Перад Давыдзькам пастаўлена задача зрабіць Першы канал аб’ектыўным
Перад новым кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам пастаўлена задача зрабіць Першы канал аб'ектыўным.
"Аляксандр Рыгоравіч запатрабаваў зрабіць канал аб'ектыўным, зрабіць канал цікавым, каб ён канкураваў з сусветнымі тэлевізійнымі каналамі, каб ён быў даступны ва ўсёй магчымай медыяпрасторы, максімальна магчымай, і каб ён быў на сучасным узроўні і па карціне, і па якасці тых, хто гэты матэрыял падае", — заявіў Давыдзька ў эфіры айчынных тэлеканалаў.
"Маюцца на ўвазе і асобы канала, — растлумачыў ён, — і інфармацыя павінна быць глыбокай, і, ізноў жа, канал павінен быць любімым у людзей, у народа. Яны яму павінны давяраць, і ён павінен быць з імі заўсёды: і ў навінах, і ў момант адпачынку, і ў момант там нейкіх спартыўных спаборніцтваў, акцый мастацтва".
На пасаду старшыні НДТРК 55-гадовы заслужаны артыст Беларусі, былы дырэктар Купалаўскага тэатра, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька быў прызначаны 28 снежня. Ён змяніў на гэтай пасадзе 49-гадовага Аляксандра Зімоўскага, які ўзначальваў Белтэлерадыёкампанію са снежня 2005 года.
Каментары