6 кастрычніка ў Магілёве прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Алесь Міхалевіч і члены яго ініцыятыўнай групы не былі дапушчаны ў інтэрнат № 1 Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова для збору подпісаў.

«У большасці выпадкаў уся кампанія праходзіць у адпаведнасці з законам, — заявіў Міхалевіч БелаПАН. — Але вось гэты інтэрнат, дзе калісьці жыў дзейны прэзідэнт, стаў непрыемным выключэннем, сюды не пусцілі маю ініцыятыўную групу. Мы пададзім заяву ў Цэнтральную выбарчую камісію, каб яна разабралася і каб сюды пусцілі маіх зборшчыкаў подпісаў».

Як патлумачыў каардынатар па зборы подпісаў у падтрымку Міхалевіча па Магілёву Юрый Стукалаў, кіраўніцтва інтэрната, спасылаючыся на нейкую незразумелую інструкцыю, проста зачыніла дзверы перад членамі ініцыятыўнай групы. Адзінай уступкай стаў дазвол збіраць подпісы жыхароў, знаходзячыся ў фае інтэрната.

Паводле слоў Стукалава, скарга на дзеянні адміністрацыі інтэрната будзе таксама накіравана ў выбарчую камісію Ленінскага раёна Магілёва.

Актывіст адзначыў, што на гэты момант у горадзе сабрана 3,5 тыс. подпісаў за вылучэнне Міхалевіча кандыдатам у прэзідэнты.

Паводле слоў самога прэтэндэнта, ён упэўнены, што збярэ неабходныя 100 тыс. подпісаў у сваю падтрымку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?