Яшчэ адзін рэлігійны прыход абвесьціў, што бліжэйшым часам распачне пост-галадоўку. Сьледам за вернікамі зь менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё»; пра такую акцыю пратэсту заявіў пробашч каталіцкага прыходу Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці міласэрнасьці Аляксандар Шэмет.

У пятніцу з раніцы група вернікаў, якая налічвала больш за сто чалавек, накіравалася ў бок будынку Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту. Справа ў тым, што вось ужо амаль як 10 гадоў гарадзкія ўлады не даюць дазвол на будаўніцтва касьцёлу.

Пра сваю акцыю каталікі заявілі яшчэ ў панядзелак, таму іхняга прыходу да прызначанага месца ўжо чакаў старшыня гарадзенскага Аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка, які запрасіў вернікаў прайсьці ў будынак.

Айцец Аляксандар Шэмет паведаміў пра тое, што Саўчанка заявіў, што некаторыя вернікі абкрадваюць касьцёлы, і таму іхняе будаўніцтва ідзе так марудна. «Гэта адкрытае абвінавачваньне ў тым, што мы махляры і злодзеі, – кажа Аляксандар Шэмет. – Пасьля Саўчанка пачаў гаварыць пра тое, што вы ж самі ведаеце, што некаторыя каталіцкія сьвятары нагнятаюць палітычную сытуацыю ў краіне. Я вельмі шкадую, што ня ўзяў з сабой дыктафону, каб запісаць гэтыя выказваньні чыноўніка. Але гэта чулі людзі, які прыйшлі разам са мной. Пасьля такіх словаў я не пачаў спрачацца, а проста прапанаваў усім вернікам сысьці з будынку. Тады Саўчанка пачаў у нашыя сьпіны крычаць, што дазваляе будаўніцтва храму. Людзі ўзрадаваліся, пачуўшы такія словы, але я сказаў, што словы застаюцца толькі словамі, а нам патрэбен пісьмовы дазвол».

Ксёндз Шэмет не ўважае пост-галадоўку за крайнюю і найбольш радыкальную форму пратэсту. Ён кажа, што цяпер гэта ледзьве не адзіная прымальная акцыя, якая можа займець грамадзкі розгалас. «Гэта наш своеасаблівы крык душы», – кажа сьвятар. Разам з ксяндзом Аляксандрам Шэметам 1 сьнежня пост-галадоўку маюць пачаць яшчэ некалькі дзясяткаў вернікаў. Яны галадацьмуць у будынку парафіяльнай капліцы.

Паводле словаў Аляксандра Шэмета, раней парафіянам не хацелася выносіць сьмецьця з хаты, але цяпер гэта стала неабходнасьцю.

Айцец Шэмет кажа, што на пост-галадоўку іх натхніла падобная акцыя менскіх пратэстантаў. «Дзякуй пратэстантам, што яны далі нам мужнасьці, мы штодня падчас іхняй акцыі пратэсту маліліся за галадоўнікаў».

Пакуль невядомая рэакцыя на гэтыя падзеі Гарадзенскай епархіі. Маўчыць пра гарадзенскія падзеі і галоўны каталіцкі партал Беларусі www.catholic.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0