Помнік жаўнерам Украінскай Народнай Рэспублікі адкрыюць у Брэсце. Мемарыяльны знак з’явіцца на месцы пахавання вайскоўцаў, але само месца яшчэ дакладна не вызначана і мусіць быць прыведзена ў належны стан.

Ініцыятыву, якая належыць навукова‑педагагічнай арганізацыі ўкраінцаў «Берагіня», падтрымала генеральнае консульства Польшчы і Украіны ў Брэсце. Быў складзены ліст да Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, якое ў сваю чаргу таксама падтрымала ідэю і паабяцала накіраваць салдат для правядзення неабходных работ па ўшанаванні памяці. Намеснік старшыні таварыства «Берагіня» Віктар Місіюк адзначае, што ў Брэсце адбылася самая найвялікшая трагедыя войска УНР:

— Афіцэры і салдаты ў сваёй большасці памерлі. Гэта было адно з самых масавых месцаў гібелі палонных у лагерах для салдат, але ў сувязі з тым, што ў свеце адбываліся іншыя вайсковыя падзеі, гэта стала адной са шматлікіх трагедый 1919 года. Канечне, з‑за ланцуга розных больш важных падзей таго часу яна неяк забылася. Але, сапраўды, у 1919 годзе гэта была адна з найвялікшых трагедый у лагерах. Пра гэта пісаў нават Чырвоны Крыж у Жэневе.

Сваю падтрымку выказваў і Януш Куртыка, які кіраваў Інстытутам нацыянальнай памяці і загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам. Цяпер завяршаецца праца па дакладным вызначэнні месца пахавання жаўнераў.

Нагадаем, што дыскусія пачалася пасля публікацыі вялікага артыкула Аляксандра Міцюка ў рэгіянальнай газеце «Заря» «Ахвяры невядомай вайны». У гэтым артыкуле былі выкладзены малавядомыя факты аб тым, што пры польскім кіраванні ў Брэсцкай крэпасці размяшчаліся адразу шэсць лагераў для ваеннапалонных, куды ў 1919 годзе патрапілі салдаты і афіцэры войска Украінскай Народнай Рэспублікі. З пяці тысяч палонных украінцаў дамоў вярнулася менш за дзве тысячы. Астатнія загінулі на брэсцкай зямлі, а месца іх пахавання невядома і дагэтуль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?