Беларускі гурт Litesound заняў шостае месца на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Новая хваля", што прайшоў 31 ліпеня ў Юрмале.

Першае месца — у выканаўцы з Арменіі Соны Шахгельдзян, другое — у Таццяны Шырко з Украіны, трэцяе — у эстонца Уку Сувістэ. Усяго за перамогу змагаліся 17 выканаўцаў з 12 краін.

Па выніках трох конкурсных дзён беларускія выканаўцы атрымалі ад журы 278 балаў: у першы дзень — 92, другі — 96, трэці — 90. Найвышэйшую суму балаў журы паставіла за кампазіцыю "Мама" (аўтар — прадзюсер Litesound, кампазітар Валерый Галаўко), найменшую — за ўласную рокавую кампазіцыю Rock tonight.

Прадзюсер Валерый Галаўко задаволены дасягнутым вынікам. "Шостае месца для нас — гэта першае месца, — заявіў ён у каментары БелаПАН. — Мы вельмі задаволеныя працай, якую зрабілі. Мы рэалісты, і на месца ў першай пяцёрцы не разлічвалі. Яшчэ ў Мінску я ставіў задачу набраць 270 балаў, але гэтая норма аказалася перавыкананая".

Галаўко адзначыў высокі ўзровень конкурсу. "Усе кажуць, што такога моцнага складу, як сёлета, яшчэ не было. Апрача таго, у канкурсантаў з іншых краін укладваліся вялікія фінансавыя сродкі, аказвалася вялікая адміністрацыйная падтрымка. Мы ж, па сутнасці, прыехалі самі па сабе. Так што, шостае месца Litesound на "Новай хвалі" можна прыраўнаваць да шостага месца Калдуна на "Еўрабачанні". Пры гэтым трэба ўлічыць, што "Новая хваля" — гэта конкурс не песні, а вакальнага майстэрства", — падкрэсліў прадзюсер.

Паводле яго слоў, была пэўная рызыка ў выкананні рокавай кампазіцыі на трэці дзень конкурсу — гэта выходзіла за межы фестывальнага фармату.

"Але мы свядома рызыкавалі. Па-іншаму яны не змаглі б, бо ў іх ёсць 40-тысячная армія фанаў, якія чакалі ад свайго гурту менавіта такую кампазіцыю. Можна сказаць, што гэта была даніна павагі Litesound сваім паклоннікам", — патлумачыў Галаўко.

Ён адзначыў, што вышэйшыя балы (11) у апошні конкурсны дзень беларускія ўдзельнікі атрымалі ад такіх мэтраў, як Юрый Антонаў і Ігар Круты.

На думку прадзюсера, значэнне маюць толькі першыя тры месцы, таму што яны прадугледжваюць фінансавае заахвочванне, важнае для маладых выканаўцаў (прызавы фонд "Новай хвалі" складае 100 тысяч еўра: 1 месца — 50 тысяч, 2-е — 30 тысяч, 3-е — 20 тысяч). Што ж тычыцца далейшага размеркавання месцаў, то важныя не яны, а запатрабаванасць, упэўнены прадзюсер.

Ён падкрэсліў, што галоўнай мэтай Litesound у Юрмале было заявіць пра сябе. "І гэта нам удалося. Тут сабраліся шмат сур'ёзных прадзюсераў. Litesound атрымаў вялікую колькасць прапаноў, здольных паўплываць на іх далейшую музычную кар'еру. Перспектыўныя прапановы атрымаў і я, як кампазітар. Можна смела сказаць, што мы зрабілі крок на постсавецкую прастору", — сказаў Галаўко.

Сёння ў канцэртнай зале "Дзінтары" адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і заключны канцэрт фестывалю.

Паводле слоў Галаўко, Litesound плануе вярнуцца ў Мінск 5 жніўня — у гурту ёсць асабістыя планы ў Юрмале. Прадзюсер спадзяецца быць у Мінску ўжо заўтра, 2 жніўня.

Нагадаем, для выступлення на "Новай хвалі" быў набраны новы склад гурту Litesound, у які апрача Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных увайшлі італьянскі музыкант і кампазітар Якопа Маса, які раней супрацоўнічаў з гуртам, і юная выканаўца Ганна Ваганава.

У 2009 годзе беларускі прадстаўнік Макс Лорэнс заняў 10-е месца, у 2008 — на 14-й пазіцыі апынуўся Іван Вабішчэвіч (Дзядзька Ваня).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?