культура. рознае

Вечарам 16 сакавіка ў мінскай сядзібе «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» адбылася прэзентацыя кнігі літаратуразнаўцы Уладзіміра Содаля «Блаславёныя Кушляны».

Ілюстраванае літаратурна‑краязнаўчае выданне на 144 старонках выйшла ў сталічным выдавецтве «Кнігазбор» і прысвечана 170‑годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка Францішка Багушэвіча,

якое будзе адзначацца 21 сакавіка.

Содаль апісвае славутасці колішняга фальварка Кушляны Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці і адрасуе кнігу тым прыхільнікам беларушчыны, якія збіраюцца наведаць Кушляны.

Уладзімір Содаль лічыць Багушэвіча літаратарам сусветнага маштабу — як Тарас Шаўчэнка для Украіны. «Іншая рэч, што Беларусь не адно стагоддзе жыла ў паняверцы, прыгнечаная і непрызнаная. Адсюль і такі слабы водгалас у свеце пра яе лепшых сыноў», — адзначыў ён.

Паводле слоў літаратуразнаўцы, Багушэвіч з павагаў ставіўся да вялікіх асветнікаў чэхаў, балгараў і сербаў, скіроўваў свой позірк да ўсходняй мудрасці, аб чым сведчыць яго пераклад кітайскай байкі «Свінні і вараны», яму належаць шматлікія філасофскія крылатыя выслоўі, кшталту «каб уся зямелька адну праўду мела», «а без таго слова я нямы‑калека, хоць бы занямець мне і да канца века».

«Прываблівала Багушэвіча і постаць сугучнага яму французскага паэта П’ера Беранжэ», — сказаў Содаль.

На яго думку, творчасць Багушэвіча не страціла сваёй надзённасці і сёння,

аб чым сведчыць змест яго многіх вершаў, у тым ліку «Праўда» і «Як праўды шукаюць». Зараз Содаль працуе над чарговай кнігай «Даследніцкія дэтэктывы», у якой шмат месца прысвячаецца жыццю і дзейнасці Багушэвіча.

Разам са сваёй сям’ёй Багушэвіч удзельнічаў у нацыянальна‑вызваленчым паўстанні 1863—64 гадоў і быў паранены ў баях у Аўгустоўскіх лясах. Як адзначыў даследчык, Багушэвіч — рэвалюцыйны дэмакрат, адзін з пачынальнікаў крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, будзіцель гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Зараз імя Багушэвіча носіць плошча ў Мінску і Ашмянскі краязнаўчы музей. Створаны Літаратурна‑мемарыяльны музей‑сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Помнікі паэту ўсталяваныя ў Смаргоні, Жупранах (Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці) і на яго магіле ў гэтым мястэчку.

Падзяліцца навіной:         
0 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Лiпень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).