У фінале яна перамагла Марыю Шарапаву з лікам 6:4, 6:1.
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выйграла тэнісны турнір у Стэнфардзе (Каліфорнія, ЗША) з прызавым фондам 700 тыс. даляраў.
Вечарам 1 жніўня яна ў фінале перамагла расіянку Марыю Шарапаву ў двух сэтах – 6:4, 6:1.
Гэта чацверты выйграны Вікторыяй, якой, дарэчы, 31 ліпеня споўніўся 21 год, турнір у адзіночным разрадзе ў турнірах WTA (Жаночай тэніснай асацыяцыі).
Азаранка тры першыя тытулы заваявала ў 2009 годзе: у студзені 2009 г. у аўстралійскім Брысбене, у лютым у Мэмфісе (ЗША), у красавіку 2009 года ў Маямі.
Марыя Шарапава таксама не чужая беларусам. Ейныя бацькі жылі ў Гомелі, а, за год да нараджэння дачкі, у 1986 г. з’ехалі, ратуючыся ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, у Сібір.
Марыя адчувае сантымент да роднай Гомельшчыны, шчодра спансаруе розныя чарнобыльскія праграмы, выдзяляе ўраджэнцам чарнобыльскіх рэгіёнаў стыпендыі. 30 чэрвеня - 1 ліпеня яна наведала вобласць як пасол Добрай волі ААН.
Каментары