Усяго патроху1515

У Індыю дзікуном

З'ездзіла Кацярына Безмацерных. У Індыі я пачувалася Белай Жанчынай. Беласкурыя — індыйскі ідэал прыгажосці. Гэта варта таго!

З'ездзіла Кацярына Безмацерных. У Індыі я пачувалася Белай Жанчынай. Беласкурыя — індыйскі ідэал прыгажосці. Гэта варта таго!

Сядзіць індуска на падлозе ў вагоне мумбайскага метро. Рыбу ў вялікім кашы чысціць. Мухі па той рыбе поўзаюць… А вунь мужчыны, у перапоўненым вагоне не змясціўшыся, на дах узлезлі.

У цягнікі і аўтобусы індусы здольныя заскакваць на хаду. Гадзіна пік — дзіка штурхаюцца, спяшаюцца. Але, штурхаючыся, усміхаюцца!

Ядуць рукамі, туалетнай паперы — няма. Ведзярцо і кран замест паперы ў прыбіральні…

«Варвары», — сказаў бы еўрапеец. «Іншыя», — сказаў бы Буда. Бог, каб цікавей было, стварыў людзей рознымі.

Рэальная Індыя не падобная да салодкага балівудскага кіно. Яна куды больш «няправільная». Але — захапляльная сваёй «няправільнасцю». І — прыгожая сваёй «няправільнасцю».

Ляжыць у цэнтры Мумбая недатыкальная. Без майткоў. Мухі па ёй поўзаюць. Нехта справіў пільніцу побач.

Гірлянды жывых кветак. У валасах жанчын, у вокнах аўтобусаў.

«Хай!» — натоўп індыйскіх дзетак. Яны ўсміхаюцца, прыязна далоньку табе паціскаюць.

Індыя цікавая еўрапейцам. Тут сустрэнеш «даследчыкаў» з заходніх і постсавецкіх краінаў, для якіх гэты сезон — другі, трэці або дзясяты. Едуць на два, тры месяцы , а то і паўгода. Індыя, а затым, можа, Непал, Катманду, Шры‑Ланка…

Святкуй жыццё!

Еўрапейскія вандроўкі — гэта музеі, арт‑галерэі, жывапіс. Індыя ж спакушае еўрапейца набываць усё новую і новую самабытную вопратку, пацеркі і хіпоўскія торбы. Спакушае заплечнік падарункаў прыцягнуць дахаты!

Скандальны індыйскі гуру Оша, што распавядаў пра сэксуальную разняволенасць, смех і ачышчальную моц плачу, часцяком паўтараў: «Святкуй жыццё!»

Адзін доўгавалосы бізнэсмен з Гоа (яго бізнэс — выраб пярсцёнкаў) кажа мне: «Гэта ў Еўропе людзі аднастайна працуюць у офісах! А цяпер ты ў Індыі. І тут можна, каб кожны дзень быць новым. Штодзень новая індыйская адзежа (а яна ж тут зусім танная), штодзень новая ежа ў новай кавярні. Сэкс з індусам. Атрымлівай асалоду! Будзь адкрытай, спрабуй усё! Хто ведае, а раптам заўтра ты памрэш?»

У Індыі я пачуваюся Белай Жанчынай. Беласкурыя — індыйскі ідэал прыгажосці.
Жанчыны са светлай скурай, колеру індыйскай гарбаты, якая нязменна з малаком, паглядаюць з бігбордаў ды здымаюцца ў балівудскім кіно. З беласкурымі індускамі папрацаваў грымёр, а можа, родам яны з паўночнага штата Кашмір.

І ад залётнікаў белай еўрапейскай жанчыне адпачынку‑паратунку няма. Ноч у аўтобусе, побач з суседам‑індусам, — не выключаныя заляцанні замест сну.

З Белай Жанчынай індусы фатаграфуюцца. Аўтограф просяць. Прапануюць гашыш папаліць. Ці хочаш — на байку падвязуць. А хочаш — у краму, дзе непараўнальны алей індыйскі араматычны. І ў вочы пазіраюць уважліва. І ўсміхаюцца.

Горад без сметніц

Турысты не дужа любяць семнаццацімільённы Мумбай, што да 1995 года зваўся Бамбей, — сталіцу штата Махараштра на ўзбярэжжы Аравійскага мора, самы населены горад краіны. Ды якое спазнанне Індыі без шумных яе гарадоў? Дзе паветра забруджанае да такой ступені, што кашляць знянацку пачынаеш. І дзе ціхі дворык шукаць будзеш — не знойдзеш. А ў метро падчас гадзіны пік я, беласкурая і сціплая, да дзікай штурханіны не прызвычаеная, з чацвёртага разу трапляла… У Мумбаі — Бамбеі — як і паўсюль у Індыі — няма сметніц. «Проста бяры — і кідай вось тут…» — не раз казалі мне індусы.

У горадзе багата недатыкальных: маляўнічыя індускі‑жабрачкі ў каляровых сары, чые рукі браслетамі ўпрыгожаныя, фантастычныя выродлівасці і калецтвы. Але і сучасныя дарагія кварталы ёсць. А побач з дарагімі кварталамі — трушчобы, дзе бруд і інфекцыі плодзяцца.

Пісьменных тут — 77%, што зусім няблага як на агульны ўзровень па Індыі. Тут каляровы букет моваў і рэлігіяў. Індуістаў найбольш (68%), ёсць мусульмане, хрысціяне, будысты, зараастрыйцы, джайны, сікхі, атэісты… Гучаць хіндзі, маратхі (афіцыйная мова штата Махараштра), англійская, бенгальская, тамільская, пенджабская, непальская, целугу, урду, гуджараці…

Мне цікава ночыцца ў танным мумбайскім хостэле Salvation Army, у пакоі на чалавек дзесяць, з двухпавярховымі ложкамі. Каштуе зусім няшмат для сталіцы Махараштры — меней за пяць даляраў ноч. Ды яшчэ і сняданак у бонус. Тут багата цудоўнай «заплечнікавай» моладзі. «Хостэл для бэкпэкераў», — дае яму азначэнне мой знаёмы індус. Вось дзяўчынкі‑немкі кіруюцца ў Аўстралію. Вандраваць па свеце з вялікім заплечнікам за спіной для еўрапейскай моладзі — натуральнасць.

У першы індыйскі вечар засынаю з пахам гірлянды кветак, якую ўручыла мне бедная індуска ў каляровым сары. Уручыла, сказаўшы: «Be pretty!» Індусы, увогуле, — «кветкавая» нацыя.

Тут паляць мёртвых

Паміж Мумбаем і Варанасі, святым індуісцкім горадам на рацэ Ганг, — 1643 кіламетры. Тут трэба іншая вопратка — швэдар, зімовая куртка. Падлога ў маім пакоі такая халодная, бо ў гест‑хаусах Паўночнай Індыі няма батарэяў. Адна з прывабнасцяў гэтай краіны — розная яна.
Снежань месяц — яснае лета ў Мумбаі і Гоа. А над Гангам туман цэлы дзень стаіць.

Варанасі — а яшчэ адзін назоў Бенарэс — згодна з легендай, пабудаваў пяць тысяч гадоў таму сам бог Шыва. Сюды прыязджаюць паміраць індусы, бо вераць, што так можна атрымаць свабоду ад кола смерцяў‑нараджэнняў.

У Варанасі, на беразе Ганга, ёсць два месцы, дзе мёртвых паляць у рэжыме нон‑стоп. А попел пасля — у раку святую. Цела за целам гарыць, каровы і сабакі побач швэндаюцца. Ніхто не плача, бо плакаць тут забаронена. Турысты назіраюць. Дзеці непадалёк змеяў пускаюць, хлопчык‑індус кліча гарбаты выпіць ці ў храм Шывы марыхуаны папаліць. Варанасі — адзін з гарадоў Індыі, дзе гэта легальна. Шыва ж таксама паліў, вераць індусы. А целы ўсё гараць і гараць, цэлыя тры гадзіны на адно цела неабходна.

У свяшчэнным горадзе на Гангу — вузкія‑вузкія вулачкі, дзе свечкі вечарамі ў цемры. Індусы, захутаныя ў цёплыя шалі, вогнішчы на вуліцах паляць — пагрэцца. Бенарэс — гэта яшчэ і места мастакоў і музыкаў. І еўрапеец можа знайсці сабе настаўніка ў святым горадзе.

У мяне ж тут з’яўляецца чарговы індыйскі залётнік — нумар трыццаць? Сорак? Ён дорыць адну са шматлікіх маленькіх радасцяў, даступных у гэтай краіне — ганяць з ім на байку. Байкі ў Індыі — справа паўсюдная. А ровараў амаль няма.

Гоа

Гоа — найменшы па плошчы штат Індыі. Але ж ён — адно з самых улюбёных месцаў для турыстаў. Пра які, аднак, кажуць: «Ну, Гоа — гэта і не Індыя зусім…» Сонца, пальмы, пляжы (з каровамі і сабакамі, вядома), Аравійскае мора.
Мноства бігбордаў уздоўж сонечных дарог.

Гоа — былая партугальская калонія, а Васка да Гама — першы еўрапеец, што трапіў сюды ў 1498 годзе. Пры канцы 1960‑х тут пачалі сяліцца хіпі, пры канцы 1980‑х — склаўся стыль электоннай музыкі гоа‑транс. «Гэта больш, чым танцы пад пальмамі. Ды‑Джэй паўстае перад людзьмі ў ролі сучаснага шамана», — казаў адзін з арганізатараў транс‑руху, ды‑джэй Гоа Гіл.

Электронныя вечарыны, свабодныя хіпі на пляжах — сёння гісторыя.

Сучасны Гоа камерцыйны і папсовы, ды ўсё адно ён — Гоа. Самабытная вопратка з яркімі псіхадэлічнымі выявамі, індуісцкімі багамі, мухаморамі — гэта прываблівае турыстаў. Кавяранькі на ўзбярэжжы акіяна з радасным псіхадэлік‑рокам ці загадкавай электроннай музыкай. Сюды і сёння сцякаюцца валасатыя музыкі з Еўропы і постсавецкай прасторы.

Кеша з Кіева ўжо трэці сезон завісае ў Індыі, займаецца тут музыкай і нават грошы гэтым зарабляе, даючы ўрокі і канцэрты ладзячы. Кажа, што тут яму свабадней і сонечней, чым было б цяпер у марознай Украіне. Хтось з беларускурых уцекачоў ад морознай зімы і дэпрэсіі зарабляе на жыццё, фаеры круцячы, хтось — танцамі.

Палільшчыкаў гашышу ў Гоа больш чым тых, хто празаічны тытунь паліць.
А яшчэ і какаін, ЛСД, кетамін… Падчас маіх гоа‑вакацыяў адзін еўрапеец памірае ў шпіталі ад перадазіроўкі. Яшчэ адзін турыст з Расіі, сеўшы на байк пад наркотыкамі, трапляе ў аварыю. На вуліцах можна спаткаць тых, хто так і застаўся ў наркатычнай рэальнасці.

Царства малпаў

У Індыі проста на вуліцы можна пабачыць малпаў. Вавёрачак. Паўлінаў. Сланоў. Зграі вялікіх зялёных папугаяў. Вярблюдаў. Па гарадах блукаюць каровы, ёсць парсюкі, што ў смецці з цікавасцю корпаюцца. У індыйскіх цягніках, на вакзалах не раз я хеўры аблезлых пацукоў назірала.

У гест‑хаусах плодзяцца тараканы. А салодкае толькі ў скрынцы захоўваць можна: мурашы набягаюць.

Мястэчка Хампі знаходзіцца на беразе яшчэ адной святой ракі — Тунгабхадры ў штаце Карнатака, Паўднёвая Індыя. Яго завуць горадам малпаў. Вар’яцкае месца, дзе старажытныя храмы, кактусы і валуны. Сучаснае Хампі стаіць сярод руінаў Віджаянагары, сталіцы індуісцкай Віджаянагарскай імперыі (XIV—XVII стст.). Незаапаркавыя малпы ў Хапмі — захапляльна жвавыя і спрытныя. Зграямі скачуць яны па старажытных храмах і дрэвах. Перабягаючы дарогу, ледзь не трапляюць пад колы. Бываюць злоснымі, нахабнымі. Будзеш есці банан — адабраць паспрабуюць.

Гакарна — яшчэ адно прывабнае месца штата Карнатака. Зусім недалёка ад Гоа. Тут таксама ёсць пальмы, мора і пляжы. Шчаслівыя неахіпары ў дрэдах спяваюць вечарамі мантры альбо таньчаць пад пальмамі на беразе акіяна. Менавіта ў Гакарне, згодна з індуісцкай міфалогіяй, нарадзіўся бог Шыва — у вуху каровы. «Го» на санскрыце значыць «карова», «карна» — вуха.

Якія людзі індусы

«Красці, падманваць… Менталітэт у іх такі», — кажа знаёмы аматар Індыі. «Гаспадар нашага гест‑хауса — неблагі чалавек. Але як толькі справа тычыцца грошай, ён робіцца машынай!» — кажа кіевец Кеша.

Аднак не будзем злоснічаць.

За два месяцы падарожжа ні разу мяне не абрабавалі. Хаця грошы ўсімі магчымымі легальнымі спосабамі «выцягнуць» імкнуліся. Вольнае месца ў цягніку табе знайшоў — плаці! А цану беласкураму ў чатыры разы большую скажуць. Таргавацца на рынку можна весела, з інтарэсам і гуляючы — без гэтага ніяк у Індыі.

«Традыцыйнасць» — усплывае рыса ўсходняй культуры аднекуль з вучэбнага канспекта. На карцінах XVIII—XIX стст. жанчыны ў такіх самых сары, што і сучасныя. А сярод індыйскай моладзі не страчала я бунтарства і навізны: ні панкаў, ні эма… І ўласнай рок‑музыкі, распавядалі мне, у Індыі няшмат. Як і авангарднага мастацтва. Затое індусы майстры вырабляць прыгожыя тканіны. Не сустракала я жанчын у сары з аднолькавым колерам‑малюнкам.

Тое, што мы ведаем пра Індыю, часта будуецца на ўяўленнях іншых заходнікаў. Бачаныя мной людзі, што практыкавалі на пляжах ёгу, былі выключна «белымі». Лячу ў самалёце —Крышна Дас спявае індуісцкія кіртаны ў навушніках. Ён амерыканец, не індус. Каб спасцігнуць гэту вялікую і каляровую краіну і яе жыхароў, туды трэба выпраўляцца самому.

Кацярына Бязмацерных, Індыя—Беларусь, фота аўтара

Колькі каштуе падарожжа ў Індыю

Трапіць у Індыю найзручней самалётам. З Кіева праз арабскую кампанію Airarabia гэта каштуе ў два бакі ад 300 да 700 (у разгар сезона) даляраў.

Жыць у намёце не выйдзе. Турысты спыняюцца ў гатэлях, гест‑хаусах і хостэлах. Кошт пакоя гест‑хауса, які заўжды на дзве асобы, — ад двух‑пяці даляраў за суткі. У несталічным горадзе можна адшукаць хостэл (анг. hostel — інтэрнат) нават за даляр.

Ежа таннейшая ў гарадах, чым на пляжах: за страву ўсяго ад 600 да 4000 рублёў у пераліку на рупіі. Але ж на гарадскіх вуліцах яна будзе індыйскай, а значыць, вострай і вельмі адрознай ад еўрапейскай. Шмат соусаў у маленькіх сподачках. Вялікі праснак чапаці замест лыжкі. У Індыі паўсюдна ціснуць свежыя сокі (300—600 руб. шклянка): трысняговы, апельсінавы, бананавы, ананасавы. Альбо какос з празрыстым сокам усярэдзіне пі. У метро, у цягніках, на вуліцах прадаюцца шкляначкі гарбаты за 4‑10 рупіяў (300—600 на нашы рублі). Яна тут абавязкова салодкая і з малаком.

Самабытная індыйская адзежына — нават не нацыянальная, а шытая для беласкурых турыстаў — каштуе зусім няшмат, аднак і якасць — як кошт. Доўгая жаночая спадніца, рознакаляровая хіпоўская кайстра, майка з «омам» ці модныя сярод еўрапейцаў нагавіцы фасону «алі‑баба» — ад 2 да 5 даляраў за рэч.

Каментары15

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў9

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША5

Трамп забараніў уезд у ЗША грамадзянам 12 краін

Памёр Аляксандр Класкоўскі-малодшы7

У мінскіх крамах заўважылі мяса ў правакацыйных упакоўках і без маркіровак. Адкуль?1

Праціўнікі Ціханоўскай збіраюцца на круглы стол, каб вырашыць, як жыць далей43

На працоўным стале ў Пуціна стаіць камп'ютар з аперацыйнай сістэмай, якая ўжо шмат год не абнаўляецца14

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы8

Трамп неанансавана перагаварыў з Пуціным: Пуцін сказаў, і вельмі рашуча, што яму давядзецца адказаць на атаку па аэрадромах22

Новак Джокавіч зрабіў чарговую пародыю на Сабаленка. Тая падыграла3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў9

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць