Кіраўніцтва справаў, Служба бяспекі, Рэзервовы фонд... «Наша Ніва» падлічыла афіцыйны бюджэт розных прэзідэнцкіх структур.
Кіраўніцтва справаў, Служба бяспекі, Рэзервовы фонд. «Наша Ніва» падлічыла афіцыйны бюджэт розных прэзідэнцкіх структур.
Выдаткі на дзяржаўныя органы, якія забяспечваюць дзейнасць прэзідэнта, мільярдаў рублёў
(у дужках — эквівалент у далярах)
2011 — 41,1 ($13 млн)
2010 — 30 ($10 млн)
2009 — 34,4 ($12 млн)
2008 — 26,4 ($12 млн)
2007 — 26,6 ($12 млн)
* * *
Адлічэнні з бюджэту ў рэзервовы прэзідэнцкі фонд, мільярдаў рублёў
у дужках — эквівалент у далярах
2011 — 270 ($90 млн)
2010 — 2760 ($919 млн)
2009 — 324 ($114 млн)
2008 — 217 ($99 млн)
2007 — 176 ($80 млн)
* * *
Адлічэнні на дзейнасць Кіраўніцтва справаў прэзідэнта, мільярдаў рублёў
у дужках — эквівалент у далярах
2011 — 405 ($128 млн)
2010 — 245 ($82 млн)
2009 — 284 ($100 млн)
2008 — 178 ($81 млн)
2007 — 133 ($61 млн)
* * *
Афіцыйныя даходы кіраўніка дзяржавы становяцца вядомыя беларусам толькі калі трапляюць у дэкларацыі аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты. Папярэдні раз такая інфармацыя была ў 2005 годзе. Тады кіраўнік дзяржавы зарабіў за год 59 мільёнаў рублёў. У эквіваленце гэта складала каля 20 тысяч еўра.
Цяпер Лукашэнка зарабляе 94,5 мільёна рублёў — каля 24 тысяч еўра.
Але выдаткі краіны на прэзідэнта — гэта не толькі ягоны афіцыйны заробак.
Абслугоўванне прэзідэнта вымагае шмат дадатковых стратаў, і некаторыя з іх прапісваюцца ў бюджэце. Якія менавіта?
Першым радком у раздзеле «Агульнадзяржаўная дзейнасць» бюджэту краіны ідуць выдаткі на «дзяржаўныя органы, якія забяспечваюць дзейнасць прэзідэнта». З года ў год гэтая лічба вагаецца ў раёне $12 мільёнаў.
Загадкавы фонд
Адлічэнні ў загадкавы Рэзервавы фонд прэзідэнта нашмат большыя.
У гэтым годзе кожны працаздольны беларус падзяліўся з кіраўніком дзяржавы заробленымі $156.Незразумелы статус грошай дае глебу для спекуляцый.
Вядома, што існуюць два іншыя фонды — для дапамогі юрасобам і індывідуальным прадпрымальнікам і для фінансавання расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі і катастрофамі. Што датычыць прэзідэнцкага фонду, то тут грошы ідуць на падтрымку таленавітай моладзі — выплату павышаных стыпендый, арганізацыю адукацыйных і забаўляльных мерапрыемстваў.
«Існаванне прэзідэнцкага фонду, які напаўняецца з бюджэту, а ягоныя грошы размяркоўваюцца прэзідэнтам, — гэта агульная практыка. Такія фонды існуюць у многіх краінах. Напрыклад, у Казахстане 300 студэнтаў атрымліваюць грошы з рук Назарбаева. Усё адно, ці будуць сродкі ісці напрасткі з бюджэту, ці выдавацца з рук прэзідэнта. Іншае пытанне, што ўсе ведаюць пра існаванне прэзідэнцкага фонду, але калі там была апошняя рэвізія і ці былі яны ўвогуле — ніхто не ведае», — кажа незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў.
Колькі нам каштуе прэзідэнт? Дадамо, фінансаванне будоўляў, прэмій і стыпендый з прэзідэнцкага фонду актыўна выкарыстоўваецца ў прапагандзе. Так,
нібы гэта не грамадства фінансуе, а асабіста палітык Аляксандр Лукашэнка.
Звычайна адлічэнні з бюджэту складаюць каля $100 мільёнаў штогод. Выключэннем стаў гэты год, калі ў выніку пераразмеркавання бюджэту выдаткі на рэзервовы фонд перавысілі $900 мільёнаў!
Нягледзячы на дэфіцыт бюджэту, кіраўнік дзяржавы вырашыў не змяншаць выдаткі на сацыяльная праграмы, даплаціўшы з «уласнай» кішэні. Вось толькі гэтыя грошы былі кампенсаваныя да канца года. Агульная сума, што ўтрымліваецца ў рэзервовым фондзе прэзідэнта, невядомая. Па ўскосных сведчаннях, у сярэдзіне года яна складала каля $2,8 мільярда.
Прэзідэнцкія заўхозы
Кіраўніцтва справаў прэзідэнта, у адрозненне ад рэзервавага фонду, не «пазычае» грошай дзяржаўнаму бюджэту. Таму сярэднія выдаткі на гэтую ўстанову складалі за апошнюю пяцігодку «ўсяго» $90 мільёнаў.
Выхад з крызіснага 2010 года прадугледжвае, што выдаткі на імперыю прэзідэнцкіх заўхозаў узрастуць больш чым на палову — да $128 мільёнаў. Варта адразу ўдакладніць, што прыведзеныя выдаткі ніяк не пераклікаюцца з забеспячэннем дзейнасці прэзідэнта, бо праходзяць па рознай ведамаснай класіфікацыі.
Кіраўніцтва — гэта камерцыйная структура. І няясна, чаму кожны з нас вымушаны яе так шчодра фінансаваць з уласнай кішэні.
Бяспека даражэйшая за дзейнасць
Яшчэ некалькі устаноў маюць да кіраўніка краіны ўскоснае дачыненне. Яднае іх яшчэ адзін факт — усе яны ў 2011 годзе істотна падаражаюць. Напрыклад, Акадэмія кіравання каштавала сёлета $3 мільёны, а ў наступным годзе пацягне на ўсе $3,8 мільёна.
Трэцяя арганізацыя,
Служба бяспекі прэзідэнта, замахваецца на лічбы іншага кшталту. У гэтым годзе яна каштавала амаль столькі ж, колькі «забеспячэнне дзейнасці» кіраўніка дзяржавы — $10,2 мільёна.А вось у наступным вырасце больш чым напалову — аж да $15,7 мільёна! Варта ўдакладніць, што ўсе дадзеныя за 2011 год пералічаныя па курсе 3170 рублёў. Зробім выгляд, што верым лічбам, закладзеным у бюджэце.
Калі падлічыць, колькі бюджэтных грошаў давялося выдаткаваць на дзейнасць прэзідэнта, службу ягонай бяспекі, кіраўніцтва справамі і рэзервовы фонд, за пяць гадоў атрымаецца $1,9 мільярда! У сярэднім — $400 мільёнаў штогод. Сапраўды, прэзідэнт — дарагая забаўка.
Каментары