Меркаванні2020

Тэст на вашывасць

Адзін мой знаёмец, які служыў у КГБ (але ў службе аховы), апавёў мне пра гэбісцкую туфту. Піша Анатоль Сідарэвіч.

Лукашэнка палохае свае «органы»: прыйдуць да ўлады «гэтыя» — яны вам наладзяць люстрацыю. А яшчэ раней адзін з альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта паабяцаў, што не будзе праводзіць люстрацыі. Тым, хто працуе ў спецслужбах, ён даслаў сігнал: хлопцы, можаце пачувацца спакойна.

І Лукашэнка, і гэты кандыдат зблыталі тых, хто працуе ў спецслужбах, і тых, хто працуе на спецслужбы, сумяшчаючы гэтую працу з выкладчыцкай, навуковай, грамадскай, палітычнай.
Тыя, хто працуе ў спецслужбах, могуць быць пазбаўленыя працы толькі ў тых выпадках, калі ўчынілі процізаконныя дзеянні, перавысілі свае паўнамоцтвы, злоўжывалі імі, а тых, хто працаваў на спецслужбы ў якасці стукача, сексота, агента ўплыву, у посткамуністычных краінах пазбаўляюць магчымасці рабіць палітычную кар’еру.

Практыка Польшчы, Чэхіі ды іншых краін паказвае: дэмакратычнага грамадства нельга пабудаваць, калі гэтаю справаю займаюцца сексоты і стукачы,
якія акапаліся на кіраўнічых пазіцыях у палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях, займелі дэпутацкія мандаты. Бізнэсам хай займаюцца, няхай нават выкладаюць ў ВНУ і ў школах, але шлях у палітыку, магчымасць прымаць палітычныя рашэнні ім перакрыты.

Больш як 2 гады таму я даслаў шмат якім СМІ Беларусі свае нататкі «Тэст на вашывасць». І — о дзіва! — ніводная газета, ніводзін сайт не палічылі патрэбным апублікаваць гэты тэкст. Я змясціў гэтыя нататкі на сваёй старонцы ў жывым журнале — і нуль рэакцыі. Такое ўражанне, што нашай краіне, у нашых апазіцыйных партыях, дэмакратычнай супольнасці няма ні стукачоў, ні сексотаў і што гэтая праблема для нас неактуальная. Цікава, ці будуць мае нататкі прынятыя гэтым разам?

Аднаго разу Янка Брыль сказаў: «Калі б мне прапанавалі ордэн, я замест ордэну папрасіў бы даць мне пачытаць дасье».

Другі раз Брыль расказаў мне гісторыю з Іёнам Друцэ, выдатным пісьменнікам, якога камуністычныя ўлады змусілі з роднае Малдовы ўцячы ў Маскву. У гарбачоўскія часы Друцэ атрымаў магчымасць пачытаць дасье. Ён прыйшоў куды трэба, і яго сустрэў сам Вадзім Бакацін (як мне думаецца, інтэлігентны і таму недаўгавечны начальнік ведамства). Пісьменнік і міністр селі насупроць адзін аднаго, і Бакацін сказаў: Іён Панцялеевіч, вось ваша дасье, але перш чым даць яго вам, я прашу вас падумаць, ці трэба чытаць яго: чытаючы, вы расчаруецеся ў многіх людзях, якіх цяпер паважаеце і лічыце сваімі прыяцелямі. Друцэ падумаў і адмовіўся ад намеру чытаць, што пра яго пісалі «сябры» і «аднадумцы».

У 2006 годзе ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі разбіралі вынікі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Да сур’ёзнага аналізу партыя так і не дайшла (многім гэта было нявыгадна), а ў той гаворцы я назаўсёды зафіксаваў адну фразу. Алег Волчак, які зрабіў сабе імя як праваабаронца і распаўсюднік у інтэрнэце лістоў патрыётаў — афіцэраў КГБ, сказаў, што прычынай няўдачы Казуліна была, між іншым, і адсутнасць у яго праграме пункту аб люстрацыі. Вось калі б Казулін паабяцаў, што люстрацыі не будзе, тады б…

Мне, як і Янку Брылю, хочацца пачытаць дасье.

Як кажуць дасведчаныя людзі, іх, дасье, у папяровай і электроннай версіі ўжо больш за два мільёны. На 9-мільённую Беларусь.
Дзякуючы электроніцы ў гэтыя дасье заносяцца ўсе выезды за мяжу, усе публікацыі і выказванні ў друку і электронных СМІ. Само сабой, да гэтых матэрыялаў далучаюцца пісьмовыя даносы, рапарты і справаздачы.

Мне цікава, хто ў маёй партыі і ў дэмакратычным руху наагул з’яўляецца агентам уплыву, «кратом». І гэта не пустапарожняя цікавасць, не цікаўнасць, а патрэба. Без люстрацыі немагчымае аздараўленне грамадскага арганізму, поступ дэмакратыі і грамадскі маральны прагрэс. І першы закон, які павінен быць прыняты ў постлукашэнкаўскай Беларусі, — гэта закон аб люстрацыі.

Адзін мой знаёмец, які служыў у КГБ (але ў службе аховы), апавядаў мне пра гэбісцкую туфту. Вось, казаў знаёмец, калі б я быў аператыўнікам, сённяшнюю нашу гаворку за чаркай я выклаў бы начальству на паперы: сустракаўся з Сідарэвічам, ён мне сказаў, што Н. — кепскі паэт, а Р. — ніякі не палітык, а гарлапан. А мог бы ўпісаць туды і што страшнейшае. Напрыклад, такое: Сідарэвіч паведаміў, што К. атрымаў ад амерыканцаў 5 тысяч баксаў. Калі пачнецца люстрацыя, працягваў мой знаёмец, на аснове гэтых паперак могуць зрабіць выснову, што ты — стукач.

Пра гэбісцкую туфту я ведаю. І не баюся яе.

Ведаю і «казус Казімеры Прунскене». Гэтая выдатная літоўская дзяячка ўзначальвала навуковы калектыў і ex officio мусіла падпісваць для КГБ характарыстыкі на падначаленых, якія выязджалі ў камандзіроўкі за мяжу. І гэты факт быў залічаны пані Казімеры ў віну. Вядома, тут перабор.

Калі б Прускене ў характарыстыках на сваіх падначаленых «настукала», яны ніколі не выехалі б з СССР нават у Манголію ці Балгарыю.
Я дакладна памятаю, што на першай «гутарцы» ў КГБ перад маёрам Песенькам ляжала характарыстыка на мяне, напісаная рукою рэдактара ганцавіцкай райгазеты Васіля Праскурава. Але гэта не дае мне падставы вінаваціць былога шэфа. Усё залежыць ад зместу тае характарыстыкі. Мне хацелася б яе пачытаць. Як і іншыя матэрыялы ў дасье.

Ужо сёння дэмакратычныя сілы Беларусі павінныя і могуць адназначна выказаць сваё стаўленне да пытання аб люстрацыі і ясна заявіць, што сексотам і стукачам шлях у публічную палітыку будзе закрыты.

Ужо сёння дэмакратычныя партыі падчас прыёму грамадзян у свае шэрагі маглі б у кожнага з іх пытацца, ці маюць яны сувязі з ГБ, службаю аховы прэзідэнта ды іншымі спецслужбамі, якія «пасуць» і гэтыя партыі. Добра было б, каб пытанні такога кшталту абавязкова задаваліся тым, хто ўступае ў БСДП.

Гэта быў бы «тэст на вашывасць» і для тых стукачоў і сексотаў, якія ўжо атабарыліся ў сацыял-дэмакратыі. Думаю, што такія тэсты варта практыкаваць і ў іншых партыях.

Каментары20

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Усе навіны →
Усе навіны

Пазняк: І рэжым Лукашэнкі, і псеўдаапазіцыя — гэта адно і тое ж129

Ярмошына: Я не пайду ў грамадскую лазню, проста таму што баюся26

Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»2

Стартап рабіў выгляд, што ён распрацаваў штучны інтэлект. Насамрэч, ён наняў 700 праграмістаў і яны стваралі прадукты ўручную3

Жыхара Клецка асудзілі за выкраданне мігрантаў і вымаганне з іх грошай

«Бачыш, палітыка не такая простая». Радаслаў Сікорскі падкалоў Ілана Маска2

Каля Лідскага замка ўладкуюць набярэжную для шпацыраў

«Патрыятычны» фонд Мікалая Карпянкова для школьнікаў, падобна, фінансуецца «Інтэгралам»3

У Мінску 88-гадоваму кіроўцу стала кепска за рулём, ён справакаваў аварыю5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць