У Горадні пачалася пост-галадоўка вернікаў парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі, Маці міласэрнасьці. Ад 00.00 1 сьнежня акцыю распачалі 12 верніц (найстарэйшай зь якіх 79 гадоў, а наймаладзейшай – 34) і пробашч Аляксандар Шэмет. Галадоўка праходзіць у драўлянай капліцы, дзе штодня зьбіраюцца на набажэнствы вернікі. Галадоўнікі дамагаюцца, каб гарадзкія ўлады далі пісьмовы дазвол на пабудову храму, якога парафіяне ня могуць атрымаць дзесяць гадоў.

Айцец Шэмет кажа: «Першапачаткова думаў, што гэтую акцыю падтрымаюць толькі чацьвёра парафіянак, але пасьля ранішняй імшы ўбачыў, што верніц засталося нашмат болей. Я запытаўся, ці засталіся яны памаліцца, ці зь іншай патрэбы. Адказалі, што таксама будуць пасьціцца». Галадоўнікі не зьбіраюцца ўжываць нічога апроч вады. Айцец Аляксандар перакананы, што колькасьць удзельнікаў галадоўкі будзе расьці з кожным днём.

«У мяне ня самая маленькая парафія, яна налічвае больш за 8 тысячаў чалавек, таму чакаем новых людзей, што падтрымаюць нас, – кажа ксёндз Шэмет. – Старэйшыя людзі няхай пратрымаюцца тры дні, іншыя пяць, я, як маладзейшы, буду галадаць болей, колькі Бог дазволіць. Нічога кепскага зь людзьмі ня здарыцца, бо яны будуць пастаянна знаходзіцца пад маім пільным кантролем».

Вернікі разам з ксяндзом ня будуць начаваць у капліцы, бо там няма належным умоваў, а будуць увечары вяртацца дадому. «Сёньня раніцай прыходзіў да нас нейкі «гэбіст», штодня ля капліцы дзяжурыць нейкая машына, – гаворыць Аляксандар Шэмет. – Учора прыходзіла журналістка зь мясцовай газэты «Пэрспэктыва», пыталася, нашто я даю зьвесткі пра галадоўку апазыцыйным выданьнем. Адказваю, што для мяне няма розьніцы між дзяржаўнымі і недзяржаўнымі, а адказваю тым, хто выказвае цікавасьць да нашага пратэсту. Я не раблю з галадоўкі палітычную акцыю, і журналісты, дзякуй ім за гэта, усё разумеюць».

Айцец Шэмет кажа, што ў Горадню да іх бліжэйшым часам мусяць завітаць дэлегацыя вернікаў менскай царквы «Новае жыцьцё», якія таксама былі трымалі пост-галадоўку.

?

Што думаюць пра пост-галадоўку сьвятара Аляксандра Шэмета і ягоных парафіянаў каталіцкія, пратэстанцкія і ўніяцкія сьвятары, каталіцкія інтэлектуалы і інтэлігенцыя? Пры якіх умовах гэтая акцыя пратэсту можа даць плён?

Ксёндз Дзьмітры Барыла, Ракаў: «На маю думку, такія акцыі, якую мае распачаць Аляксандар Шэмет, мусяць праходзіць толькі з дазволу біскупа, посьпех гэтай пост-галадоўкі і будзе ў першую чаргу залежаць ад таго, ці падтрымае яе вярхоўнае каталіцкае духавенства. Што да мяне, то я лічу, што галадоўка – гэта не зусім тая форма барацьбы, дзякуючы якой у нашай краіне можна чагось дамагчыся. Як падаецца мне, то найбольш дзейснымі былі б малітоўныя акцыі. Трэба маліцца, каб паказаць гэтую несправядлівасьць. Малітоўныя акцыі мусяць быць ня толькі ў Горадні, але і па ўсёй Беларусі, толькі тады мы зможам прабіць усе горы і сьвядомасьць людзей».

Ксёндз Вячаслаў Барок, Расоны: «Я добра ведаю, што такое ў нашай краіне атрымаць дазвол на пабудову храму, бо сам пяць гадоў дамагаўся гэтага ў Расонах. Таму я разумею а.Аляксандра. Калі ў яго няма іншага выйсьця, то я цалкам падтрымліваю яго. Абяцаю, што з майго боку будзе аказана малітоўная падтрымка. Веру ў тое, што гэты гарадзенскі пост дасьць плён і гарадзкія ўлады ўрэшце дадуць дазвол на пабудову касьцёла. Таму заахвочваю гарадзенскіх парафіянаў падтрымаць у гэтай пост-галадоўцы свайго пробашча. На мой погляд, і такая форма пратэсту мае права на жыцьцё».

Ірына Жарнасек, пісьменьніца: «Некалі ў «Прыватным дзёньніку» для радыё «Свабода» я пісала, што галадоўка цяпер – гэта своеасаблівая прыкмета часу. Страшная, хачу адзначыць, прыкмета. Людзі ня маюць іншага мэтаду, каб іх пачулі, скажам, праз газэту ці вуліцу, таму застаюцца адны галадоўкі. Я захапляюся гэтым мужным крокам, на які гатовы ісьці айцец Шэмет, ён хоча, каб ягоны голас пачулі. Не бяруся пакуль прадказваць, чым можа скончыцца і які вынік мець гэтая пост-галадоўка».

Пётра Рудкоўскі, манах-дамініканец, філёзаф: «Гэта досыць цікавы выпадак, бо ўпершыню ў гісторыі беларускага Касьцёлу нехта са сьвятароў наважваецца на такі неардынарны крок. Гэта прэцэдэнт, які ўражвае сваёй адвагай. Пратэстны крок Аляксандра Шэмета, пэўна, мае сур’ёзныя падставы. Калі сьвятар гатовы ісьці на такое, то відавочна, што ён мае справу з пэўнай несправядлівасьцю. Нешта сапраўды ня так, калі вернікі адважыліся на пост-галадоўку. Ня думаю, што ўчынак Шэмета ідзе ўразрэз з пазыцыяй гарадзенскага біскупа, аднак мяркую, што ён мог не чакаць такога спрыту ад сьвятара і цяпер знаходзіцца ў пэўнай разгубленасьці. На 60–70% я ўпэўнены, што пост-галадоўка мусіць прынесьці посьпех. Што будзе далей, я не бяруся казаць».

Ксёндз Кшыштаф Мікалайчык, Глыбокае: «Калі сьвятар хоча пайсьці на такі крок, то ён мае на гэта права. Ці дасьць гэтая пост-галадоўка нейкі плён – тут усё залежыць ад волі Божай».

Міхаіл Ермашкевіч, манах-дамініканец: «Бываюць такія выпадкі, калі іншых шляхоў для вырашэньня справы няма, тады варта ісьці на такі крок. У Бога ўсё магчыма, таму пры згодзе і салідарнасьці вернікаў пост-галадоўка а.Аляксандра Шэмета можа быць пасьпяховая».

Айцец Андрэй Сідаровіч, Росіца: «Галадоўка вернікаў царквы «Новае жыцьцё» ў Менску даказала, што і такім спосабам можна дамагацца, каб паважаліся правы вернікаў. Таму я лічу такі сродак жыцьцяздольным. Патрэбная толькі вялікая салідарнасьць усіх нас, каб дамагчыся мэты, бо па адным зрабіць нешта будзе вельмі цяжка».

Вячаслаў Ганчарэнка, пастар менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё»: «Тое, што пост-галадоўкі пачынаюць пашырацца сярод вернікаў, сьведчыць пра шматгадовы канфлікт між уладамі і рэлігійнымі суполкамі, які найперш ляжыць у законе аб свабодзе сумленьня. Сёньня насьпеў час унесьці зьмену ў той закон. Посьпех галадоўкі каталікоў будзе залежыць ад таго, наколькі адзінай будзе афіцыйная пазыцыя касьцёлу, а таксама наколькі пра гэты крок адчаю стане вядома ў краіне і ў сьвеце. Наша царква бліжэйшым часам накіруе ліст падтрымкі айцу Аляксандру і ягоным парафіянам».

Яшчэ адна рэлігійная парафія абвесьціла, што бліжэйшым часам распачне пост-галадоўку. Сьледам за вернікамі зь менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» пра такую акцыю пратэсту заявіў пробашч каталіцкай парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі, Маці міласэрнасьці Аляксандар Шэмет.

?

Нагадаем, у пятніцу 24 лістапада з раніцы група вернікаў, якая налічвала больш за сто чалавек, накіравалася ў Гарадзенскі аблвыканкам. Вось ужо дзесяць гадоў гарадзкія ўлады не даюць дазволу на будаўніцтва касьцёлу.

Пра сваю акцыю каталікі заявілі яшчэ ў панядзелак, таму іх ужо чакаў старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка і прадстаўнікі мясцовых уладаў.

Паводле словаў айца Аляксандра Шэмета, Саўчанка заявіў, што некаторыя вернікі абкрадаюць касьцёлы, і таму іх будаўніцтва ідзе так марудна. «Гэта адкрытае абвінавачваньне ў тым, што мы махляры і злодзеі, – кажа Аляксандар Шэмет. – Пасьля Саўчанка пачаў гаварыць пра тое, што вы ж самі ведаеце, што некаторыя каталіцкія сьвятары нагнятаюць палітычную сытуацыю ў краіне. Я вельмі шкадую, што ня ўзяў дыктафона, каб запісаць гэтыя выказваньні чыноўніка. Але гэта чулі людзі, які прыйшлі разам са мной. Пасьля такіх словаў я не пачаў спрачацца, а проста прапанаваў усім вернікам сысьці з будынку. Тады Саўчанка пачаў у нашыя сьпіны крычэць, што дазваляе будаўніцтва храму. Людзі ўзрадаваліся, пачуўшы такія словы, але я сказаў, што словы застаюцца толькі словамі, а нам патрэбен пісьмовы дазвол».

У радзе ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Гарадзенскага аблвыканкаму кажуць, што гэта была сплянаваная правакацыя а.Аляксандра Шэмета, які «ня ёсьць такім ужо рупліўцам за рэлігію і людзей, якім хоча падацца. Гэты чалавек у свой час быў двойчы пакараны штрафам за тое, што незаконна зачыніў брамы на могілках у вёсцы Адамовічы і не дазволіў тамака хаваць чалавека, а пазьней за тое, што парушыў правілы знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі замежнага сьвятара», – сказаў супрацоўнік рады Мікалай Пацярухін.

Сам айцец Аляксандар кажа, што ў той дзень, калі зачынілі могілкавыя брамы, ён увогуле адсутнічаў у Адамовічах. Шэмет не адмаўляе, што да яго ў госьці насамрэч прыяжджаў ксёндз з Польшчы Юзаф Грэцкі, але адмаўляецца прызнаць сваю віну. «Мяне сапраўды пакаралі штрафам, у мяне быў выбар, каб яго не плаціць, але я заплаціў, сказаўшы, што гэта пойдзе тым, хто мяне пакараў, на лекі», – сказаў кс.Аляксандар.

Зрэшты, якое дачыненьне эта мае да будаўніцтва храму? Але такім чынам Гарадзенскі аблвыканкам спрабуе апраўдаць тое, што на працягу дзесяці гадоў не дае дазволу на будаўніцтва.

Прадстаўнік гарадзенскай курыі ксёндз-канцлер Антоні Ханька камэнтаваць падзеі адмовіўся: «Я яшчэ да канца не разабраўся ў гэтай сытуацыі, бо ў час, калі сваю акцыю праводзіў Аляксандар Шэмет, адсутнічаў у Горадні, таму пакуль не сьпяшаюся даваць ніякіх камэнтароў».

Ксёндз Шэмет не ўважае пост-галадоўку за крайнюю форму пратэсту. Ён кажа, што цяпер гэта ледзьве не адзіная акцыя, якая можа займець грамадзкі розгалас. «Гэта наш своеасаблівы крык душы», – кажа сьвятар. Разам з ксяндзом Аляксандрам Шэметам 1 сьнежня пост-галадоўку маюць пачаць яшчэ некалькі дзясяткаў вернікаў. Яны галадацьмуць у будынку парафіяльнай капліцы.

Паводле словаў А.Шэмета, раней парафіянам не хацелася выносіць сьмецьця з хаты, але цяпер гэта стала неабходнасьцю.

Айцец Шэмет кажа, што на пост-галадоўку іх натхніла падобная акцыя менскіх пратэстантаў. «Дзякуй пратэстантам, што яны далі нам мужнасьці, мы штодня падчас іхняй акцыі пратэсту маліліся за галадоўнікаў».

Пра гарадзенскую акцыю пратэсту вернікаў не паведамілі дзяржаўныя СМІ. Маўчыць пра гэтыя падзеі і галоўны каталіцкі партал Беларусі catholic.by.

Тым часам Аляксандар Шэмет у аўторак пацьвердзіў, што не зьбіраецца адмаўляцца ад галадоўкі. «А што нам яшчэ застаецца? – пытаецца ён. – Гарадзкія ўлады думалі, што мы крыху папратэстуем і супакоімся, але, як казаў Ісус Хрыстос, супакою ня будзе ніколі. Мы пойдзем да апошняга, пакуль маем сілы нешта яшчэ зрабіць».

Ня так даўно галадалі вернікі-пратэстанты, цяпер чарга за каталікамі. Працягваецца цкаваньне актывістаў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Прапагандысцкі штамп уладаў, што ў Беларусі пераадоленыя ўсе сацыяльныя, рэлігійныя і нацыянальныя канфлікты, выглядае цяпер зусім не адпаведным.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?