У 2007 годзе ў Беларусі будзе распачатая глябальная праграма па барацьбе зь пірацкім праграмным забесьпячэньнем. Апроч акцызных марак, якія будуць вылучацца пад легальныя партыі дыскаў, урад плянуе завабіць пад сьцягі зь змаганьня зь піратамі вытворцаў праграмаў.

Для таго,каб пераход ад таннай неліцнзійнай прадукцыі да легальных копіяў не спустошыў кішэні грамадзянаў, кіраўніцтва краіны зьбіраецца ўгаварыць вытворцаў і пастаўнікоў істотна зьнізіць цэны на ПЗ для Беларусі. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра пастаўкі так званых «аблегчаных» копіяў, па цане значна ніжэйшай ад рынкавай. На гэты момант вядуцца перамовы з софтвэрным гігантам Microsoft ’ам што да выпуску для беларускага рынку Windows XP Light .

Ад падобнай вэрсіі, якая ўжо ёсьць на эўрапейскім рынку, новы варыянт апэрацыйнай сыстэмы будзе вылучаць наяўнасьць толькі самых неабходных функцый. На думку экспэртаў, што ўваходзяць у склад адмысловай камісіі, шараговыя беларусы рэдка карыстаюцца ўсімі магчымасьцямі прафэсійных вэрсій апэрацыйнай сыстэмы Біла Ґейца.

На сёньня кошт паўнацэннай Windows XP Professional у Менску каля 160 даляраў. Home edition прадаўцы гатовыя аддаць удвая таньней. Зрэшты, нават самы танны варыянт АС не па кішэні многім беларусам. Калі перамовы з Microsoft ’ам пройдуць удала, можна будзе казаць пра зьяўленьне ў Беларусі апэрацыйнай сыстэмы Light за 20-30 даляраў. Тое самае тычыцца й ліцэнзійных гульняў. Праўда, з апошнімі сытуацыя даволі далікатная.

Расейскія дыстрыбутары і так прапануюць дыскі па выкідной (у параўнаньні з Эўропай) цане. Зараз кошт адной гульнявой праграмы не перавышае 8 даляраў. Для Беларусі гэтая цана мусіць быць сама меней удвая меншай, лічаць ініцыятары антыпірацкай праграмы. Ня выключана, што на кардынальнае зьніжэньне цаны расейцы ня пойдуць, бо сабекошт выпуску адной копіі праграмы больш за 3-4 даляры. Да таго ж, Расея не разглядае беларускі рынак ПЗ у якасьці стратэгічнага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?