Ka выцягнуўся на ложку і аддаўся летуценьням, калі пачуўся грукат у дзьверы. Ён узьняўся – як быў, у паліто, – і адчыніў. За дзьвярыма стаяў Джавыт, парт’е, які прабавіў цэлы дзень ля печкі за тэлевізарам; ён сказаў: «Я быў забыўся: вас тэрмінова чакае Сэрдар-бэй».

Яны разам спусьціліся ў хол гатэлю. У той момант, калі Ка хацеў ужо выйсьці з гатэлю, ён спыніўся, аслупянелы: у дзьверы побач з рэцэпцыяй увайшла Іпэк; і яна была шмат прыгажэйшай, чым памятаў яе Ка. Яго раптам зноў уразіла, якая прыгожая яна была ў студэнцкія гады. Ён увесь расхваляваўся. Так, натуральна, яна была такая прыгожая.

Як два вэстэрнізаваныя буржуа з Стамбулу, яны спачатку падалі адно аднаму руку, а потым, пасьля моманту пэўнай нерашучасьці, схілілі галовы, абняліся і пацалаваліся ў шчокі, не дакранаючыся ніжнімі часткамі целаў.

Іпэк крыху адстаранілася і сказала з ашаламляльнай адкрытасьцю: «Я ведала, што ты прыедзеш. Танэр патэлефанаваў і сказаў мне пра тое». Яна дзівілася проста ў вочы Ка.

– Я прыехаў сюды на мясцовыя выбары і дзеля дзяўчат-самагубцаў.

– Колькі ты тут прабудзеш? – запытала Іпэк. – Побач з гатэлем «Асья» ёсьць цукерня «Новае жыцьцё». Цяпер мне трэба з бацькам разабрацца. Але а палове на другую мы маглі б сустрэцца і паразмаўляць там.

Ka адчуваў нязвыкласьць усёй гэтай сцэны, бо яна мела месца не ў Стамбуле – прыкладам, у квартале Бэйоглу (шматэтнічны квартал у эўрапейскай частцы Стамбулу. – С.Б.) – але ў Карсе (горад на паўночным усходзе Турэччыны. – С.Б.). Ён таксама ня мог вызначыць, наколькі ягонае хваляваньне было выкліканае прыгажосьцю Іпэк. Выйшаўшы на двор і ідучы пад сьнегападам у кірунку рэдакцыі, ён падумаў: як добра, што я купіў гэты палітон.

Дарогаю сэрца зь непахіснай пэўнасьцю пачуцьцяў падказала яму яшчэ дзьве рэчы, у якіх не прызнаваўся розум. Па-першае: Ка прыехаў з Франкфурту ў Стамбул ня толькі на пахаваньне сваёй маці, але і каб пасьля дванаццаці самотных гадоў знайсьці турэцкую дзяўчыну, зь якой ён мог бы ажаніцца. Па-другое: Ka прыехаў з Стамбулу ў Карс, бо патаемна меркаваў, што гэтая дзяўчына – Іпэк.

Калі б нейкі сябра з добрым талентам да чытаньня чужых пачуцьцяў выказаў яму гэтую другую думку, Ка ня толькі ніколі б яму не дараваў, але і ўсё жыцьцё саромеўся і вінаваціў бы сябе ў слушнасьці гэтае здагадкі. Ka быў адным з тых маралістаў, якія пераканалі саміх сябе, што найвялікшае шчасьце чалавека палягае ў тым, каб нічога не рабіць дзеля ўласнага шчасьця. Апроч таго, ён ня даў бы рады палагодзіць са сваёй элітарнай заходняй адукацыяй пошукі жанчыны, якую ён ледзьве знае, каб зь ёй ажаніцца. Нягледзячы на тое, калі ён падышоў да «Газэты памежнага месца», у яго былі неблагія адчуваньні, бо першая сустрэча з Іпэк прайшла лепш, чым ён уяўляў сабе ў аўтобусе, сам сабе ў тым не прызнаючыся.

«Газэта памежнага месца» месьцілася на адну вуліцу ніжэй ад гатэлю, дзе жыў Ка, на вуліцы Фаік-бэя; плошча, якую займалі супольна рэдакцыя і друкарня, была крыху большая за невялічкі нумар Ка. Пакой быў падзелены на дзьве часткі драўлянай пярэбаркай, на якой віселі выявы Ататурка, каляндар, узоры візытовак і вясельных запрашэньняў, фатаграфіі, якія Сэрдар-бэй здолеў зрабіць зь сябе самога разам з высокапастаўленымі ўладальнікамі дзяржаўных пасадаў і славутымі туркамі, якія прыяжджалі ў Карс, а таксама заключаны ў рамку, сорак гадоў таму выдадзены першы нумар газэты. На заднім пляне з прыязным шумам працавала электрычная друкарская машына з понажным кіраваньнем, вырабленая сто гадоў таму ў Ляйпцыгу фірмай Баўмана, якая цягам чвэрці стагодзьдзя эксплюатавалася ў Гамбургу, за часы свабоды прэсы пасьля пачатку Другога канстытуцыйнага пэрыяду была прададзеная ў Стамбул, пасьля 45-гадовае службы там намаганьнямі Сэрдарбэевага бацькі-нябожчыка выратаваная ад здачы ў мэталалом і прывезеная цягніком у 1955 го¬дзе ў Карс.

Правай рукой, адзін з пальцаў якой ён увільгатняў падушачкай, першы сын Сэрдар-бэя карміў машыну чыстай паперай, а левай умела зьбіраў надрукаваныя асобнікі газэты – бо кантэйнэр для надрукаванай прадукцыі ён зламаў гадоў дзесяць таму ў бойцы з братам – дый нават патрапіў прывітаць Ка рухам вачэй. Другі сын быў падобны не да бацькі, а да маці, якая Ка цяпер помнілася вузкавокай, месяцападобнай, маленькай і тлустай. Ён сядзеў за моцна запэцканым друкарскай фарбай варштатам перад маленькай, падзеленай на сотні ячэек шуфлядай паміж сьвінцовымі літарамі-шрыфтамі рознае велічыні, віньеткамі і клішэ ды ўручную складаў, цярпліва і старанна, нібы каліграф, што адрокся ад гэтага сьвету, абвесткі, што пойдуць у газэту, якая выйдзе праз тры дні.

– Бачыце, у якіх умовах змагаецца за сваё выжываньне прэса Ўсходняй Анатоліі? – сказаў Сэрдар-бэй.

У гэты момант зьнікла электрычнасьць. Калі сьціхла друкарская машына і варштат патануў у таямнічай цемры, Ка заўважыў, наколькі прыгожая бель сьнегу, што падаў на дварэ.

– Колькі ты дагэтуль ужо зрабіў? – спытаўся Сэрдар-бэй. Ён запаліў сьвечку і прапанаваў Ка сесьці на крэсла пры стале ў пярэднім куце пакою.

– 160, тата.

– Калі зноў зьявіцца сьвятло, зрабі 340; сёньня да нас прыяжджае тэатар.

«Газэта памежнага месца» прадавалася ў Карсе толькі ў адным месцы, у аднаго гандляра насупраць Народнага тэатру, у якога яе штодня набывала чалавек дваццаць, але, як з гонарам распавядаў Сэрдар-бэй, дзякуючы падпісцы, прадаваны наклад дасягаў 320 асобнікаў. 200 падпісчыкаў складалі ўстановы і фірмы Карсу, чые посьпехі Сэрдар-бэй мусіў пэрыядычна ўсхваляць. Астатнія 80 падпісчыкаў – гэта былі шанаваныя дзяржавай, «важныя і аўтарытэтныя» асобы, якія зьехалі з Карсу і пасяліліся ў Стамбуле, але не абарвалі сваёй сувязі зь местам.

Электрычнасьць зноў зьявілася, і Ка ўбачыў, што на ілбе Сэрдар-бэя ад гневу выступіла жыла.

– Пасьля таго, як мы сустрэліся, вы размаўлялі з кепскімі людзьмі і сабралі кепскую, няправільную інфармацыю пра нашае памежнае места, – сказаў Сэрдар-бэй.

Ka спытаў:

– Адкуль вы ведаеце, куды я хадзіў?

– Натуральна, за вамі цікавала паліцыя, – патлумачыў журналіст. – А мы з прафэсійных меркаваньняў праслухоўваем пры дапамозе гэтага прымача размовы паліцыянтаў. Дзевяноста адсоткаў навінаў, што зьяўляюцца ў нашай газэце, мы атрымліваем з губэрнатарскай канцылярыі і цэнтральнага пастарунку паліцыі Карсу. Увесь пастарунак ведае, што вы пытаецеся ў кожнага, чаму Карс такі адсталы і бедны і чаму нашыя маладыя дзяўчаты забралі сабе жыцьцё.

Ка выслухаў ужо мноства тлумачэньняў таго, чаму Карс так зьбяднеў. Напрыклад, дзеля зьмяншэньня гандлю з Саветамі ў гады халоднае вайны; закрыцьця мытных пастоў на мяжы; дзеля таго, што камуністычныя банды, якія апанавалі места ў 70-я гады, пагражалі багатым і выгналі іх адсюль; што ўсе заможныя жыхары, якія назьбіралі хоць крыху капіталу, пераехалі ў Стамбул ці Анкару; што дзяржава і Бог забыліся на Карс; што вінаватыя бясконцыя канфлікты паміж Турэччынай і Армэніяй...

– Я вырашыў распавесьці вам, як яно ёсьць, – сказаў Сэрдар-бэй.

Зь яснасьцю розуму і аптымізмам, якіх яму не даводзілася адчуваць ужо шмат гадоў, Ка акуратна зразумеў, што сапраўднай тэмай ёсьць сорам. У Нямеччыне гэта было тэмай на працягу многіх гадоў і для яго самога, але ён хаваў той сорам нават перад самім сабой. Дзякуючы таму, што Ка насіў у сабе цяпер надзею на шчасьце, ён даў рады прызнацца сабе ў гэтым факце.

– Мы ўсе раней былі тут як браты, – вымавіў Сэрдар-бэй так, нібыта выдаваў нейкую таямніцу. – Але ўжо колькі гадоў, як усе пачалі казаць «я – азэрбайджанец», «я – курд», «я – тэрэкемэ». Натуральна, тут жывуць прадстаўнікі ўсіх магчымых народаў. Тэрэкемэ – мы завем іх таксама карапапакамі – браты азэрбайджанцаў. Курды – мы кажам на іх «плямёны» – нічога раней ня ведалі пра сваю курдзкасьць. Той, хто жыве тут з асманскага часу, не выхваляўся: «Я карэнны жыхар!» Туркмэны, лазы з Пасофу, немцы, выгнаныя царом з Расеі, – яны ўсе былі, і ніхто зь іх нічога не выдумляў сабе з сваёй нацыянальнасьці. Усю гэтую мудрагель пашырыла камуністычнае радыё «Тбілісі», каб падзяліць і зьнішчыць Турэччыну. Сёньня кожны тут бяднейшы і больш горды, чым раней.

Сэрдар-бэй прыйшоў да высновы, што Ка ўражаны ягонымі словамі, і перайшоў да іншае тэмы.

– Ісламісты ходзяць ад дзьвярэй да дзьвярэй, прыходзяць у хаты да людзей гуртамі, дораць кабетам хатняе начыньне, рондалі, выціскалкі апэльсінавага соку, скрынкі з мылам, пшанічнай сечкай і мыйнымі сродкамі, наладжваюць цесныя кантакты паміж жанчынамі, чапляюць дзецям на плечы зіхоткія манэты. Яны кажуць: «Аддайце вашыя галасы Партыі дабрабыту!», якую яны называюць партыяй Бога, кажуць, што ўся гэтая беднасьць, гэтая нэндза, якая апанавала нас, здарылася таму, што мы збочылі з Божага шляху. З мужчынамі размаўляюць мужчыны, з жанчынамі – жанчыны. Яны ўваходзяць у давер да беспрацоўных сваёй сфабрыкаванай прапагандай, сваім гневам, яны абяцаюць блізкую радасьць жонкам беспрацоўных, якія ня ведаюць, што зварыць дзецям на вячэру, пасьля абяцаюць яшчэ больш падарункаў і бяруць зь людзей слова, што тыя за іх прагаласуюць. Яны заваёўваюць з ранку да вечара павагу ня толькі прыніжаных, самых бедных слаёў насельніцтва, але і студэнтаў, чый страўнік толькі раз на дзень напаўняецца гарачым супам, работнікаў і нават рамесьнікаў ды гандляроў. Бо яны больш старанныя, сумленныя і сьціплыя, чым усе астатнія.

Уладальнік «Газэты памежнага месца» меркаваў, што папярэдні бурмістар, якога забілі, быў зьненавіджаны ўсімі не таму, што хацеў забараніць «несучасныя», на ягоную думку, конныя брычкі (гэты крок папросту не ажыцьцявіўся празь ягонае забойства), але таму, што быў прадажны і карумпаваны. Аднак ніводная з правай і левай рэспубліканскіх партыяў, якія праз старую кроўную помсту, этнічныя падзелы і нацыяналізм разбуральна змагаліся між сабою, не магла выставіць моцнага кандыдата на бурмістарскую пасаду. «Давяраюць толькі сумленнасьці кандыдата Партыі Бога, – цьвердзіў Сэрдар-бэй. – А гэта ніхто іншы, як колішні муж Іпэк-ханым, дачкі Тургут-бэя, гаспадара вашага гатэлю. Ён не вылучаецца вялікім розумам, але ён курд. Курды складаюць тут сорак адсоткаў насельніцтва. Выбары бурмістра выйграе Партыя Бога».

Яшчэ мацнейшы сьнегапад зноў выклікаў у Ка пачуцьцё самоты; і гэтая самота суправаджалася страхам, што прыйшоў канец тым варункам, у якіх ён вырас у Стамбуле, дый наагул вэстэрнізаванаму жыцьцю ў Турэччыне. У Стамбуле ён пабачыў, як замыкаюцца вуліцы, на якіх прайшло ягонае маленства, як зносяцца старыя, элегантныя будынкі пачатку стагодзьдзя, у якіх жылі многія ягоныя сябры, як засыхаюць і высякаюцца дрэвы ягонага маленства, зачыняюцца цягам апошняга дзесяцігодзьдзя кінатэатры, цямнеюць вітрыны крамаў з адзеньнем. Гэта азначала ня толькі канец ўсяго ягонага маленства, але і ягонае мары аднойчы зноў асесьці ў Стамбуле.

Ка глядзеў на зіхоткі ў нэонавым сьвятле шыльды «Газэты памежнага месца», нібы з казкі, сьнег, які паволі падаў вялізнымі сьняжынкамі, і маляваў сабе, як ён з Іпэк вернецца ў Франкфурт. Вось яны разам робяць закупы на другім паверсе, у аддзеле жаночага абутку ўнівэрмагу «Каўфхоф», дзе набыў свой попельна-шэры палітон, у які ён цяпер моцна захутаўся.

– Гэта ўсё частка міжнароднага ісламісцкага руху, які хоча зрабіць з Турэччыны нешта падобнае да Ірану...

– Ці дзяўчаты-самагубцы таксама належаць да яго? – спытаў Ka.

– У нас ёсьць падставы меркаваць, што, на жаль, яны таксама далі зьбіць сябе з панталыку, але мы пра тое ня пішам, бо дзяўчаты зноў будуць тым узрушаныя, і колькасьць самазабойстваў яшчэ больш павялічыцца. Кажуць, у месьце знаходзіцца вядомы ісламісцкі тэрарыст Блакітны. Каб кансультаваць дзяўчат у хіджабах і самагубцаў.

– Хіба ісламісты не выступаюць супраць самагубцаў?

На гэтае пытаньне Сэрдар-бэй ня даў адказу. Калі спынілася друкарская машына і ў пакоі запанавала цішыня, Ка зірнуў на проста неймаверны сьнег, што падаў на дварэ. Клопат аб праблемах Карсу быў вельмі слушным сродкам супраць ягонай занепакоенасьці і страху, якія расьлі, бо неўзабаве ён меў сустрэцца з Іпэк. Але цяпер Ka хацеў думаць толькі пра Іпэк і падрыхтавацца да сустрэчы ў цукерні, бо ўжо было 13.20.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?