) у каталіцкай сям’і Маеўскіх. У 1945 сям’я была высланая ў Польшчу. Атрымала ступень доктара ў параўнаўчым літаратуразнаўстве ва універсітэце Вандэрбілт, выкладала ва універсітэтах Індыяны, Вірджыніі і Агаё. Прафесар славістыкі ва Універсітэце Райс.

Падзяліцца навіной:         
1 каментар падпіска на каментары   каментары праз RSS  
А. Пашкевіч - гісторык напiсаў(ла) Студзень 18, 2010 у 11:47
Я асабіста лічу гэтую кнігу вельмі слабой, бо аўтарка ў шмат якіх месцах проста перакруціла факты і штучна падагнала іх пад сваю канцэпцыю. Да таго ж няўзброеным вокам відаць надзвычай слабая абазнанасць аўтаркі ва ўласна прадмеце свайго даследавання - расійскай літаратуры. Падрабязней я ўжо пісаў пра гэта вось тут, не буду паўтарацца: http://arche.by/by/21/60/1302/.

Думаю, наўрад ці гэтая кніга дзеля свайго надзвычай нізкага навуковага ўзроўню паспрыяе "вызваленню з палону стэрэатыпаў, накінутых несумненна вялікай, але і несумненна прасякнутай імперыялістычнымі ідэямі расійскай літаратурай". Хутчэй яна будзе садзейнічаць замацаванню новых, не менш шкодных (бо неабгрунтаваных) стэрэатыпаў адносна ўсёй гэтай літаратуры і яе аобных твораў.
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Лiпень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).