На Шклоўшчыне выразана сям'я: забілі маці, яе 17-гадовую дачку, бацька знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі.
Следчым аддзелам пракуратуры Магілёўскай вобласці па Шклоўскім раёне распачата справа па п.1 ч.2 арт. 139 КК (забойства дзвюх і больш асоб) у дачыненні да 22-гадовага жыхара Сенненскага раёна (Віцебская вобласць).
Як паведамілі ў пракуратуры Магілёўскай вобласці, прыкладна ў дзве гадзіны ночы 5 жніўня малады чалавек пранік у дом 37-гадовай жыхаркі вёскі Гавяды Шклоўскага раёна. Ён нанёс жанчыне нажавыя раненні грудной клеткі, ад якіх яна памерла на месцы. Множныя раненні жывата, грудной клеткі, канечнасцей атрымала 17-гадовая дачка гаспадыні. Пазней дзяўчына памерла ў бальніцы.
На 39-гадовага бацьку, які выйшаў на шум з іншага пакоя, злачынец напаў таксама. З раненнямі мужчына змешчаны ў Шклоўскую раённую бальніцу.
12-гадовы сын гаспадароў, які знаходзіўся ў доме ў момант учынення злачынства, не пацярпеў. З ім працуюць псіхолагі.
Злачынец абвешчаны ў вышук. Вядома, што са студзеня па май гэтага года ён падтрымліваў сяброўскія адносіны з загінулай дзяўчынай.
Выказваецца здагадка, што ён помсціў дзяўчыне за тое, што яна зрабіла аборт.
Асаблівыя прыкметы падазронага: на левай руцэ ад локця да кісці шнар ад парэзу, на правай руцэ ў раёне запясця таксама шнар, на правым плячы тату ў выглядзе змяі.
Каментары