Мінскі арганізатар шоу «Ледавіковы перыяд. Найлепшае» — прыватнае культурна‑забаўляльнае унітарнае прадпрыемства »Арт‑клуб» — дагэтуль не выплаціў яго ўдзельнікам ганарары.
Пра гэта паведаміў прадзюсер і рэжысёр шоу, фігурыст, трэнер, генеральны дырэктар кампаніі «Лядовая сімфонія» Ілья Авербух 3 мая на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.
Раней Авербух заяўляў, што заключнае шоу ў рамках міжнароднага турне «Ледавіковы перыяд. Найлепшае» ў Мінску было перанесена з 12 красавіка на 3 мая па віне беларускіх арганізатараў выступлення, якія не выканалі абавязацельствы кантракта. УП «Арт‑клуб», у прыватнасці, не выплаціла ганарары спартсменам, якія ўдзельнічаюць у шоу, і не гарантавала выканаць гэтую ўмову да моманту яго правядзення.
Як паведаміў Авербух 3 мая, з мінскімі арганізатарамі дасягнуты пагадненні аб выплаце ганарараў,
але пакуль яны не выкананы.
»Пакуль нам не паступіла ні капейкі пераводу, і што будзе далей, я не ведаю, але ўдзельнікаў шоу гэта не закране, як не павінна закрануць і беларускіх гледачоў», — сказаў прадзюсер. Разам з тым ён прызнаў, што з‑за пераносу шоу ў Мінску гледачы пачалі здаваць білеты.
Акрамя парушэння ўмоў кантракта,
Авербух таксама выказаў прэтэнзіі да мінскіх арганізатараў шоу наконт недастатковай рэкламы праекта.
Ён спадзяецца, што ўсе пытанні з кампаніяй удасца вырашыць у хуткім часе.
Нягледзячы на цяжкасці з арганізатарамі, Авербух падкрэсліў, што прыезд у Беларусь для спартсменаў і артыстаў шоу вельмі важны. »Гэта краіна, якая вельмі любіць нас і якую мы вельмі любім», — сказаў ён.
Заключнае шоу ў рамках міжнароднага турне «Ледавіковы перыяд. Найлепшае» адбылося ў сталічным Палацы спорту ўвечары 3 мая. На арэне выступілі пары Таццяна Тацьмяніна — Максім Марынін, Марыя Пятрова — Аляксей Ціханаў, Таццяна Наўка — Раман Кастамараў, Ганна Семяновіч — Вадзім Калганаў, Юлія Кавальчук — Раман Кастамараў, Ганна Бальшова — Повілас Ванагас, Таццяна Наўка — Марат Башараў, алімпійскія прызёры Аляксей Ягудзін, Аксана Домніна — Максім Шабалін і інш. У шоу ўвайшлі нумары, адабраныя з праграм усіх чатырох гадоў праекта як танцы, якія «выклікаюць найбольш яркае ўспрыйманне ў гледача». Спецыяльна да Дня Перамогі былі падрыхтаваны некалькі нумароў на ваенную тэму, а на спектакль запрасілі ветэранаў.
«Ледавіковы перыяд» штогод прыязджаў у Мінск з 2006 года. Цяперашні тур шоу Авербуха — заключны, бо завершаны і аднайменны тэлепраект.
Каментары