Найбольш небяспечнай прыроднай з’явай у Беларусі ў цёплы перыяд года лічыцца навальніца. Менавіта з мая па верасень у нашых шыротах бывае звыш 99% навальніц. У апошнія гады на еўрапейскім кантыненце ўсё часцей назіраюцца анамальныя з’явы, звязаныя з рэзкімі зменамі надвор’я. Сёлета навальніц у нашай краіне стала значна больш. Што трэба ведаць, каб гэта сінаптычная з’ява не нарабіла бяды?

На пытанні адказвае начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Дзмітрый Рабаў.

— Як хавацца ад навальніцы, калі яна напаткала чалавека на адкрытай прасторы?

— У час навальніцы трэба неадкладна спыніць рух і шукаць укрыцце. Лепш навальніцу перачакаць у лагчыне, канаве ці яме. На вуліцы, у парку ці лесе не трэба хавацца пад вялікімі дрэвамі, а таксама пад кронамі адзінокіх раслін.

Верагоднасць пападання маланкі ў канкрэтнае дрэва прама прапарцыянальная яго вышыні. Ад высокіх дрэў, слупоў і адзінокіх пабудоў лепш знаходзіцца на адлегласці не менш як 30—50 метраў. У лесе лепш хавацца сярод густога кустоўя. Заўважана, што ў пэўныя дрэвы маланкі б’юць часцей, а нейкія ўвогуле не чапаюць. Больш за ўсё «баявых шрамаў» заўважана ў дуба.

Даволі часта маланкі ўдараюць па таполях, елках і соснах; менш — па бярозах, клёнах і ліпах, а арэшыну амаль не чапаюць.

— Дзе перачакаць навальніцу ў населеных пунктах?

— У горадзе трэба пастарацца як мага хутчэй трапіць у краму ці жылы дом. Яны маюць надзейную маланкаабарону, а вось на прыпынках грамадскага транспарту яна значна слабейшая.

Калі да такога прыстанішча далёка, то лепей прыгнуцца, каб быць не вышэй за бліжэйшы ландшафт; ногі трымайце разам і зніміце ўсе металічныя рэчы з галавы і цела. Не раяць спецыялісты класціся на зямлю. Калі валасы ўсталі дыба ці вы пачулі гудзенне з боку буйных камянёў, агароджы, іншых прадметаў, то неабходна адразу перайсці ў іншае месца.

— Што рабіць, калі маланка заспела ў транспарце…

— Аўтамабіль з’яўляецца бяспечным прытулкам, таму ў навальніцу яго лепш не пакідаць. Трэба зачыніць вокны, апусціць аўтамабільную антэну, спыніць рух і перачакаць непагадзь на ўзбочыне ці аўтастаянцы, але далей ад высокіх дрэў.

У час навальніцы ў машыне не трэба дакранацца да металічных частак і не набліжацца да іх. А вось веласіпед і матацыкл, наадварот, — небяспечныя сродкі. Іх трэба пакласці на зямлю і адысці не менш чым на 30 метраў. Мацней за ўсё прыцягвае маланку трактар у адкрытым полі.

— Што рабіць з мабільнікам?

— Сотавы тэлефон на вуліцы лепш адключыць. Былі выпадкі, калі ўваходны званок прыцягваў да сябе маланку.

Пры выкліканні службы экстраннай дапамогі трэба гаварыць толькі па сутнасці і як мага карацей.

— У навальніцу часам «нараджаюцца» шаравыя маланкі…

— Пры сустрэчы з гэтым электрычным шарыкам трэба захоўваць спакой і спыніць любы рух. Не трэба набліжацца да яго, дакранацца чым‑небудзь, бо можа адбыцца выбух. Лепш не ўцякаць ад шаравой маланкі, бо з патокам паветра яна пацягнецца за вамі.

Пры навальніцах у сетцы будынкаў можа ўзнікнуць электрычнае перанапружанне, якое распаўсюджваецца па лініях электраперадач і часам прыводзіць да перагарання электрапрыбораў. Раю закрыць заглушкамі электра‑ і радыёразеткі, коміны, вентыляцыйныя адтуліны, форткі, бо ў іх можа заляцець шаравая маланка.

Спецыялісты не рэкамендуюць карыстацца стацыянарным тэлефонам, стаяць каля акон і дзвярэй і дакранацца да водаправодных кранаў. Выключыце ўсе электрапрыборы, прасачыце, каб у памяшканні не было скразнякоў, разам з якімі можа заляцець шаравая маланка.

Не трэба паліць печ і камін, бо дым мае вялікую электраправоднасць, таму верагоднасць удару маланкі ў трубу павялічваецца. У навальніцу не трэба стаяць пад парасонам, не трымайце ў руках вуду ці іншыя падобныя прадметы. Лепш трымацца далей ад высокіх металічных канструкцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?