Антон Маркевіч (злева) на чале беларускае грамады ўручае бел-чырвона-белы сцяг мэру Ашавы Лайману Хіфарду, гэтую падзею Oshawa Times вынесла на першую старонку.

Антон Маркевіч (злева) на чале беларускае грамады ўручае бел-чырвона-белы сцяг мэру Ашавы Лайману Хіфарду,
гэтую падзею Oshawa Times вынесла на першую старонку.

У Канадзе, у горадзе Ашава (Oshawa) на 85-м годзе жыцця памёр беларускі грамадскі дзеяч Антон Маркевіч. Ён памёр 9 лістапада 2009 г., але пра гэта стала вядома толькі цяпер.

На жаль, беларуская грамада ў Канадзе раскіданая, і пра смерць у Ашаве не было каму паведаміць у Таронта – цэнтр беларускага жыцця, напісала ў электронным лісце Івонка Сурвілла.

***

Антон Маркевіч нарадзіўся 14 кастрычніка 1925 г. у Гродне.

Ад 1944 г. – на эміграцыі. Дзевяць гадоў (1946—1955) пражыў у Мюнхене. Хоць у гэтым горадзе было нямала беларускіх дзеячоў – усяго ў Нямеччыне пасьля эміграцый-рэпатрыяцый у іншыя краіны, напачатку 1950-х засталіся каля 2 тыс. свядомых беларусаў – Маркевіч удзелу ў грамадскім жыцці не браў.

З галавой кінуўся ў вір беларускага жыцця пасля таго, як у 1955 г. перабраўся ў Канаду, у Таронта

– на той час дый цяпер – галоўны беларускі горад у гэтай шматнацыянальнай краіне.

Напачатку ў Таронта Маркевіч нікога не ведаў, прыехаў на запросіны знаёмага ўкраінца. Ён згадваў, што выпадкова натрапіў на дом з адрасам 1 000 Dandas str., «дзе, згодна шыльдзе месцілася Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК) і парафія св. Кірылы Тураўскага.

Вось туды я з радасьцю і ўваліўся! Праз кароткі час я быў абраны сакратаром ЗБК, а ў 1958 г. быў абраны старшынём Галоўнай Управы».

Маркевіч прыехаў у Канаду ўжо пасля расколу беларусаў на два супрацьлеглыя лагеры – ЗБК і Беларускае нацыянальнае аб'яднанне (адныя трымаліся платформы Рады БНР, другія – БЦР) і быў свабодны ад ідэалагічна-падзельных догмаў. Менавіта ў 1958 г. ЗБК і БНА зладзілі першае супольнае грамадскае святкаванне – гэта былі ўгодкі Слуцкага збройнага чыну.

Потым Антон Маркевіч доўгі час быў сакратаром ЗБК, браў чынны ўдзел у працы згаданай вышэй праваслаўнай парафіі, хоць і быў каталіком па веравызнанні. Але парафіі гуртавалі людзей розных веравызнанняў – бо гэта былі не толькі царкоўныя суполкі, але і своеасаблівыя беларускія грамадскія клубы.

Антона Маркевіча ж цікавіла выдавецкая справа.

Разам з Кастусём Акулам ён заснаваў выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня». Сярод іншага, сябры клуба рабілі значкі з «Пагоняй» ды пярсцёнкі. Залатымі і срэбранымі значкамі ганаравалі вядомых беларусаў за ўнёсак у грамадскую і культурную працу.

Сярод узнагароджаных – Івонка і Янка Сурвілы, фотамастак Анатоль Кляшчук ды палітык Зянон Пазняк.

Маркевіч быў карэспандэнтам амэрыканскае газэты «Беларус». Пісаў пра жыццё канадскіх беларусаў пад імем Хвядос Прылепскі, ці крыпта-псеўданімам А—віч.

У 1963 г. у складзе «Беларуса» – за рэдактарствам Станіслава Станкевіча – з’явілася старонка «Весткі з Канады»,

і Антон Маркевіч поруч з Кастусём Акулам, крыху пазней да іх далучыўся Барыс Рагуля, арганізаваў «канадыйскую» рэдакцыю.

Праўда, праз некалькі год праз унутраныя спрэчкі і непаразуменні з Нью-Ёркам Маркевіч кінуў тое рэдактарства, гучна бразнуўшы дзвярыма – «Я быў са Станкевічам у добрых адносінах, заўсёды забіраў з аэрадрому, даваў начлег, таму быў здзіўлены чаму так усё сталася. А потым быў рэпартаж у «Беларусе» аб грэшніку Маркевічу, разгляд нейкага даносу на мяне. (…) Я сам здзіўляюся, як мог перажыць такое!», са скрухай пісаў ён.

Але перажыў і ад беларускага руху не адышоў.

У 1965 г. ён, жывучы ў горадзе Ашава (не блытаць са сталіцай краіны Атавай) дабіўся, каб бел-чырвона-белы сцяг уздымаўся штогод 25 сакавіка перад гарадской ратушай побач з канадскім.

У 1970-м разам з Вінцэнтам і Раісай Жук-Грышкевічамі дамовіліся з мэрыяй Таронта, каб сцяг уздымаўся на ратушнай плошчы кожныя 25 сакавіка.

Як прадстаўнік беларускай грамады Антон Маркевіч быў запрошаны на ўрачысты абед у мэрыі ў гонар брытанскай каралевы Элізабэт падчас ейных адведзінаў Таронта.

Неяк Маркевіч пазнаёміўся з кіраўніком украінскай радыёперадачы «Пісьня Украіны», што вяшчала на станцыі CHWO у гарадку Оўквіл паблізу Таронта, які паабяцаў дапамагчы ў арганізацыі беларускай перадачы. Сказана – зроблена.

Неўзабаве з’явіліся штонядзельныя паўгадзінныя беларускія перадачы.

Перадача праіснавала, праўда, толькі паўгоду. Маркевіч, стомлены цяжкой працай, зрабіў, як ён сам згадваў, фатальную памылку. Папрасіў колькі тыдняў перапынку, і на яго частату ўлезлі італьянцы, і адбіць праграму назад не ўдалося.

Маркевіч не здаваўся, прасоўваў беларускія навіны і музыку на іншых радыёстанцыях.

Апошнія гады, з увагі на паважны ўзрост, Антон Маркевіч адышоў ад актыўнае грамадскае працы, але даваў ахвяраванні на «Беларуса» ці беларускія выдавецкія праекты.

На такіх, як Маркевіч, трымалася наша Канада – вонкава сціплых, але надзейных і цвёрдых, як крэмень, беларусах.

Паводле папярэдніх звестак, паніхіда па Антону Маркевічу адбудзецца ў гэтую нядзелю ў Таронта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?