Улада9999

Мілінкевіч: «Вынік выбараў вырашыцца на вуліцах»

Аляксандр Мілінкевіч распачаў прэзідэнцкую кампанію.

Аляксандр Мілінкевіч распачаў прэзідэнцкую кампанію. Лідэр Руху за Свабоду абвесціў аб новым прэзідэнцкім паходзе ў гатэлі «Еўропа».

Перад тым, як зрабіць адпаведную заяву для журналістаў, палітык наведаў праваслаўную царкву і каталіцкі касцёл. Добра, што храмы абедзвюх канфесій знаходзяцца побач з гатэлем «Еўропа», на сёмым паверсе якога і рабіўся старт кампаніі.

Перад уваходам у залу Аляксандр Мілінкевіч разам з жонкай Інай Кулей асабіста вітаў усіх гасцей. На экране тым часам дэманстраваліся фотакадры Мілінкевіча падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі, а таксама з сустрэч з вядомымі еўрапейскімі палітыкамі.

На прэзентацыю сабраўся, калі не ўвесь, то значная частка апазіцыйнага палітычнага бамонду. Прыехалі актывісты з рэгіёнаў, што, пэўна, будуць узначальваць штабы Мілінкевіча. Нават Уладзімір Някляеў сядзеў дзесьці глыбока на камчатцы разам з філосафам Валянцінам Акудовічам.

У прэзідыуме ж Мілінкевіча акружалі ягоныя намеснікі. Па правую руку сядзеў Віктар Карняенка, па левую — Юрась Губарэвіч.

Менавіта Карняенка і абвясціў аб старце кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Ён у кампліментарнай форме пералічыў усе моцныя бакі кандыдата. «Гэтае рашэнне не ёсць нечаканым. Пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў Мілінкевіч заставаўся ў палітыцы. За гэты час ён правёў больш за 150 сустрэч, у 70 гарадах краіны. Мала хто з айчынных палітыкаў мае такія поспехі ў еўрапейскіх краінах», — сказаў В.Карняенка.

Таксама ён нагадаў пра адукацыйную праграму імя Кастуся Каліноўскага як заслугу Мілінкевіча, іншыя праекты. «Гэта дзеяздольны палітык, які акрамя жадання, мае яшчэ і досвед», — закончыў міні‑прамову Карняенка.

«Я прыняў рашэнне балатавацца. Гэта вельмі адказнае рашэнне. Я не спяшаўся з ім. Але цяпер я адчуваю сілу, ёсць досвед, ёсць воля», — пачаў выступ Мілінкевіч.

Сваё рашэнне вылучацца ён абгрунтаваў адказнасцю перад сваімі продкамі, перад дзецьмі, а ў першую чаргу перад унучкай Марыйкай. «Яна мая найбольшая матывацыя. Я не хачу, каб Маша падышла да мяне са словамі: «Дзед, я хачу з’ехаць з краіны, бо не бачу тут перспектыў».

Мілінкевіч кажа, што ў ягоную каманду сабраны выдатныя людзі. І гэта не толькі апазіцыйныя актывісты, але ёсць і людзі, што працуюць ва ўладзе. «За пяць гадоў мы будзем у стане правесці асноўныя рэформы ў краіне», — зазначыў палітык.

Потым Мілінкевіч пачаў агучваць асноўныя тэзісы сваёй перадвыбарчай кампаніі. Найперш ён паабяцаў вярнуцца да канстытуцыі 1994 года, правесці дакладны падзел улады.

Эканамічныя рэформы Мілінкевіч прапаноўвае рэалізоўваць на эстонскі манер. Даваць большую свабоду маладым эканамістам, палітыкам. Асноўнымі якасцямі беларусаў, якія дапамогуць гэта зрабіць былі названыя працавітасць і адукаванасць.

Мілінкевіч выступае за ўступленне Беларусі ў ЕС. На ягоную думку, «мы можам увайсці хутка». Што да НАТО, то лепш заставацца нейтральнай краінай, лічыць палітык.

«У нас стратэгія толькі перамогі. Улада мусіць лічыць галасы разам з намі. Калі гэтага не будзе, то вынік выбараў вырашыцца на вуліцы», — зазначыў А.Мілінкевіч.

Здалося, што прамова была крыху зацягнутай. Госці паспелі ўжо згубіць цікавасць да прамоўцы, а Мілінкевіч нечым нечаканым і вострым не мог вярнуць гэтую цікавасць. Гэта была роўная прамова аб усіх выгодах дэмакратыі, але «разынкі» ёй усё ж не хапала. Ніякіх уколаў і шпілек у адрас сваіх канкурэнтаў на выбарах не прагучала.

Калі ў Мілінкевіча запыталіся, на каго ён разлічвае, то пачулася ў адказ, што на Беларускі незалежніцкі блок. «Партыя БХД усё больш кажа, што нам не трэба ісці ў Еўропу, бо там не ўсё добра з маральнымі каштоўнасцямі. Гэта іх выбар, але трэба рабіць геапалітычны выбар», — адзначыў А.Мілінкевіч.

Палітык выступае за адзінага кандыдата, але калі ён насамрэч будзе найлепшым, а не так як было ў 2001 годзе. «Калі будзе лепшы кандыдат, то я гатовы стаць побач».

Абцякальным быў адказ Мілінкевіча на пытанне з якой мэтай ён заклікае людзей на вуліцу, каб браць уладу сілавым шляхам, ці проста паказаць як нас шмат. «Перамагаць трэба ў галовах людзей, — пачаў палітык з рыторыкі вядомай яшчэ з мінулай прэзідэнцкай кампаніі. — Людзі павінны перамагаць страх. Людзі выйдуць на вуліцы, каб прымусіць ЦВК правесці справядлівыя выбары».

Старт кампаніі быў дадзены досыць роўна. Праўда, нічога новага ад Мілінкевіча аўдыторыя не пачула. Але да выбараў застаецца яшчэ больш за паўгода.

Каментары99

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Нежывым знойдзены ў Варшаве Зміцер Каспяровіч — 43-гадовы былы палітвязень, завербаваны КДБ3

Нежывым знойдзены ў Варшаве Зміцер Каспяровіч — 43-гадовы былы палітвязень, завербаваны КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Былога міліцыянера асудзілі за распальванне варожасці і залічылі ў тэрарысты

ЦАХАЛ атакаваў штаб-кватэру праекта, які займаецца распрацоўкай ядзернай праграмы3

ЗША могуць ударыць па Іране тактычнай ядзернай зброяй19

Шматдзетная маці з Мінска эмацыйна растлумачыла Лукашэнку, чаму беларускі не хочуць нараджаць63

Пратэжэ лукашэнкаўскага фаварыта Баскава будуе акадэмію ў Бразіліі і Нью-Васюкі сусветнага маштабу11

Моцна вырасла колькасць аўтамабіляў на выезд з Беларусі2

Пяскоў: Забойства Вярхоўнага лідара Ірана Хаменеі «адкрые скрыню Пандоры»13

У Фінляндыі запусцілі найбуйнейшую ў свеце пясчаную батарэю. Як гэта працуе?1

У Малдове на гей-прайдзе зноў засвяціўся «старакаталіцкі святар» з Наваградка, пра якога не было нічога чуваць больш за 5 гадоў10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Нежывым знойдзены ў Варшаве Зміцер Каспяровіч — 43-гадовы былы палітвязень, завербаваны КДБ3

Нежывым знойдзены ў Варшаве Зміцер Каспяровіч — 43-гадовы былы палітвязень, завербаваны КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць