Яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, начальнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат» Сяргей Рыжоў, заявіў аб спыненні збору подпісаў і зняцці з выбарчай кампаніі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Рыжова, распаўсюджанай 21 кастрычніка.

«Мая ініцыятыўная група, членам якой з’яўляюся і я, спыняе збор подпісаў, не набраўшы ўстаноўленай колькасці для рэгістрацыі мяне ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — растлумачыў Рыжоў.

Ён лічыць, што прычына гэтага не толькі ў малой колькасці і малым вопыце яго ініцыятыўнай групы, але і ў адсутнасці дастатковага фінансавання, а таксама ў «націску з боку дзейнай улады».

Разам з тым Рыжоў задаволены асабістымі вынікамі, працай і дапамогай людзей, якія яго акружалі, рэакцыяй на яго намеры, заявы і артыкулы ў СМІ. Паводле яго слоў, рашэнне аб зняцці з выбараў было прынятае сумесна з лідарамі ініцыятыўнай групы.

«Гэты складаны перыяд у маім жыцці быў пройдзены годна, сумленна і без ўвязвання мяне і членаў ініцыятыўнай групы ў неахайныя схемы грамадска‑палітычнай дзейнасці, якія насаджаюцца нам «, — заяўляе Рыжоў.

Ён лічыць памылкай адсутнасць адзінага кандыдата ў якасці альтэрнатыўнай фігуры дзейнаму ў гэты час прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.

Акрамя таго, Рыжоў, лічыць «трагічнай памылкай» заклікі асобных палітычных лідараў «да актыўнага супраціўлення дзейнай уладзе і вывядзення людзей «на плошчу» з далейшымі непрадказальнымі наступствамі як для прыхільнікаў гэтых заклікаў, так і для ўсёй краіны ў цэлым».

Рыжоў паведамляе аб сваіх планах распачаць працу па адкрыцці грамадскага міжнароднага дабрачыннага фонду «Спадчына народаў свету» і па стварэнні палітычнай партыі «Белая Русь».

У апублікаваным 18 кастрычніка інтэрв’ю інтэрнэт‑газеце БелаПАН naviny.by

Сяргей Рыжоў паведаміў, што раней прафесійна палітыкай не займаўся. Пры гэтым ён не стаў рабіць прагнозы адносна наступных крокаў у перадвыбарнай кампаніі. «Але калі тэндэнцыя па зборы подпісаў захаваецца, планую сабраць 105—110 тысяч подпісаў», — заяўляў ён.

Рыжоў таксама паведаміў, што падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку з першых дзён яго прэзідэнцтва. «Аднак прайшоў час — і цяперашні этап развіцця Беларусі характарызуецца развалам эканомікі, укараненнем карумпаванасці і сямейнасці ў створанай прэзідэнтам вертыкалі, нявыбудаванай пазіцыяй, кіданнямі ад аднаго партнёра да іншага, ад аднаго абяцання да процілеглага, стратай аб’ектыўнасці ў ацэнцы сітуацыі, неабдуманымі і запозненымі рашэннямі ўнутраных пытанняў», — гаварыў ён.

Такім чынам, зараз у выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць 14 прэтэндэнтаў у прэзідэнты Беларусі.

Раней аб спыненні ўдзелу ў выбарах заявілі Сяргей Гайдукевіч і Пётр Барысаў. Апошні зняўся на карысць Віталя Рымашэўскага.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?