На будынак былога касцёла прэтэндуе рыма-каталіцкая парафія з в. Аколіца Мінскага раёна. Таварыства аховы помнікаў пратэстуе.

«Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» б’е ў званы: Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах пад пагрозай. Старшыня Таварыства Антон Астаповіч паведамляе, што рыма-каталіцкая парафія з в. Аколіца Мінскага раёна пачала несанкцыянаваныя працы на тэрыторыі музея, будынак якога ахоўваецца дзяржавай. У сувязі з чым сп. Астаповіч накіраваў лісты да мітрапаліта Тадэуша Кандрусевіча і Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў пры Саўміне Леаніда Гулякі.

У лісце ў прыватнасці гаворыцца, што «па ініцыятыве былога пробашча рыма-каталіцкай парафіі з в. Аколіца Мінскага раёна Ігара Лашука быў усталяваны крыж побач з будынкам касцёла без узгаднення з кіраўніцтвам музея, узведзена вакол могілак агароджа, якая дысануе з гісторыка-культурнай каштоўнасцю і перашкаджае яе нармальнаму ўспрыняццю, пачалося будаўніцтва ў ахоўнай зоне парафіяльнага дома без узгаднення праектнай дакументацыі і дазволу Міністэрства культуры, чым парушаюцца шматлікія нарматыўна-прававыя акты Рэспублікі Беларусь. Пры будаўніцтве дома, а ўжо выкапаны катлаван і закладзены жалезабетонныя блокі ў канструкцыю падмурка, былі высечаны чатыры старадаўнія ліпы з алеі ўздоўж дарогі да касцёлу».

Антон Астаповіч падкрэслівае каштоўнасць музея як аднаго з цэнтраў папулярызацыі беларускай культуры.
Ён прапануе зладзіць круглы стол з удзелам усіх зацікаўленых бакоў і прадстаўнікоў незалежнай грамадскасці з тым, каб знайсці прымальны варыянт размяшчэння на мяжы ахоўных зон помніка капліцы, памеры якой у поўнай меры змогуць задаволіць патрэбы парафіі з в. Аколіца.

У залях музея

Айцец Ігар Лашук не пагаджаецца з прэтэнзіямі Таварыства аховы помнікаў. Па яго словах, парафіі яшчэ ў 2005 годзе Міністэрства культуры ўказала, дзе можна размяшчаць парафіяльныя аб’екты і акрэсліла межы ахоўных зонаў. Пасля атрымання належных дакументаў з Мінскага райвыканкама, звярнуліся ў Дзяржбуднагляд Мінаблвыканкама з просьбай дазволіць будаўніцтва парафіяльнага дома на месцы, дзе некалі быў дом святара (плябанія), а ў савецкія часы школа. А потым у справу ўмяшалася кіраўніцтва Нацыянальнага музею і ягонага філіялу ў Раўбічах, распавядае святар. На яго думку, прэтэнзіі музейшчыкаў да парафіяльнага дому надуманыя — падмуркі яго закладзеныя ў 300 м ад будынку былога касцёла. Зусім побач стаіць прыватны дом, але ён чамусьці не замінае ахоўнай зоне. Крыж быў усталяваны на могілках, а не пры самім музеі. Пры гэтым, цвердзіць святар, у музея нават не было рэгістрацыйнага пасведчання на зямлю. Агароджу могілках ставіў мясцовы сельсавет, а не святар. Распавёў а.Ігар і пра спілаваныя ліпы — па яго словах, гэта былі старыя дуплаватыя дрэвы, якія, да таго ж, раслі асобна ад алеі.

Ігар Лашук не хавае, што канчатковай мэтай парафіі, яшчэ з 1991 года, ёсць вяртанне будынка касцёла: «Богу — Богава. Музей можна размясціць у любым памяшканні, а касцёл — гэта касцёл».

Урачыстасці ў парафіі Св. Мацвея

Ён не згаджаецца з выказваннямі пра тое, што раўбіцкая парафія нешматлюдная і можа не даць рады ўтрыманню помніка архітэктуры. І дае контраргумент: «Мы адмыслова лічылі, колькі чалавек наведвае той музей. У пятніцу, суботу і нядзелю. Некалькі чалавек заходзіла. Пры гэтым некаторыя казалі, што палічылі будынак музея касцёлам. Проста музейнае кіраўніцтва любым спосабам хоча захаваць свае працоўныя месцы, а да парафіі ў в. Аколіца належаць вернікі і з другіх вёсак, а таксама і з Астрашыцкага Гарадка. Міністэрства культуры павінна супрацоўнічаць з Касцёлам, мы робім супольную справу, нясём культуру народу, вяртаем традыцыі, а непаразуменні павінны вырашацца ў дыялогу, а не ў маналогу. А як пан Астаповіч за свае ўласныя сродкі збудуе для парафіі яшчэ і капліцу, мяркую, парафія будзе задаволена».

Лёс будынка Музея беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах характэрны для Беларусі. Былы касцёл св. Мацвея, збудаваны ў 1862 г. на месцы драўлянай каталіцкай бажніцы з 1650 года. У 1866 г. быў перададзены праваслаўнай царкве, у 1920 годзе вернуты каталікам, за саветамі быў зачынены, у гады Другой сусветнай вайны зазнаў значныя пашкоджанні.


У 70-ыя гады ХХ ст. рэшткі былога касцёла апынуліся на тэрыторыі алімпійскага спартыўнага комплексу «Раўбічы». Тады і вырашылася пытанне далейшага існавання будынка: у 1976—78 гг. ён быў адрэстаўраваны і прыстасаваны пад Музей народнага мастацтва. На сёння з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?