Помнікі нашы! Колькі ж штогод вас на цёскі

Трушчыць сякерай купец ці чыноўнік маскоўскі!..
Адам Міцкевіч

За саветамі так не руйнавалі

Усьлед за славутым кінатэатрам «Беларусь» у Менску працягваюць руйнаваць два дамы ХІХ ст. на рагу вуліцы Калектарнай і Нямігі. У 1902 г. там праходзіў зьезд прадстаўнікоў сіянісцкіх арганізацый Расейскай імпэрыі, дазвол на правядзеньне якога даваў міністар унутраных справаў. Такім чынам, завяршылася зьнішчэньне ўсяго кварталу на колішняй вуліцы Габрэйскай.

Гэтага дому на рагу Калектарнай і Нямігі ўжо няма.
Фота Юліі Дарашкевіч

Размах вандалізму цяперашняе ўлады ўражвае нават тых, хто бачыў вандалізм савецкі. Весткі пра разбурэньне помнікаў прыходзяць рэгулярна з усяе краіны. На мінулым тыдні зруйнавалі, напрыклад, самы вялікі двохпавярховы будынак былога банку ў гістарычным цэнтры Гальшанаў. Бяз дай прычыны зруйнавалі капітальны панскі дом Гарэцкіх ХІХ ст. у Багацькаўцы, дзе яшчэ нядаўна быў клюб. Руйнуюць і ў Глыбокім, і ў Магілёве, і ў Слоніме, і ў Барысаве. Пра гісторыю змаганьня за помнікі Горадні ўжо можна напісаць цэлую кнігу. Цэлыя раёны, напрыклад Любанскі ці Клімавіцкі, засталіся зусім бяз помнікаў дойлідзтва. Чыноўнікі з Дэпартамэнту па ахове помнікаў і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі дагадліва пасьпяваюць раздаваць дазволы на зьнішчэньне.

Усё, што засталося ад камяніцы ў Слоніме.
Фота Сяргея Харэўскага

Часам чыноўнікі, што «ахоўваюць» спадчыну, радасна паведамляюць, што той ці іншы аб’ект не стаяў на дзяржаўным уліку як помнік. Але гэта звычайныя савецкія хітрыкі. Зьнішчылі цалкам будынак №21 на плошчы Свабоды, які дасёньня знаходзіцца ў сьпісе гісторыка-культурных аб’ектаў; будынак №27 на вуліцы Гандлёвай, апошні, які захаваўся на схіле ад верхняга да ніжняга рынкаў Менску дасавецкага часу, быў пабудаваны ў ХІХ ст.

Можна ставіць крыж

За апошнія гады пад кіраўніцтвам Дэпартамэнту па ахове помнікаў і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі пазьнішчалі цэлыя кварталы капітальнае старадаўняе забудовы ў Менску і Горадні, дзясяткі помнікаў па ўсёй краіне. Не ўратавалі дзяржаўныя «ахоўныя граматы» цэлыя кварталы Верхняга гораду, вуліцаў Камсамольскай, Замкавай, Дзімітрава.

На гістарычным цэнтры Менску ўжо можна ставіць тлусты крыж. Праз пару гадоў тут не застанецца ані каліва старасьвецкасьці. Цяпер надышла чарга вынішчаць сталічныя прадмесьці. Дырэктар цэнтру «Менск» пры Менскім гарвыканкаме, Віталь Машэчкаў, у інтэрвію ў «ЛіМе» радасна малюе пэрспэктывы старажытнай Лошыцы: «Там будзе пабудавана гасьцініца. Гістарычныя будынкі на тэрыторыі парку, у якіх яшчэ жывуць людзі, – млын, стары сьпіртзавод – будуць ліквідаваныя...» То бок замест унікальнага ансамблю XVIII–XIX ст. тамака будзе гатэльны комплекс з паркінгам. Варта пасьпяшацца ў старасьвецкую Лошыцу з фотаздымачом. Звадзіце туды і дзяцей, каб хоць нешта запомнілі...

На чарзе — капітальныя будынкі менскай Лошыцы.
Фота Андрэя Лянкевіча

Там быў край...

Гэта ня праўда, што нашыя людзі застаюцца абыякавымі, калі руйнуюць нашую спадчыну на нашых вачах. У Багацькаўцы людзі кіпелі ад абурэньня, выказваючы нязгоду й неразуменьне лёгікі калгасных уладаў, што разбурылі панскі дом, у якім паўвёскі гуляла на вясельлях. Ніхто хіба і ў Гальшанах ня ўзрадаваўся, калі на месцы старога банку, дзе яшчэ сёлета было калгаснае праўленьне, зрабілі... аўтастаянку. Людзі казалі, лепей бы каму прадалі. А так – і сам ня гам і другому ня дам.

Руіны кляштару ў Сяльцы (Мсьціслаўшчына).
Фота Алеся Матафонава

Вусьцішным прыкладам стала й разбурэньне калгаснымі ўладамі старадаўняе царквы ў гонар Покрыва Прасьвятое Багародзіцы ў вёсцы Басьценавічы, што пад Амсьціславам.

Некалі тут быў заможны й дабраславёны край. Тут быў вялікі грэка-каталіцкі прыход. У тутэйшай царкве былі шыкоўныя аздобы. Менавіта адсюль паходзяць славутыя аўтарныя абразы 1723–1728 г. «Пакланеньне Трох Каралёў» і «Сустрэча Якіма і Ганны каля залатой брамы», «Аўрамі і Мэркуры Смаленскія», што перахоўваюцца цяпер у Нацыянальным мастацкім музэі. Іх уважаюць за шэдэўры беларускае школы жывапісу. Пасьля далучэньня да Расеі вёска Басьценавічы стала сялом у Чэрыкаўскай акрузе. Тут у 1816 г. было ўжо толькі 33 двары, 166 жыхароў. Старадаўняя ўніяцкая царква была перабудаваная каля 1880 г. і набыла элемэнты клясыцызму. Пасьля скасаваньня прыгону вёска пачала хутка расьці: у 1897 г. тут было 57 двароў, 408 жыхароў, дзейнічала школа, у якой у 1905 г. навучалася 45 хлопчыкаў і 10 дзяўчат, гула карчма, штогод 20 ліпеня і 15 жніўня праводзіліся кірмашы. Усё было як у людзей. Сяляне-тубыльцы, апрача земляробства, займаліся сталяркай і бондарствам.

У 1904 г. царкву Ўсьпеньня Прасьвятое Багародзіцы ў Басьценавічах, дзе ўжо было 66 двароў, разбудавалі ізноў. Цяпер гэтая драўляная царква набыла ўжо й псэўдарускі выгляд. Што да яе ўбраньня, то тут яшчэ зьберагаліся шыкоўныя ўніяцкія аўтары, багата розных абразоў у старасьвецкіх шатах, шмат самых розных царкоўных рэчаў розных эпох. Гадоў дзесяць таму гэтая царква, у шатах векавых дрэваў, выглядала цалкам прыстойна. Ад яе сыходзіў непадробны дух старасьвеччыны.

Раскіданае гняздо

Сёньня ў Басьценавічах – як паўсюдна на Ўсходзе Беларусі. Страшныя бэтонныя манумэнты ў напамін пра мінулую вайну. Гразь на вуліцах. Стракацень «вэртыкальных» транспарантаў. Бедная вясковая крама, у якой трывала перамяшаліся ўсе вядомыя тутэйшым людзям пахі. Як завозяць хлеб – паўстае чарга. Мужыкі ўсе нападпітку. На пачатку лютага сёлета ў Басьценавічах быў звычайны пажар. У сваёй хаце загінуў мужык – парушэньне правілаў эксплюатацыі пячнога ацяпленьня.

Заўважылі фотаапараты, чарга па хлеб загарнулася, і наперабой людзі пачалі клясьці свайго старшыню калгасу. Не, не за мізэрныя грошы ці чорную працу. За тое, што самавольна пасьпілоўваў старыя бярозы вакол ставочка! «Адзін тут пэнсіянэр апошнюю бярозу гэтую абняў, абхапіў. Ня даў сьпілаваць хоць яе...»

Усім гуртом як адзін пачалі выказваць і іншыя крыўды: сьпілаваў старыя ліпы вакол царквы, што яшчэ прадзеды саджалі, птушыныя гнёзды паскідаў, паздымаў з царквы купалы й дах, шалёўку царкоўную абадраў, сабе на панадворак зьвёз... Быў некалі поп, прыехаўшы з Воршы, паслужыў пяць гадоў і... прапаў (цалкам тыповы выпадак у гэтых краях). Зьехаў разам з найбольш каштоўнымі рэчамі, што былі ў царкве.

У панявечанай і закінутай сьвятыні ідзе дождж... «Мы б самі ўсё зрабілі, але ж... Ці мала што ў галаву яшчэ прыйдзе таму старшыню ці якому яшчэ начальніку? Раней жа мы ўсё выдатна даглядалі...»

Самыя каштоўныя абразы й харугвы перахоўваюцца цяпер у хаце Жалязоўскіх. Раней тут жыла скарбніца прыходу Покрыва Прасьвятое Багародзіцы. Цяпер галоўным захавальнікам басьценавіцкіх рэліквіяў стаў яе сын Рыгор Жалязоўскі. Усе яны ў належным стане, ашчадна складзеныя, далей ад несумленных людзей. Сам спадар Рыгор – чалавек непісьменны ў пытаньнях веры, пра што шчыра шкадуе. Бо пасьля сьмерці маці ня ведае ўжо, што да чаго й калі якое сьвята. Ня ведае й што за абразы, якія ён зьберагае. Але ён дакладна ведае, што ён мусіць іх зьберагчы. Не для сябе, а для ўсіх.

Іконы і харугвы з Басьценавіцкай царквы перахоўваюцца па гарышчах.
Фота Алеся Матафонава

А сьвятарскія рызы, кнігі ды іншы царкоўны рыштунак зьберагае старшыня прыходзкага камітэту Юлія Кананенка. Гэтая запрацаваная ўдава ў сваёй беднай і цёмнай хаце зьберагае сапраўдныя скарбы. Шчырая верніца, і пра вясковую царкву яна гаворыць як пра свой сапраўдны дом. Цяпер яна ня верыць уладам – ні цывільным, ні царкоўным. Яна ня можа ўзяць у цям, як можна было раскідаць у нашае ХХІ ст. сьвятыню, што выстаяла праз усе навалы, войны й пажары? Царкву ў Басьценавічах не наважваліся зьнішчыць ні камуністы, ні нацысты. Варта толькі было прычакаць сваёй роднай калгаснай улады.

Юлія Кананенка ратуе ва ўласнай хаце царкоўны прастол.
Фота Алеся Матафонава

Справа ў тым, што калгасная ўлада гэтак дэманструе сваю ўсясільнасьць. Зламаць сьвятыню – гэта ж як разадраць сьцяг. Гэта – максымальнае пачуцьце ўсёдазволенасьці. Нішчыць тое, што ты не будаваў, тое, што пераўзыходзіць сваімі гадамі тваё ўяўленьне, тое, што некаму вельмі дарагое.

Басьценавічы. Людзі штодня ходзяць у краму паўз разбураную старшынём калгасу царкву.
Фота Алеся Матафонава

Наша нацыянальная спадчына знаходзіцца пад самай вялікай пагрозаю за ўсе гады свайго існаваньня. Калі ж нешта й ацалее пасьля гэтага шалу вандалізму, то ўжо ж ня дзякуючы ўладзе, што ўсё падмінае пад сябе й прыпісвае ўсё адно сабе. Нешта ў Беларусі можа зьберагчыся толькі дзякуючы рупнасьці гэткіх мужчынаў і кабет, якія вынясуць помнікі нашыя на сваіх мазолістых руках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?