Палітыка
8 каментароў Сямён Печанко | 21:00, 26 лютага 2010

Але парушэнняў заканадаўства з боку чыноўніцы, якая патрабавала ад настаўнікаў выйсці з апазіцыйных партый, не знойдзена.

19 лютага Мінская абласная пракуратура даслала нясвіжскаму настаўніку Алесю Язвінскаму адказ на ягоную скаргу на дзеянні загадчыцы ўпраўлення адукацыі Мінаблывыканкаму Таісы Данілевіч. Нагадаем, што 15 студзеня 2010 г. чыноўніца выклікала да сябе шэсць настаўнікаў з Мінскай вобласці: настаўніцу гісторыі з Пухавіччыны Наталлю Ільініч, настаўніца ангельскай мовы з Лагойшчыны Міколу Ляшчуна, настаўніка геаграфіі з Нясвіжчыны Уладзіміра Парэйку, настаўніка фізкультуры з Вілейкі Сяргея Клімёнка, настаўніцу дэфектолага з Любані Надзею Агафонаву. Усе яны з’яўляюцца сябрамі апазіцыйных партый. Паводле словаў настаўнікаў, чыноўніца ў грубай форме запатрабавала ад іх або звольніцца, альбо сысці з партый. А. Язвінскі і Н. Ільініч звярнуліся ў пракуратуру.

У адказе з пракуратуры гаворыцца, што з тлумачэнняў самой Данілевіч, а таксама яе намеснікаў Семенчука О. А. і Малец Л.Э. вынікае наступнае:

настаўнікаў насамрэч выклікалі ў абласное ўпраўленне адукацыі, але падставай для размовы паслужыла недастатковая якасць працы.

«Сапраўды пры гэтым выказваліся меркаванні пра розныя палітычныя погляды суразмоўцаў. Аднак Данілевіч Т. І. не патрабавала ад Вас і іншых настаўнікаў і дэфектолага выхаду з партыі, альбо звальнення з працы і не рабіла якіх-небудзь уладных распараджэнняў», — гаворыцца ў лісце за подпісам в.а. пракурора Мінскай вобласці М.І. Пілінкевіча.

З ліста вынікае, што парушэнняў заканадаўства з боку чыноўніцы не знойдзена, а таму няма і падставаў для пракурорскага рэагавання на скаргу. Пры гэтым адзначаецца, што «з мэтай недапушчэння парушэння дзейнага заканадаўства і вырашэння сітуацыі Данілевіч Т.І. была запрошаная ў пракуратуру Мінскай вобласці, дзе ёй растлумачылі канстытуцыйныя і працоўныя правы грамадзянаў, у тым ліку і на свабоду думкі і перакананняў, а таксама права грамадзянаў Рэспублікі Беларусь на свабоду аб’яднанняў у палітычныя партыі.

***

А чаму нас адразу да міністра не выклікалі?

Вось як адказ з пракуратуры пракаментаваў настаўнік з Нясвіжа Алесь Язвінскі.

Напрыканцы лютага я нарэшце атрымаў адказ на маю скаргу з абласной пракуратуры, з нагоды неправамерных дзеянняў кіраўніцы абласнога аддзела адукацыі спадарыні Т.І.Данілевіч.

Пракурорскі адказ мяне, мякка кажучы, вельмі здзівіў, паколькі пры разглядзе скаргі, як гэта выкладаецца на паперы, да ўвагі былі ўзятыя толькі тлумачэнні Данілевіч і двух яе намеснікаў, якія прысутнічалі ў кабінеце пад час нашага візіту ў аблана. Зразумела, што могуць «сведчыць» непасрэдныя падначаленыя на сваю начальніцу з рэпутацыяй «крутога» кіраўніка, але не гэта галоўнае. Пасля прачытання адказу абласнога органа па нагляду за законнасцю ўзнікае пытанне — ці цікавяць пракурорскіх работнікаў факты, сведчанні сведак і ці кіруецца пракуратура звычайнай чалавечай логікай і здаровым сэнсам? Ніякай крытыкі і аналізу не вытрымлівае само тлумачэнне сп. Данілевіч, якая кажа, што нагодай выкліку настаўнікаў, якія ўсе як адзін з’яўляюцца сябрамі апазіцыйных партый, з розных раёнаў вобласці, стала «недастатковая якасць працы»?! Гэта як? У майго калегі Уладзіміра Парэйкі не толькі няма заўваг па працы, але наадварот, ёсць толькі высокія дасягненні яго вучняў на алімпіядах рознага ўзроўню. Вось каб яго выклікалі ды ўзнагародзілі, гэта было б цалкам лагічна. А вось як можна выклікаць на «размову» да абласнога начальніка настаўніка за нейкія недахопы ў школьнай працы, калі для гэтага на месцы ёсць дырэктар і, як максімум, — раённы аддзел? А чаму адразу не да міністра адукацыі, за тое, што я, напрыклад, за 30 гадоў працы ў школе настаўнікам фізкультуры не падрыхтаваў ніводнага майстра спорту? Абсурд ды і толькі.

Далей у лісце гаворыцца, што Данілевіч усё ж такі выклікалі ў пракуратуру і растлумачылі недапушчальнасць парушэння Канстытуцыі і правоў грамадзян… А навошта, калі яна нічога не парушала? На месцы сп. Данілевіч я пакрыўдзіўся б на пракуратуру за гэта.

Мяне, разам з калегам з вясковай школы, у суправаджэнні адказнага работніка РАА тэрмінова вызвалілі ад урокаў, на службовым аўтамабілі даставілі ў кабінет начальніка адукацыі ўсёй вобласці, дзеля таго, каб проста паразмаўляць пра тое-сёе, як палепшыць якасць маёй асабістай працы. Хіба ж гэта не падобна на казку і хто можа ў гэта паверыць? Ці можа начальнік адукацыі вобласці цяпер будзе персанальна займацца кожным шараговым настаўнікам з двух дзесяткаў раёнаў?

Я ніколі не сыду са школы «по собственному желанию», бо ведаю, што дзеці ў школе чакаюць мяне і мой «дабравольны» сыход будзе здрадаю перад імі.

Вынік расследавання пракуратуры, як я зразумеў, такі — мне намякаюць, што я дурнаваты чалавек, выдумляю казкі пра свайго высокага начальніка, з якім я раней ніколі і нідзе не сустракаўся, бо працуем мы зусім на розных службовых узроўнях. Відаць пракуратура ў нечым мае рацыю, бо калі ў грамадстве нешта робіцца ненармальна, вось тады чалавечая прыстойнасць робіцца дурасцю. Я наўмысна не выкарыстаў запіс на мабільным тэлефоне, зроблены ў кабінеце Данілевіч, бо лічу гэта непрыстойным, паколькі зрабіў яго не адкрыта і прысутныя не падазравалі аб гэтым. Зрабіў для сябе, каб пасля праслухаць і прааналізаваць, але я не шкадую, што вынік абласной пракурорскай праверкі атрымаўся такім. Кожны з удзельнікаў змог паказаць чаго ён варты, а для мяне галоўнае, гэта захаваць чалавечую прыстойнасць.

У канцы пракурорскага адказу зазначаецца, што калі я не пагаджаюся з рашэннем абласной інстанцыі, дык маю права звярнуцца ў Генеральную пракуратуру РБ. А што, можа і мае сэнс праверыць на што вартая і Генеральная пракуратура ў сённяшняй Беларусі?

Глядзі яшчэ:
Алесь Язвінскі: Патомны настаўнік з Нясвіжа

Падзяліцца навіной:         
8 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Яўмен са Старобіна напiсаў(ла) Люты 26, 2010 у 22:12
Абявязкова трэба!
Таксама раю напісаць у КДК з заявай правесьці праверку па дадзеным факце і факце пракурорскай праверкі.
Паважаны сп. Алесь, цалкам падтрымліваю вашыя высілкі і раю пісаць як мага ў большую колькасьць інстанцый!
Справа ў тым, што ў Беларусі пра Лукашэнке выбудаваная сістэма, якая працуе. Таму інструментамі гэтай сістэмы (КДК, Пракуратура, Адміністрацыя Прэзыдэнта, Міністэрства адукацыі, МУС) трэба карыстацца. І абавязкова да вашай наступнай скаргі прыгладзіце ўсе матэрыялы.
Канешне, ваша справа так бы мовіць "палітычная". Але вынікам вашых высілкаў будзе тое, што аніводная пачвара ня можа далей з такой нахабістасьцю сябе паводзіць з настаўнікамі!
Посьпехаў Вас, паважаны сп. Алесь!
Паталаанатам напiсаў(ла) Люты 26, 2010 у 23:50
Цікава, такая дыяганальная кабета не ведала, што не можна парушаць правы грамадзян? Хай яны сабе і настаўнікі ды дыфектолагі.
студэнт напiсаў(ла) Люты 27, 2010 у 0:14
я цалкам згодны з Яўгенам са Старобіна.
асабістая практыка (хоць і не такая як у Вас) паказвае, што звароты ў вышэйстаячыя кантралюючыя органы даюць плён.

Да таго ж думаю што ў Вашым выпадку Вы прынамсі добра напалохаеце не толькі гэтую дурную бабу і яе намеснікаў, але і ўсю іх пароду.

перамога наперадзе!
антон напiсаў(ла) Люты 27, 2010 у 2:36
лукашистская ложь))))
alek.RU напiсаў(ла) Люты 27, 2010 у 9:13
няхай жыве беларуская пракуратура, самая адданая справе лукашызму...
Мазынскі Валеры напiсаў(ла) Люты 27, 2010 у 13:23
Спадар Алесь, маё Вам шанаваньне! Ісьці трэба да магчымага канца, хаця б таму, што ўсё роўна Сітэма цяпер Вас выштурхне і не памогуць зьдзіўленыя дзіцячыя вочкі, а тым больш рухі іхніх бацькоў і калегаў(быў бы рады памыліцца), а галоўнае - Вы будзеце сябе дыскамфортна пачуваць, спыніўшыся на паўдарозе, бо чалавек Вы сумленны.
Сьпец галоўнага аграгарадку напiсаў(ла) Люты 27, 2010 у 15:54
На ўсе такія "прыглашэнія" нада браць дзетак, і кожнаму школьніку абавязкова выдаваць мячык. (А шкоднікам ішчо й вучэбныя гранаты!) А што: ў Вас урок, зачэм ево срываць?

Кагда ж Данілевічы будут біць рукамі й галавой аб стол з крыкам "Прыкраціця!", можна спаслацца на фізкультуру Колі в самам глаўнам храме. Не забудзьце пры тым узгадаць і Папу рымскага, каторый быў ня проціў, і, абавязкова, Папу беларускага! І маць іх!!
Dzjadulja напiсаў(ла) Люты 28, 2010 у 2:46
Маё шанаваньне, спадар Алесь!
Як ёсть моц -- зьвяртайцеся і вышэй. Кропля камень точыць... Дзяўбці, дзяўбці, нагадваць пра Закон. Той-сёй з чыноўнікаў і пачне чухаць рэпу: «Час-ад-часу начальнікі мусяць рабіць дэманстратыўныя рухі “за правы простага народу” і наладжваць публічныя пакараньні асобных “дрэнных чыноўнікаў”. Ды ці варта мне даваць ім легальны прычыну для рэпрэсіяў да маёй асобы?»
Гэтая боязь прымушае чыноўніка паскудзіць ня так нахабна, але... Для “акуратнага паскуджаньня” трэба больш высілкаў, больш арганізацыйных дзеяў. То бок, чыноўнік будзе пасьпяваць паскудзіць меньш, чымсьці пры адчуваньню сваёй поўнае бясьпекі, беспакаранасьці.
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Красавiк 2009г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).