Меркаванні
18 каментароў Якуб Лапатка | 15:45, 13 сакавiка 2010

Так, Купала і Байран, Колас і »Калевала», Быкаў і Хемінгуэй роўныя. Піша Якуб Лапатка.

Апошнім часам усе, хто хоча — ад нудыстаў да канструктывістаў, — як дамовіўшыся, дзяўбуць беларускую літаратуру штомоцы: яна і бяззубая, і дэструктыўная, і правінцыйная.

У чым заключаецца бяззубасць і дэструктыўнасць творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Някляева, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Арлова ды іншых пісьменнікаў і паэтаў? Уцямных тлумачэнняў няма. Таму адкінем разважанні пра бяззубасць і дэструктыўнасць як простае эпатажна‑палітычнае глупства.

Абвінавачванне ў правінцыйнасці — гэта ўжо болей сур’ёзна. На першы погляд. А на другі — ніхто не ведае толкам, што такое правінцыйнасць. Проста гэта довад, каб вынесці прысуд. Але ў справядлівасці прысуду беларускай літаратуры ўзнікаюць пытанні.

Чаму «Шыльёнскі вязень» англійскага Байрана — гэта ўзнёсла, рамантычна і, скажам так, агульначавеча,

а «Курган» нашага Купалы — гэта правінцыйна і ў агульначалавечую скарбонку не падыходзіць?

І чым шэкспіраўскі каўбой Атэла лепшы за купалаўскага Машэку з «Магілы льва»? (Чаму каўбой? Каўбоі з амерыканскіх вестэрнаў спачатку стралялі, а потым разбіраліся. У той жа манеры дзейнічае і «высакародны мурын»: задушыў ні ў чым не вінаватую жонку, а потым пачаў разбірацца. Машэка ж вар’яваўся, дакладна ведаючы, што каханая памяняла яго, беднага плытагона, на багатага баярына.)

А звада Мантэкаў з Капулеці — узор міжсямейных адносін? А карлікавая Верона (у тыя часы нешта роўнавялікае сучасным Расонам ці Бялынічам) — цэнтр сусветнай культуры і высокай маралі? Герцаг веронскі ацаніў маральнасць «высакародных» бацькоў: «Чума на вашыя дамы абодва!»

Цяжкая артылерыя: у беларусаў няма народнага эпасу, які мог бы ўзняць іх літаратуру на агульначалавечыя вышыні! Што праўда, то праўда. Няма ў беларусаў смертазабойнага эпасу з бязлітаснымі, нялюдска станоўчымі пратаганістамі. Менавіта пратаганістамі, бо назваць іх «героямі» не паварочваецца язык. Страшэнна далёкія яны ад нашага народа. Нам бліжэйшая фінская «Калевала» з яе ляснымі вясковымі героямі. Там мы сустрэнем усё, што добра вядома і блізка: і мудрага старога Вяйнямёйнена, і помслівага паўшабэлка Ёўкахайнена, і нахабнага балбатуна Лемінкяйнена, і вясковага каваля‑майстра на ўсе рукі Ілмарынена.

І ніводнага з герояў «Калевалы» нельга залічыць у рыцары без страху і заганы, не. Гэта звычайныя і зразумелыя людзі. Стары Вяйнямёнен распускае хвост перад кожнай дзеўкай і не заўсёды робіць мудрыя ўчынкі, што выклікае нават, пратакольна кажучы, чалавечыя ахвяры. Лемінкяйнен заўжды гатовы распачаць бойку на гулянцы, куды яго зусім не запрашалі, і нарываецца: яго забіваюць. І толькі матчына любоў вяртае задзіраку з царства мёртвых. А жонка каваля Ілмарынена — проста ўзор вясковай злашкоднай кабеты, гатовай напаскудзіць чалавеку проста так, па дурасці натуры.

Я люблю гэтых герояў таму, што яны жывыя, блізкія і зразумелыя мне ў сваіх дзеях і ўчынках. Яшчэ на подступах да грунтоўнага перакладу «Калевалы» я адчуваў нейкае дзіўнае пачуццё дэжа вю. Дзе я гэта чуў? І толькі перачытваючы «Новую зямлю» Якуба Коласа, скеміў: во яно! Вясковае жыццё, вясковыя людзі, святы і абрады, маленькія людскія радасці — усё гэта было так падобна, так блізка да «Калевалы»!

Якуб Лапатка нар. у 1944 у вёсцы Аўсюкова (Расонскі раён). Скончыў іспанскі факультэт Мінскага інстытута замежных моваў. Дваццаць гадоў працаваў настаўнікам у Наваполацку. Цяпер жыве ў Хельсінкі (Фінляндыя). Займаецца перакладам фінскай літаратуры на беларускую мову. Аўтар поўнага перакладу фінскага нацыянальнага эпасу «Калевала»

Фіны шануюць сваіх сівалапых герояў, сваю народную паэму. У календары нават ёсць адмысловы Дзень Калевалы, 28 лютага. Па ўсёй Фінляндыі ўздымаюцца дзяржаўныя сцягі ў дварах, над пад’ездамі дамоў, над установамі.

Нашу «Новую зямлю» расцягалі на прымаўкі, кожны ведае чароўныя словы «Мой родны кут, як ты мне мілы!», але паставіць яе ў адзін шэраг з «Калевалай» ці кіргізскім «Манасам» ніводзін літаратуразнаўца не адважыўся. А яна ні па вобразнасці, ні па мастацкіх сродках не саступае найлепшым узорам любой літаратуры. Гэта жывая беларуская мова, інтанацыі якой зараз не пачуеш ні па беларускім дзяржаўным радыё, ні па «варожых галасах».

На Беларусі святкуюцца шматлікія Дні: ад Дня банкаўскіх працаўнікоў да Дня каваля, а вось дня для сапраўды НАРОДНАЙ паэмы ў календары не знайшлося. А усё таму, што ёй, як і іншым творам, «шыюць» правінцыйнасць.

Усе без выключэння фіны абавязкова ведаюць гімн «Наш край», народную эпічную паэму «Калевала» і раман Вяйнё Ліны «Невядомы салдат». І ніводнаму фіну вы не зможаце давесці, што Хемінгуэй ці Рэмарк пісалі пра вайну лепей, чым іх Вяйнё Ліна, хай сабе і не сусветна вядомы. Ніхто не будзе спрачацца, што Пушкін, Гётэ ці Байран — вялікія паэты. Яны сабе хай будуць. А для іх Эйна Лейна, Міка Валтары з Юхані Ахам не меней вялікія. І някіх комплексаў. Ніякага адмаўлення каштоўнасці сваёй літаратуры для свайго народа.

У нас: Быкаў і Хэмінгуэй роўня? Кіньце! Куды яму! А чаму, уласна кажучы? Умяне ёсць толькі адзін адказ: безнадзейная правінцыйнасць у галовах «знаўцаў», а не ў літаратуры. Нам столькі год даводзілі, што беларусы — нацыя вясковая, несамадастатковая, правінцыйная. Гэтая лухта і прыжылася ў галовах людзей, як хваробная бацыла, разбураючы нацыянальную свядомасць і годнасць. Прыжылася настолькі, што чужаземныя «цветики степные» пустазельна, як нейкія пачварныя «кветкі зла», узбуялі так, што забіваюць беларускі «цвяток радзімы васілька».

* * *

Якуб Лапатка — перакладчык на беларускую мову, жыве ў Хельсінкі (Фінляндыя).

Падзяліцца навіной:         
18 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Ярэк напiсаў(ла) Сакавiк 13, 2010 у 16:59
Дзякуй, спадар Лапатка, добра сказана.

У правінцыйнасці звычайна папракаюць тыя, хто сам нядаўна з вёскі, і пішчом лезе ў сталічныя паны. "Ты што, з дзярэўні? Научысь сначала гаварыць па-чалавечаскі, а патом ужэ сціхі расказывай!"
Кнехт напiсаў(ла) Сакавiк 13, 2010 у 19:30
Падзяляю Вашыя погляды па ўзнятай тэме, спадар Лапатка.
Ад сябе дадам. З пераймання спадаром Падголам чужога вопыту, сярод дэмакратычнай часткі беларускага грамадства сталася модным пісаць "беларускую дыктоўку". Што пісалася раней у той дыктоўцы, не ўяўляла асаблівай цікавасці. Зараз "настаўнік" Падгол пераняў у некага, што варта перапісаць Біблію на дыктоўку.
Прашу Вас, спадар Якуб Лапатка (бо мяне ён не паслухаецца), прапанаваць вышэйпамянёнаму спадару Падголу перапісаць у наступнай дыктоўцы паэму "Новая зямля" Якуба Коласа.
Беларуска з Рыгі напiсаў(ла) Сакавiк 13, 2010 у 20:08
Цалкам згодная. Латышы, дарэчы, таксама сваіх паэтаў і пісьменнікаў не лічаць ні правінцыйнымі, ні горшымі за іншых.
Мікіта напiсаў(ла) Сакавiк 13, 2010 у 21:38
Усё проста. Англічане змаглі даказаць што, напрыклад, Байран уваходзіць у агульнасусветную скарбонку літаратурных твораў. Многія беларусы не тое што нават не намагаюцца прэзентаваць сваю літаратуру як высокаякасную і высокадухоўную, але і наадварот, самі ж, "самакрытычныя", выстаўляюць напаказ яе адваротныя бакі.
АДС напiсаў(ла) Сакавiк 13, 2010 у 22:05
"У чым заключаецца бяззубасць і дэструктыўнасць творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Някляева, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Арлова ды іншых пісьменнікаў і паэтаў?"

Пазначце лішняга.
2 Мікіта напiсаў(ла) Сакавiк 13, 2010 у 23:21
А вы запытайцеся аб гэтым у англічан :)
Яны вам скажуць, што Байран у ангелійскай літаратуры не вельмі значны паэт, не першай велічыні, і ніколі такім не лічыўся.
Проста так склалася, што Байрана ў 19 ст. сталі перакладаць на расейскую мову і выдаваць, і толькі дзякуючы гэтаму ў нас ён з усёй англійскай літаратуры набыў вядомасць, амаль што побач з Шэкспірам, аднак практычна выпадкова!
Мазынскі Валеры напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 1:08
Колькі жыву, столькі мучаюся вось гэтай самай правінцыйнасьцю.Чуючы яшчэ падлеткам, ад самага дарагога на сьвеце чалавека, ад мамы."...едзь сынок хоць куды -небудзь...вучыся, каб не таўчы гэтую нашу гразь...Усё ўцякаем, уцякаем...ад гразі, а пара б і вучыцца пачаць.
Дзякуй,дарагі, Якубе! Дзякуй, што сказаў проста,... ад збалелага сэрца.
2 Мазынскі Валеры напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 2:06
Не дык а каб не уцякаць, куды вы прапануеце усю гэту тутэйшую гразь падзець, парасстраляць ці што?..
ambers напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 11:03
літаратура застаецца "правінцыйнай",бо вельмі мала перакладаў на іншыя мовы і аўтары амаль невядомы іншаземнаму чытачу.
чытачка напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 11:33
Цалкам згодная з шаноўным спадаром Якубам Лапатка, толькі белоруссам так надзейна заклеілі вушы, што прабіцца праз гэтыя серныя пробкі амаль што няма ніякай магчымасьці. Чуе той, хто хоча пачуць. А калі людзям усё да лямпачкі? Вельмі спадзяюся, што калі небудзь, хоць і маленькімі зрухамі, але гэтая сытуацыя зрушыцца ў лепшы бок. Беларуская інтэллігенцыя (і не толькі) павінна прыкладаць больш намаганьняў у прапагандаваньні беларускай мовы і нашай нацыянальнай культуры. А кожны павінен пачаць з сябе з пытаньнем: Што Я АСАБІСТА зрабіў, каб палепшыць становішча?
Алег напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 13:59
Спадар Лапатка!

А як фіны, ці не пачуваюцца яны цяперака занядбалымі правінцыяламі?
Усёткі гэта быў Вялікі народ, які спарадзіў расейцаў. Да славянізацыі, хоць трэсьні, яны былі "чысьцюткія" ФІНА-вугоры, ды й сяньня вельмі шмат чаго агульнага!

Нядаўна прачытаў артыкул у "С.І." акадэміка Агрэста Ткачэнкі: цікавая думка – маскалі чамусьці наўмысна "забываюцца" на сваю фінскую кампанэнту... А як самі фіны? Што пануе ў іх душах: веліч за мінулае, ці смутак за абчыкрыжаную тэрыторыю і адтаго – гіперправінцыйнасьць?!

Каму цікава, знаёмцеся: http://www.kominarod.ru/finno-ugry/
Алег напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 14:41
2 чытачка :

Правільна! :) А не наўмысна вінаваціць у маскальстве тых, хто свае рюскія казкі, АБМІНУЎШЫ РОДНУЮ МОВУ, пачаў выдаваць па-ўкраінску. Ударым "прапагандаваньнем" па замшэлым тутэйшым антыбеларусам! Глядзі, яны адразу й свае "сочинения" пачнуць пісаць на беларускай, і казакІ адразу перабягуць у Фронт. :)

- - - - -

Крыху памыліўся ў мінулым допісу. Імя Ткачэнкі не Агрэст, а Орэст. Агрэст – гэта ягада такая, а не, прабачце, акадэмік!
brudny напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 15:31
як мне падаецца, нiхто не абвiнавачвае i ня лiчыць нашых клясыкау правiнцыйнымi, бяззубымi i г.д. Гэтыя абвiнавачваньнi накiраваныя на сучасную беларускую лiтаратуру i яе прадстаунiкоу...
Сьвятлана напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 15:57
Наша литаратура лепшая! Забылися на Караткевича(
Выбачайце за и
Алег напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 16:16
2 чытачка :

Правільна! :) А не наўмысна вінаваціць у маскальстве тых, хто свае рюскія казкі, АБМІНУЎШЫ РОДНУЮ МОВУ, пачаў выдаваць па-ўкраінску. Ударым "прапагандаваньнем" па замшэлых тутэйшых антыбеларусах! Глядзі, яны адразу й свае "сочинения" пачнуць пісаць на беларускай, і казакІ адразу перабягуць у Фронт. :)

- - - - -

Крыху памыліўся ў мінулым допісу. Імя Ткачэнкі не Агрэст, а Орэст. Агрэст – гэта ягада такая, а не, прабачце, акадэмік!
чытачка 2 Алег напiсаў(ла) Сакавiк 14, 2010 у 21:45
Што, Алег, зачапіла вас?:) Па допісу відаць, што зачапіла. Пра тое, на якой мове аўтару друкаваць не мне вырашаць. На беларускай мове нікога не прынудзіш ні пісаць, ні выдаваць свае творы, гэта асабісты выбар. А тое, чым вы мяне імкнецеся ўпікнуць, дык яшчэ раз паўтаруся, не толькі аўтар шукае выдавецтва, але і выдавецтва аўтара. Тое, што берасьцейскую аўтарку знайшло ўкраінскае выдавецтва і раскручвае, а не беларускае (беларускамоўнае) мінус Беларусі. Маё такое асабістае меркаваньне, хоць дакладна сытуацыі я не ведаю.
Кастусь Севярынец, Віцебск напiсаў(ла) Сакавiк 15, 2010 у 13:10
Дзякуй, шаноўны Якубе, і за грунтоўны артыкул, і за "Калевалу", і за тое, што прыемна адчуваць сябе ў тым ліку і духоўным земляком такога цудоўнага чалавека і вельмі таленавітага творцы як Якуб Лапатка. Ці не найпершай кніжкай у маім жыцці быў менавіта эпас "Калевала". Праўда, па-расейску. Я чытаў яго з замілаваннем яшчэ пры святле газоўкі... Усяго найлепшага, дарагі Якубе!
руды напiсаў(ла) Сакавiк 15, 2010 у 17:02
Все знают, что яблоко падает вниз. Но надо, чтобы прошло какое-то время,чтобы явился тот, кто скажет формулу тяготения признанно лучше всех.

Вы очень хорошо сказали! Спасибо. Захотелось читать Новую землю.
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Лiпень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).