Палітрэкрут дэмабілізаваўся ў званні яфрэйтара.
Раніцай 29 ліпеня дэмабілізаваўся з войска Зміцер Хведарук.
Моладзевы лідэр паўтара года адслужыў у Жодзіне ў чыгуначных войсках. Дэмабілізаваўся ў званні яфрэйтара.
Зміцер Хведарук, Іван Шыла і Франак Вячорка былі прызваныя ў беларускую армію пры канцы студзеня 2009 года. Тады гэты прызыў быў расцэнены паплечнікамі як палітычны.
Хведарук адзіны з гэтай тройцы, хто адслужыў цалкам, а не быў камісаваны цягам службы.
«Наша Ніва»: З якім пачуццём выходзіш з войска?
Зміцер Хведарук: Са спакойным. Натуральна, радасць нейкая прысутнічае.
Аднак выходжу без усялякай тугі па войску і без крыўдаў на яго.
«НН»: Гэтыя васемнаццаць месяцаў ты хутчэй аднясеш сабе ў плюсы ці мінусы?
ЗХ: Штосьці ў плюсы, штосьці ў мінусы. Былі нават адмоўныя моманты, якія дазволілі стаць больш выхаваным, лепш разумець чалавека, чаму ён рабіць так і так. Разам з тым, заставалася пачуццё марнасці салдацкай працы. Разумееце, калі раніцай ты коціш бочку на склад №1, а пасля абеду — на склад №2, з якога першапачаткова яна была ўзятая, то гэта напружвае.
«НН»: А што было станоўчае?
ЗХ: Было дастаткова часу, каб чытаць. Лічу, што за гэты час у мяне адбыўся духоўны рост. Навучыўся цаніць свой час. Прыйшло разуменне, наколькі важна быць з Богам.
«НН»: Што будзеш рабіць цяпер?
ЗХ: Хачу працягнуць вучобу. Прычым у Беларусі. Пазней трэба будзе знайсці нейкую падпрацоўку. Яшчэ хочацца пагуляць у футбол у якой‑небудзь аматарскай камандзе.