football.by

football.by

Барысаўскі БАТЭ стаў двухразовым уладальнікам Кубка Беларусі па футболе ды заваяваў другі трафей у сезоне (пасля перамогі ў Суперкубку). 23 мая на мінскім стадыёне «Дынама» ён разграміў жодзінскае «Тарпеда» – 5:0.

БАТЭ па выніках першага круга нацыянальнага чэмпіяната – бясспрэчны лідэр (25 балаў), «Тарпеда» займае перадапошни радок (9 балаў). Зусім справы швах у мінскага «Партызана» – 1 бал.

Вось і сёння «Тарпеда» супраціўляўся першыя чатыры хвіліны і нават нанёс першы ўдар па варотах. А праз хвіліну БАТЭ адкрыў лік. Са штрафнога забіў бразільскі легіянер Рэнан Брэсан. Гульцы «Тарпеда» толькі бездапаможна праводзілі мяч вачыма.

На 22-й хвіліне ў гульні інтрыга была зведзена на нуль.

Віталь Радзівонаў, атрымаўшы пас ад Ліхтаровіч, проста закінуў мяч галкіперу за шкірку. Галоўная інтрыга цяпер была ў тым, пойдзе дождж ці не, і калі. Пайшоў, паміж 4-м і 5-м галамі БАТЭ у 2-м тайме.

За дзесяць хвілін да канца першага тайма падалося, што фінальны матч гэтым і абмяжуецца, настолькі ўсё было ясна ў гульні. Апроч таго на бегавой дарожцы з’явіліся дзяўчаты ў нацыянальных строях, вынеслі паднос з медалямі. Як потым высветлілася, у перапынку ганаравалі ўдзельнікаў турніру па пляжным футболе.

У другім тайме «Тарпеда» амаль стала. Каманда не тое, што не даходзіла да чужой штрафной, нават з цяжкасцямі перасякала цэнтральную лінію – БАТЭ спыняла іх атакі ў зародку.

А потым жодзінцы атрымалі яшчэ тры прабоіны.

На 57-й з пенальці вызначыўся Арцём Канцавы, на 64-й Рэнан Брэсан, а фінальную кропку на 69-й паставіў Віталь Радзівонаў – 5:0. Хоць тады падалося, што гэта далёка не апошні мяч у гульні.

Чым яшчэ запомнілася гульня? Было шмат грубасці, удараў па нагах. Так, пры канцы першага тайма за грубую гульню быў выдалены найлепшы бамбардзір «Тарпеда» Бяганскі. А таксама больш за дзясятак афсайдаў футбалістаў БАТЭ.

А потым было святкаванне перамогі ўладальнікамі трафею, авацыя, зладжаная заўзятарамі, прызнанне найлепшым футбалістам гульні Аляксандра Юрэвіча,

узнагароджанне медалямі Кубка і ўручэнне самога трафею, а таксама прыгожае канфеці пад бессмяротную музыку «Куін».

***

Перавага БАТЭ ў чэмпіянаце – бясспрэчная. Мала таго, што клуб упэўнена лідзіруе, але ў 11 матчах не прапусціў ніводнага гола. Гэта кажа не толькі пра моц абароны БАТЭ – гэтая лінія ў клуба сапраўды на ўзроўні, але таксама і бяззубасць атакауючай лініі супернікаў.

Мала хто сёння перад гульнёй сумняваўся ў перамозе БАТЭ. Вось толькі адно непакоіць.

Як будзе «Тарпеда» прадстаўляць Беларусь у Лізе Еўропы гэтым летам? З такой гульнёй там рабіць няма чаго.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?