У матэрыялах Wikileaks Беларусь згадваецца як «фактычна мафійная дзяржава»
Паведамленні амбасады ЗША ў Мінску на сайце яшчэ не з'явіліся.
Партал Wikileaks, які на мінулых выходных пачаў выкладаць у агульны доступ на інтэрнэце дэпэшы амерыканскіх дыпламатаў, на гэты момант выставіў ужо больш за 600 матэрыялаў, з кожнай гадзінай гэтая лічба расце.
Паведамленняў з амбасады ЗША ў Мінску, якіх, паводле апісання зместу базы дадзеных, налічваецца больш за тысячу, на партале пакуль яшчэ няма. Аднак Беларусь згадваецца ў дзясятках паведамленняў з іншых месцаў.
Сярод іншага пра Беларусь гаварыў пракурор Нацыянальнага суда Іспаніі Хасэ Грында Гансалес, выступаючы 14 студзеня 2010 года са справаздачай аб захадах Іспаніі ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.
Гаворачы пра расійскую мафію, Грында зазначае, што было б недакладна называць яе «расійскай», бо ў ёй бяруць удзел і ўкраінцы, грузіны, беларусы і чачэнцы.
«Грында заявіў, што лічыць Беларусь, Чачню і Расію фактычна „мафійнымі дзяржавамі“ і неўзабаве такой стане і Украіна. У кожнай з гэтых краінаў, як ён сцвярджае, немагчыма пабачыць розніцу паміж дзейнасцю ўрадаў і групаў арганізаванай злачыннасці», гаворыцца ў дэпэшы, пасланай амбасадай ЗША ў Мадрыдзе.
Каментары