Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»
1 каментар | 21:32, 1 лютага 2010

Розгалас ўсё ж даў плён. Той праект, што ў снежні паставіў на вушы сеціўную публіку, трохі змякчылі.

Пастараліся прыгожа ўпакаваць: клопат пра аўтарскія правы і ўсё такое… Схавалі вушы палітычнай цэнзуры, прыбралі шэраг адыёзных момантаў, затушавалі ролю Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце. Але не сумнявайцеся: шчоўкаць дзюбай там не будуць.

Дакумент напісаны цьмянай, блытанай тэхнічнай мовай, будзе дапаўняцца рознымі пастановамі аб парадку рэгістрацыі і г.д. Карацей, дае шырокі абсяг для чыноўніцкага шчыравання. А ў які бок яны шчыруюць, мы добра ведаем.

Рэгістрацыя інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў — вось вам адзін гемарой. Ідэнтыфікацыя «абаненцкіх прылад» (кампоў) і карыстальнікаў (нас саміх) — яшчэ адзін.

Ну і нарэшце —

абмежаванне доступу «на запыт карыстальнікаў». На практыцы яно можа выліцца ў глушэнне неўпадабаных рэсурсаў, найперш падчас выбарчых кампаній.

Гэта рабілі і раней, але зараз можна ўжо не тоячыся, не маскуючы пад «непаладкі на лініі».

Іначай кажучы, дакумент хоць фармальна і тэхнічны, аднак заточаны пад выбарачнае глушэнне крамолы.

Улюбёны метад: усіх трымаць пад каўпаком і час ад часу рабіць трапную «акупунктуру».

Ва ўказе няма наўпроставага загаду зладзіць рэгістрацыю вэб-СМІ. Аднак не расслабляйцеся. Магчыма, проста не захацелі дражніць Еўропу. Даць жа адмашку можна ў любы момант. Бо

пункт пра патэнцыйную рэгістрацыю інтэрнет-медый закладзены ў дзейны закон аб СМІ.

Пры гэтым указ атрымаўся сыры і эклектычны, трохі падобны месцамі на славутую дырэктыву аб умацаванні дысцыпліны. Штосьці спехам выкрэслівалі, штосьці упісвалі, як спічрайтэры ў даклад, што кроў з носу мусіць быць падрыхтаваны да пэўнай даты. Комплекснага асэнсавання Сеціва як з’явы ў тэксце няма, пануе дробнатэм’е.

Ну не царская гэта справа — загадваць, каб ставілі гіперлінкі (адчуваецца лабізм пэўных агенцтваў). Дзеля абароны аўтарскага права дастаткова шліфануць адпаведны закон. А загад, каб дзяржорганы мелі сайты ды аператыўна напаўнялі іх, наўрад ці падвысіць ступень галоснасці. Што ўтойвалі, тое і будуць утойваць.

Зрэшты,

галоўнае дасягнута: падведзена база пад болей жорсткі кантроль над анамальным арэалам вольніцы ў аўтарытарнай дзяржаве.

Як і кляліся чыноўнікі, указ не здушвае Байнет. А толькі мякка кладзе на горла чэпкую руку.

Аляксандр Класкоўскі.

Падзяліцца навіной:         
1 каментар падпіска на каментары   каментары праз RSS  
bL8dy_R8ts напiсаў(ла) Люты 1, 2010 у 22:24
Патрэюны новы артыкул, нешта аля \"Метады супрацьдзеяньня абмежаваньню свабоды\", з улікам канкрэтных рэалій закона.
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Красавiк 2009г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).