У сакавіку, пэўна, кожны сьвядомы жыхар Менску, ажыўшага пасьля зімовага сну, чакаў цуду. А цуд упарта не жадаў зьдзяйсьняцца ў нашай «самабытнай», «квітнеючай», «стабільнай» ды «моцнай» краіне.

Мэлёдыя мабільнага тэлефона перапыніла мае блуканьні старонкамі апазыцыйных сайтаў, на якіх паведамлялася, што ў ноч з 23 на 24 сакавіка ў Менску на плошчы Каліноўскага быў ліквідаваны намётавы гарадок. У SMS-паведамленьні, што мяне зьбянтэжыла, было наступнае: Staimo dalej. Z nami Boh. Sv.Jazep. Pa 18. Што гэта? Чыйсьці недарэчны жарт? Заклік невядомай мне арганізацыі не губляць веры і працягваць супрацьстаяньне? Ці, можа, мы ўрэшце дачакаліся сапраўднага цуду, і сам сьвяты Язэп, расчулены нашымі шчырымі малітвамі, вырашыў пакінуць Неба і стаць побач з намі на плошчы Каліноўскага пад бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста? Нумар тэлефона, зь якога прыйшла SMS-ка, ні аб чым мне не казаў. Але я ўспомніла, што адзін знаёмец распавядаў мне пра касьцёл Сьв.Язэпа, ля сьценаў якога кожны дзень зьбіраюцца людзі, дамагаючыся, каб улады вярнулі ім храм. Тады я не адгукнулася на запрашэньне «стаяць далей» побач са Сьв.Язэпам, а па нейкім часе і ўвогуле забылася на зьвернуты менавіта да мяне заклік і ўспомніла аб ім толькі тады, калі выпадкова натрапіла на адно з такіх «стаяньняў» ля зачыненых дзьвярэй адабранай у нас сьвятыні.

У той жнівеньскі вечар ля ганка касьцёлу, які знаходзіцца побач з Катэдральнай царквой, на вул.Кірылы і Мятода, 6, сабралася дванаццаць чалавек, але мы не пачуваліся самотнымі, бо з намі быў Бог. Малітвы, народжаныя ў нашых сэрцах і прамоўленыя нашымі вуснамі, блукалі ля прахалодных сьценаў старажытнай бажніцы, уладкоўваліся разам з прыціхлымі птушкамі на галінках засохлых дрэваў, ляцелі разам зь няўрымсьлівым ветрам да самага неба. Неба глядзела на нас цёмна-шэрымі вачыма-хмарамі, напоўненымі празрыстым, як крышталь, дажджом. Яно плакала, бо яго засмучала абыякавасьць мінакоў і празьмерная зацікаўленасьць міліцыянтаў, што «падтрымлівалі парадак». А людзі хаваліся ад ягоных крыштальных сьлёз пад парасонамі, са зьдзіўленьнем паглядалі на нас і хуценька беглі далей. Сьвяты Язэп любаваўся прыгажосьцю нашага гораду зь нябесных вышыняў і разам з намі маліўся за ягоных жыхароў.

У касьцёле, які зьяўляецца часткай пабудаванага ў XVII–XVIII ст. кляштару бэрнардынаў, цяпер знаходзіцца архіў-музэй літаратуры і мастацтва і архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі. А храм марыць прымаць у сваіх намоленых сьценах шматлікіх вернікаў, слухаць разам зь імі натхнёныя казані беларускіх сьвятароў і чароўную музыку аргана, з замілаваньнем назіраць, як сур’ёзныя, апранутыя ў сьвяточныя строі дзеткі прымаюць Першую Камунію і ўпрыгожваюць сваімі залатымі крыжамі часам яснае ды блакітнае, а часам пахмурнае ды шэрае менскае неба.

Я прыходжу да касьцёлу не таму, што лічу гэта сваім абавязкам, і не таму, што мяне аб гэтым нехта просіць. Сюды імкнецца маё сэрца. Тут яно размаўляе з Богам, і ні дождж, ні вецер, ні холад зусім гэтаму не перашкаджаюць. Тут мы молімся па-беларуску за Беларусь і запрашаем таксама і вас далучыцца да нашых малітваў. І хто ведае, магчыма, менавіта вашая прысутнасьць стане вырашальнай і паспрыяе ня толькі вяртаньню нашай сьвятыні, але і набліжэньню такой неабходнай усім нам перамогі, бо Беларусь, нягледзячы ні на якія перашкоды, усё ж паціху жыве і ўпарта чакае цуду.

Фота К. Шастоўскі, radzima.org

Фотагалерэя Касьцёл Сьв. Язэпа і кляштар бэрнардынаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?