Стаў вядомы канчатковы спіс краін — удзельніц восьмага міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2010», які пройдзе 20 лістапада ў Мінску.

Паводле звестак прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі, якая з’яўляецца арганізатарам конкурсу, у ім возьмуць удзел юныя таленты ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў з 14 краін: Арменіі, Беларусі, Бельгіі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Македоніі, Мальты, Малдовы, Нідэрландаў, Расіі, Сербіі, Швецыі і Украіны. Латвія і Малдова стануць удзельнікамі дзіцячага «Еўрабачання» ўпершыню, а Літва і Швецыя адновяць удзел у конкурсе пасля працяглага перапынку, адзначаюць у Белтэлерадыёкампаніі.

У параўнанні з мінулым годам спіс удзельнікаў павялічыўся: у сёмым конкурсе дзіцячага «Еўрабачання» ў Кіеве ўдзельнічалі 13 краін.

Выканаўцы, якія будуць прадстаўляць свае краіны на конкурсе, вызначацца падчас нацыянальных адбораў.

Як адзначыў 23 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску выканаўчы дырэктар песенных конкурсаў «Еўрабачанне» Свантэ Стакселіус, сусветны фінансавы крызіс паўплываў на рашэнне краін удзельнічаць у конкурсе. «Цяпер у Еўропе вельмі цяжкія часы. Фінансавая сітуацыя ўплывае на еўрапейскія вяшчальныя кампаніі — многія з іх жадаюць удзельнічаць, але адчуваюць некаторыя матэрыяльныя цяжкасці. Шкада будзе, калі многія краіны адмовяцца ад удзелу. Хаця, з іншага боку, я разумею, што ім даводзіцца выбіраць: або фінансаваць вяшчанне конкурсу і падразаць бюджэт на праграмы навін, або пакінуць бюджэт так, як ёсць», — сказаў Стакселіус.

Ён высока ацаніў узровень падрыхтоўкі беларускіх арганізатараў, адзначыўшы, што ў Мінску «рыхтуюць выдатнае шоу для мільёнаў сем’яў па ўсёй Еўропе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?